27.05.2019/№21

На мінулым тыдні супрацоўнікі Музея старажытнабеларускай культуры адзначылі 40-годдзе ўстановы.
Афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі прыпадае на 15 мая 1979 года. У яе аснову былі пакладзены калекцыі, экспанаты якіх назапашваліся і выратоўваліся падчас навуковых экспедыцый па Беларусі акадэмічных этнографаў і мастацтвазнаўцаў.
«Спачатку экспанаты знаходзіліся ў памяшканнях Прэзідыума АН БССР, якія зусім для гэтага не прызначаліся, – распавядае дырэктар музея Барыс Лазука. – Ды і тэматыка будучай экспазіцыі ў часы СССР далёка не ўсіх задавальняла. Адчувалася адмоўнае стаўленне з боку партыйнага кіраўніцтва да савецкіх вучоных, якія быццам бы не павінны скіроўваць свае намаганні на апрацоўку скарбаў беларускага хрысціянскага мастацтва. Але на дапамогу лірыкам прыйшлі фізікі і ўвогуле прадстаўнікі дакладных навук, якія прапанавалі свае паслугі ў агульнай справе захавання культурных здабыткаў. Праходзілі аматарскія семінары, удзельнікі якіх нават у выхадныя ладзілі паездкі ў рэгіёны Беларусі. Асаблівую ўвагу навукоўцы надавалі абразам. Частка з іх перайшла нават у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адной значнай падзеяй стала стварэнне шматтомнага зводу помнікаў культурнай спадчыны, які планавалася сабраць па ўсяму СССР. Але сваю частку сумленна выканалі толькі беларусы. Падымаліся велізарныя пласты архіўных дадзеных, паездкі і збор матэрыялаў адбываліся на планавай аснове.
З цягам часу музей атрымаў сучасную тэрыторыю, быў створаны аддзел старажытнабеларускай культуры, які ўзначаліла Вольга Васільеўна Церашчатава. Цяпер экспазіцыя складаецца з трох асноўных залаў, дзе прадстаўлены 14 калекцый, якія агулам налічваюць каля 30 тыс. адзінак захоўвання асноўнага, навукова-дапаможнага і эксперыментальна-рэстаўрацыйнага фондаў.
На пачатку 2000-х прыйшла і ацэнка значнасці, выключнасці музея – ён атрымаў статус нацыянальнага культурнага здабытку (яго маюць толькі 13 беларускіх калекцый). А зараз ідзе сур’ёзная размова пра рэканструкцыю памяшкання (на гэта, дарэчы, ужо вылучаны немалыя грошы), наданне афіцыйнага музейнага статусу.
Разынка святкавання – выстава, на якой упершыню прадстаўлены творы мастацкага металу з фондаў музея – абклады да абразоў, царкоўныя рэчы і побытавыя прадметы XVІІІ – пачатку ХХ стагоддзя, – а таксама іконы Маці Божая «Замілаванне», Маці Божая «Чэнстахоўская», «Тайная вячэра» і інш. Прывабліваюць погляд шыкоўныя паціры, падсвечнікі, кубкі…
З экспазіцыяй азнаёміліся госці ўрачыстасцей, сярод якіх – акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і навукоўцы.
«Я шчыра ўпэўнены ў тым, што сёння ў музеі сабраліся людзі, апантаныя працай захавання нашай культурнай спадчыны. Ад гэтай апантанасці залежыць поспех нашай справы, – адзначыў А. Каваленя. – У фондах музея назапашаны каштоўныя артэфакты, у тым ліку велізарныя тэкставыя і фотаархівы. Працы па іх асэнсаванні хопіць многім пакаленням навукоўцаў. Музей – гэта сапраўдная крыніца натхнення для мастацтвазнаўцаў. Трэба не баяцца, не саромецца дэманстраваць яго багацці. Варта зрабіць музей цэнтрам рэстаўрацыйнай працы мастацкіх шэдэўраў у нашай краіне, каб да нас прыязджалі за вопытам калегі са ўсяго свету».
Сёння вельмі прыемна бачыць у музеі школьнікаў і студэнтаў, якія не толькі цікавяцца гісторыяй мастацтва, але і робяць свой невялічкі ўнёсак у справу збірання і захавання помнікаў культуры. А калі так, варта казаць пра тэндэнцыю перадачы творчай эстафеты ад сталых да маладых, пра тое, што музейная справа будзе працягвацца.
Сяргей ДУБОВІК
Фота аўтара, «Навука»