1.02.2022 №5
Праект этнафіласофскіх даследаванняў Інстытута філасофіі ўвайшоў у топ-10 НАН Беларусі..
Этнафіласофія – маладая навука, хаця даследуе народныя ўяўленні пра свет, якія маглі нарадзіцца ў глыбокай старажытнасці. Плёнам працы стала кніга «Трошкі бліжэй да сонца, трошкі далей ад месяца. Беларуская народная філасофія», якая пабачыла свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука» ў 2021 годзе.
Выкананае даследаванне мела дзве мэты. Найперш, выявіць асноўныя элементы беларускай традыцыйнай анталогіі, яе светапоглядных, кагнітыўных і аксіялагічных падстаў, якія ляжаць у падмурку ўсяго комплексу народных ведаў пра сусвет, прыроду, чалавека і грамадства. Другою мэтаю было выпрацаваць адпаведны тэарэтыка-метадалагічны інструментарый, які дазваляў бы праводзіць такую эксплікацыю.
Этнафіласофія даследуе спосабы катэгарызацыі і канцэптуалізацыі з’яў навакольнага свету, уласцівых пэўнай лакальнай супольнасці, выражаныя мовай самой гэтай супольнасці. У праведзеным даследаванні метады, выпрацаваныя ў гэтым кірунку культурнай антрапалогіі, а таксама метады філасофскай герменеўтыкі, семіётыкі культуры і кампаратыўнай інтэлектуальнай гісторыі былі дастасаваны да рэканструкцыі светапогляду традыцыйнай беларускай супольнасці. Гэта было зроблена на аснове аналізу шматлікіх апублікаваных і архіўных фальклорных крыніц, назапашаных за больш як два стагоддзі даследаванняў фалькларыстаў, лінгвістаў і этнолагаў. У ходзе выканання праекта створана тэматычна арганізаваная і сістэматызаваная база дадзеных, якая працягвае папаўняцца.
Значная ўвага была нададзена ўзнаўленню беларускай этнакасмагоніі – уяўленням пра паходжанне ўсяго існага, якое захавалася ў шматлікіх касмаганічных паданнях. Кампаратыўны аналіз паказаў, што многія рысы гэтых уяўленняў блізкія тым, што захаваліся ў пісьмовых помніках Старажытных Індыі і Грэцыі, якія ляглі ў падмурак арыгінальных філасофскіх канцэпцый гэтых краін. Часавая і прасторавая адлегласць беларускай культуры ад згаданых культур практычна выключае магчымасць запазычання або інфільтрацыі касмаганічных ідэй і, такім чынам, паказваюць адносную старажытнасць беларускай этнакасмагоніі.
Былі рэканструяваны ключавыя ўяўленні беларусаў пра будову і функцыянаванне сусвету (этнакасмалогія) у яго вертыкальнай і гарызантальнай праекцыі, а таксама асаблівасці структуравання сакральнай прасторы і часу (этнатэалогія), якія выражаліся ў наданні адмысловага семіятычнага статусу пэўным мясцінам або аб’ектам ландшафту і пэўным момантам часу. Вызначана ключавая роля ўсёй шматмернай сферы сакральнага і Бога як яе асноўнай персаніфікацыі ва ўяўленнях пра светабудову, структурныя і мадальныя ўзаемаадносіны яе розных элементаў, а таксама месца ў ёй чалавека і супольнасці.
Асаблівая ўвага была нададзена этнаэпістэмалогіі ‒ даследаванню асаблівасцей арганізацыі сістэм народных ведаў, уяўленняў пра значэнне розуму, пазнання, навучання для падтрымання інтэлектуальнай устойлівасці супольнасці. Таксама даследаваны комплекс народных уяўленняў пра месца і ролю супольнасці ў сусвеце і чалавечым жыцці (этнасацыялогія), патэрны сацыяльных адносін і сацыяльныя паводзіны, сацыяльныя прычыны і наступствы паводзін і ўчынкаў індывіда – у шырокім спектры ўзаемадзеянняў, на адным краі якога знаходзяцца базавыя канцэпты «сваё» і «чужое», а на другім – суадносіны паняццяў «радзіма», «краіна», «дзяржава». У гэтым аспекце сацыяльныя інтэракцыі фарміруюць цэласнае грамадства і адначасова самі фарміруюцца грамадствам і працэсамі, якія яго захоўваюць і трансфармуюць, абапіраючыся на зазвычай няпісаныя, але неаспрэчныя законы. Гэтыя законы кіруюць працэсамі ўзаемадзеяння ўсіх элементаў грамадства, уключна з міжкласавымі, міжузроставымі і міжполавымі стасункамі, адносінамі ўнутры сям’і, роду і г.д.
У праекце значная ўвага нададзена каштоўнаснаму складніку беларускай традыцыйнай карціны свету (этнааксіялогія) – прыродзе, характарыстыкам і мадальнасці каштоўнасцей, іх іерархіі і ўзаемаадносінам. Даследаванне каштоўнасцей ‒ фундаментальнае для разумення індывідуальных і калектыўных матывацый, выбараў, прыярытэтаў. Каштоўнаснасць і ацэначнасць працуюць ва ўсіх сферах чалавечага мыслення, светабачання і практыкі – маральнай, эстэтычнай, эканамічнай, паводзіннай і інш. Разуменне, што ёсць або не ёсць добрым, важным і, адпаведна, пажаданым, а таксама паняцце правільнасці-няправільнасці яднаюць супольнасць і, па сутнасці, вызначаюць прыналежнасць да яе.
Выкананае даследаванне – гэта першая не толькі ў Беларусі ці нават у рэгіёне, а і ва ўсёй еўрапейскай (і шырэй – заходняй) навуцы спроба даследавання этнафіласофіі народа, належнага да еўрапейскай культуры. Гэта першы плён «прачытання» беларускай народнай традыцыі светамыслення як інтэлектуальнай перадгісторыі Беларусі і беларускага народа на аснове цэласнай рэканструкцыі яго аўтэнтычнага светабачання, кагнітыўных асноў, сацыяльных мадальнасцей і аксіялагічных канцэптаў. Наша праца толькі пачалася, і гэтае даследаванне, не прэтэндуючы на паўнату і вычарпальнасць, накрэслівае кірункі і абсягі наступных даследаванняў беларускай этнафіласофіі.
Ірына ДУБЯНЕЦКАЯ, Сяргей САНЬКО,
Інстытут філасофіі НАН Беларусі
Фота М. Гулякевіча, «Навука»