27.05.2019/№21

21 мая ў НАН Беларусі і Інстытуце гісторыі прайшла навукова-практычная канферэнцыя.
Яна была прымеркавана да Года малой радзімы і да 50-годдзя Першамайскага раёна і называлася «Першамайскі раён Мінска: гісторыя, культура, людзі».
Такая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі асобнай адміністрацыйнай адзінкі сталіцы нашай краіны, прайшла ў Мінску ўпершыню. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі НАН Беларусі, Адміністрацыя Першамайскага раёна і Першамайскае раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў. Канферэнцыя аб’яднала больш за 450 прадстаўнікоў устаноў адукацыі, культуры, арганізацый і прадпрыемстваў. Гэта людзі, якія працуюць у Першамайскім раёне, уносяць значны ўклад у павышэнне інтэлектуальнага, культурнага і інавацыйнага развіцця Мінска і Рэспублікі Беларусь у цэлым. Тут сканцэнтравана нямала інстытутаў НАН Беларусі, а будынак яе Прэзідыума займае цэнтральнае месца на гербе раёна.

Яшчэ да адкрыцця канферэнцыі яе ўдзельнікі пазнаёміліся з выставай прадукцыі ААТ «Прыборабудаўнічы завод Аптрон», фотавыставай Першамайскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў «Цудоўны Першамай», кніжнымі выставамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, выставачнай экспазіцыяй упраўлення па адукацыі «Першамайскі раён: традыцыі і сучаснасць», выставай жывапісных работ навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.Г. Глебава «З любоўю да роднага краю!».
Адкрыў працу канферэнцыі дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч. З прывітальным словам выступіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, які падкрэсліў, што «Першамайскі раён – гэта месца высокай канцэнтрацыі творчых ідэй, навейшых ведаў і высокіх тэхналогій». Прывіталі ўдзельнікаў канферэнцыі кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Ігар Кудрэвіч і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Максім Місько.
Важным этапам канферэнцыі стала цырымонія ўзнагароджання. Граматамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі за ўклад у вывучэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны адзначаны шэраг арганізацый Першамайскага раёна. Акадэмік-сакратар Аддзялення Аляксандр Каваленя ўручыў таксама пасведчанні лаўрэатаў прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. І. Кудрэвіч узнагародзіў дыпломамі пераможцаў алімпіяднага руху 2018/2019 навучальнага года.
У сваім дакладзе ён распавёў пра сучасныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Першамайскага раёна, важнейшыя дасягненні і перспектывы. З дакладамі, прысвечанымі гісторыі і сучаснасці раёна выступілі вучоныя Інстытута гісторыі (В. Лакіза, А. Доўнар, І. Варанкова) і Музея Якуба Коласа (А. Трафімчык). Вельмі важна, што аб выніках сваіх даследаванняў, прысвечаных гісторыі малой радзімы, распавялі і навучэнцы сталічных гімназій № 9 і № 38.
Канферэнцыя працягнула працу ў Інстытуце гісторыі. На двух секцыях былі прадстаўлены даклады, тэматыка якія ахапіла аду-кацыйную прастору, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё, стан прамысловасці Першамайскага раёна.
На заканчэнне работы канферэнцыі ўдзельнікам было прапанавана наведаць музей гісторыі НАН Беларусі, археалагічную навукова-музейную экспазіцыю Інстытута гісторыі, музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, вучэбна-выставачны павільён кафедры «Сельскагаспадарчыя машыны» Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Вадзім ЛАКІЗА, намеснік дырэктара па навуковай рабоце
Алена ТРУБЧЫК, старшыня савета маладых вучоных
Інстытут гісторыі НАН Беларусі