26.10.2021 №44

image

Кніга «Залацістыя саломкі снапкі» выйшла ў Выдавецкім доме «Беларуская навука»

Брылі, куфры, бочкі і нават галоўныя вароты іканастаса ў праваслаўным храме – са звычайнай саломы нашы продкі стваралі сапраўдныя ўзоры мастацтва. Гэтаму ўніверсальнаму прыроднаму матэрыялу прысвечана кніга «Залацістыя саломкі снапкі», якая выйшла ў Выдавецкім доме «Беларуская навука». Аўтары навінкі – вядомы міфолаг, фалькларыст, краязнавец і літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксей НЕНАДАВЕЦ і яго сын Ягор, навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Мы пацікавіліся ў Аляксея Міхайлавіча, пра што дапытлівы чытач даведаецца з новага выдання.

image

– Як выкарыстоўвалі салому ў гаспадарцы старажытныя беларусы?

– Салома мела важнае значэнне ў жыцці нашых продкаў. Яна была найпрасцейшым дахавым і будаўнічым матэрыялам, ацяпляльным рэчывам, служыла выгодным сродкам для пляцення разнастайных гаспадарчых прылад і прадметаў. З яе плялі гладышкі ці набірушкі для лясных ягад, майстравалі скрынкі як гаспадарчага прызначэння – набіраць тыя ж ягады, так і сявенькі – сеяць жыта. На саломе спалі – набівалі ёю матрацы, а калі нечакана прыяз­джалі госці і не было дзе ім паслаць, на падлогу высыпалі некалькі саламяных кулёў, якія служылі ложкам.

Мая радзіма – вёска Чухава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. У нас на Палессі ў 1920–1930 гады салому выкарыстоўвалі для будаўніцтва мазанак, накшталт украінскіх. Яе здрабнялі, змешвалі з глінай і з атрыманага матэрыялу рабілі блокі, выводзілі сцены. Такім спосабам пабудаваў хату родны брат маёй бабулі – будыніна стаіць на Піншчыне і сёння, яна ў выдатным стане.

Салому ў якасці сечкі традыцыйна дабаўлялі ў кармы хатняй жывёле. Яе разам з аўсянай мякінай запарвалі не толькі каровам ці авечкам, але і свінням: перамешвалі з бульбай – спа­дзяваліся, што такім чынам сала будзе бялейшым.

– Дзе збіралі матэрыял для кнігі?

– Ён быў назапашаны даўно. Большая частка – асабісты досвед. Выразна памятаю, як мяне, малога, мама брала з сабою на жніво. У сёмым класе школы мне даводзілася працаваць на сціртоўцы. Вельмі хораша і ўмела вырабляў з саломы разнастайныя рэчы мой бацька, які працаваў у калгасе трактарыстам. Ён быў майстравіты, з саломы плёў брылі, альбо капелюшы, рабіў вялікія балеі накшталт кошыкаў, у якія мы збіралі багаты ўраджай вішань. Дагэтуль у мяне захоўваюцца зробленыя бацькам саламяныя скрыначкі і сплецены гладыш.

У напісанні кнігі дапамаглі экспедыцыі – я ездзіў па рэспубліцы, часцей па Гомельскім і Брэсцкім Палессі. Праца змяшчае больш за 250 старонак. У ёй аналізуецца, як змяняліся адносіны вяскоўцаў да гэтага матэрыялу. Прыводзяцца шматлікія сведчанні этнографаў і фалькларыстаў, літаратараў і вяскоўцаў, звязаныя з працэсам сяўбы, жніва і малацьбы. Мае бацька і дзед перад тым як кінуць першае зерне ў зямлю абавязкова хрысціліся. Нядобразычлівыя людзі часам на зло гаспадару рабілі ў жыце завіткі ці заломы, спадзеючыся, што такім чынам нашкодзяць чалавеку. Памятаю, як мой дзед вырываў такія заломы з нашага поля. А некаторыя, каб пазбавіцца ад гэтых чар, запрашалі знахара, бо самі вырываць баяліся: верылі, што іх можа «скруціць».

– Якія ўнікальныя саламяныя вырабы з’яўляліся з-пад умелых рук сялянскіх майстроў?

image

– Напрыклад, саламяныя Царскія вароты – рэдкі артэфакт. Захаваліся такія ўзоры мастацтва з вёсак Лемяшэвічы і Дабраслаўка Пінскага раёна, якія знаходзяцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Цэнтра навуковых даследаванняў беларускай культуры і літаратуры НАН Беларусі. Іх сплялі гадоў 200 таму. Калі пабачыць гэта хараство, мяняецца ўяўленне пра салому – гэта не проста падручны матэрыял.

З саломы рабілі вялізныя бочкі для захавання збожжа – такі экзэмпляр, прывезены з паўднёвага захаду Гомельшчыны, таксама захоўваецца ў акадэмічным музеі. Для Брэсцкага Палесся характэрны саламяныя куфры ці куфэркі.

image

У нашай і ў суседняй вёсцы жылі ўмельцы, якія выпляталі высокамастацкія палукашкі з саломы на заднюю спінку воза – такому аздабленню ўсе дзівіліся. Некаторыя майстры рабілі палукашкі з лазы, але тыя былі грубаватыя, не такія прыгожыя, як з саломы. Нават пан з суседняй вёскі купіў у мужыка такі палукашак дзеля ўпрыгажэння сваёй брычкі.

Вынаходлівыя вяскоўцы плялі саламяны абутак накшталт валёнак, які надзявалі зверху на асноўныя чаравікі. Такія саламяныя боты асабліва былі зручнымі на балоце. У мароз іх аблівалі вадою, яны ледзянелі, і ўжо ні вецер, ні вада не былі для іх небяспечнымі.

У мінулыя часы з саломы здольныя людзі маглі зрабіць практычна ўсё. Існавалі свае сакрэты. Прычым салома для рукадзелля павінна быць абавязкова жытнёвай. Аўсяная, пшанічная – мяккая, яна хутка патрэцца і распадзецца. Ачышчаную ад стаўкуноў салому замочвалі ў кіпені ці запарвалі ў печы, яна станавілася бліскучага залацістага колеру, для большай надзейнасці і моцнасці будучай рэчы мой бацька пераплятаў яе распалавіненымі ўдоўж, абчасанымі лазовымі дубцамі. Нярэдка я яму дапамагаў…

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ, «Навука»

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ