№40 5.10.2015
У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі 24-25 верасня прайшла Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя гандлю на тэрыторыі Беларусі», якая была арганізавана сумесна з эканамічным факультэтам БДУ і Польскім Інстытутам у Мінску.
Гэтае мерапрыемства задумвалася яшчэ некалькі год таму, але з розных прычын рэалізаваць ідэю правядзення навуковага форуму, прысвечанага важнай праблеме эканамічнага развіцця − гандлю, атрымалася толькі цяпер.
У апошні час у гістарычнай навуцы назіралася зніжэнне зацікаўленасці даследчыкаў да праблематыкі гаспадарчай гісторыі ў параўнанні, напрыклад, з ваеннай ці палітычнай, альбо гісторыяй культуры. Аднак вядома, што і палітычныя, і сацыяльныя дасягненні, росквіт культуры і нават сам лад грамадскага жыцця залежаць ад эканамічнага становішча як дзяржавы, так і асобнага грамадзяніна. Таму гісторыя развіцця эканомікі ў той ці іншы перыяд становіцца базавым падмуркам для вывучэння іншых кірункаў, праблем і пытанняў. У сувязі з вышэйзгаданым актуальнасць вывучэння гісторыі гандлю, умоў яго развіцця, станаўлення лакальнага і міждзяржаўнага рынкаў, антрапалагічныя, сацыялагічныя аспекты яго функцыянавання толькі павышаецца.
У рабоце канферэнцыі прыняло ўдзел каля 70 чалавек з розных навуковых і навучальных устаноў Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі. З прывітальнымі словамі выступілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Ул.Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў А.Каваленя, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.Даніловіч, дэкан эканамічнага факультэта БДУ М.Кавалёў, ад імя дырэктара Польскага Інстытута ў Мінску А.Гарадэцкі.
Падчас працы дзвюх секцый з дакладамі, прысвечанымі розным аспектам гандлю, функцыянавання падатковай, мытнай, фінансавай сістэм, выступілі не толькі гісторыкі але і археолагі, нумізматы, мастацтвазнаўцы, эканамісты, якія прадставілі вонкавыя праявы развіцця гандлю на беларускіх землях. Плённыя дыскусіі, што суправаджалі кожнае пасяджэнне секцый, дазволілі выявіць не толькі ўзровень вывучанасці праблематыкі канферэнцыі, але іўдакладніць напрамкі будучых даследаванняў. Асаблівую цікавасць выклікалі даклады пскоўскіх даследчыкаў А.Салміной, С.Салміна, Р.Падгорскай пра даследаванне Новага Торга Пскова XVI-XVIІІ стст., І.Кітуркі, якая на падставе адной крымінальнай справы паказала праблемы арганізацыі мытнай службы ВКЛ у другой палове XVIІІ ст., даклад Т.Вароніч, прысвечананы праблеме фальсіфікацыі тавараў, А.Літвіна, І.Варанковай, якія асвяцілі праблемы функцыянавання розных форм гандлю падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Па выніках канферэнцыі было вырашана звярнуцца з прапановамі да ўладаў Рыгі ўстанавіць мемарыяльную дошку на месцы г.зв. «рускага двара» як сімвала цесных гандлёвых сувязяў паміж землямі Балтыі і Беларусі, распачаць працу над шэрагам інавацыйных праектаў, прысвечаных гісторыі развіцця фінансавай сістэмы Беларусі, гісторыі грошай.
Вынікі як самой канферэнцыі, так і даследаванняў па праблематыцы гісторыі гандлю, падаюцца карыснымі не толькі для прафесійных гісторыкаў, але і сучасных вытворцаў, менеджараў і маркетолагаў, каб хутка асвойваць новыя рынкі збыту.
Анастасія СКЕП’ЯН,
старшы навуковы супрацоўнік
аддзела гісторыі Беларусі
сярэдніх вякоў і новага часу
Інстытута гісторыі НАН Беларусі