04.03.2019/№10

У канцы мінулага года пабачыў свет зборнік вершаў супрацоўнікаў НАН Беларусі «Зямлі, навекі блаславёнай».
Яго ўкладальнікам і рэдактарам стаў Валеры Максімовіч. Кніга падрыхтавана з нагоды святкавання леташніх Года малой радзімы і 90-годдзя з дня ўтварэння НАН Беларусі. Чаму ж менавіта гэтая кніга павінна знайсці сваё месца на вашай паліцы?
Адкрывае зборнік лірыка літаратуразнаўца Алеся Бараноўскага, які родам з Гомельшчыны. Радзіма ў яго «блакітная, жытнёвая, / Як сон-трава, вясновая. / Ласкавая, сардэчная, / Імгненная і вечная. / Матуляй песня спетая, / Цяплом надзей сагрэтая. / Бы сонейка, лагодная, / Адзіная і родная».
Літаратуразнаўца Таццяна Барысюк, народжаная ў Мінску, стварае свой гімн «Мой краю…», у якім апявае нашы азёры, лясы, папараць-кветку, рамонкі, валошкі, зуброў і буслоў, а таксама беларускую мінуўшчыну. У вершах яна шануе продкаў, прызнаецца ў любові сынам. Праз сэрца праходзіць сувязь двух родаў – бацькоўскага з вёскі Каты Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці і мацярынскага з вёскі Кайкава Мінскай вобласці.
Фізік Генадзь Броўка, родам з Ушаччыны, згадвае лета з чарніцамі, суніцамі, часам сенакосу. Малюе карціну беларускага асенняга балота, з соснамі і бярозамі, пахкім багуном і журавінамі. Восень для аўтара – гэта крыкі журавоў і ягады каліны. Зімовыя ўспаміны Г. Броўкі звязаны з заснежаным лесам. Вясной лірычны герой просіць не паляваць на жоўнаў. Аўтар згадвае аднавяскоўцаў, якія працавалі, святкавалі хрэсьбіны і вяселлі, а цяпер ляжаць на могілках. Вёска вымірае, бо дзеці перасяляюцца ў іншыя месцы.
Для літаратуразнаўцы Яўгена Гарадніцкага родны кут – гэта аграгарадок Ракаў на Валожыншчыне, дзе бярозы і рэкі, дзе жылі сваякі. Падчас паездкі на радзіму Аляксея Пысіна прырода нагадвала лірычнаму герою пра гэтага творцу.
Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, нарадзіўся ў в. Батвінава Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. Яго лірычны герой любіць вёску за звонкія ручаі, расістую траву, калодзежную ваду, вішнёвыя сады, жытнёвы хлеб і сумныя песні. У творы «Вось такі ён, беларус (і жартам, і ўсур’ёз)» аўтар гаворыць пра мудрасць, працавітасць, гасціннасць, дабрыню, цярплівасць і прыгажосць нашага народа.
Археолаг Анастасія Касцюкевіч, якая родам з Віцебска, згадвае продкаў-віцязяў, распавядае пра лепельскага Змея, закаханага ў дзяўчыну, пра знойдзены ў кургане бранзалет, пра варажскі меч і канька-амулет ХІ–ХІІ стст. у музеі і інш. рэчы.
Аб’ектам вывучэння біёлага, ураджэнца Стаўбцоўшчыны Анатоля Кулака з’яўляюцца насякомыя. Таму яго вершы прысвечаны апісанню жыцця камароў і матылькоў.
Літаратуразнаўца і філосаф Валеры Максімовіч, што родам з Лагойшчыны, прызнаецца ў любові роднай мове, у якой гучаць кветкі і крыніцы. Апісвае жахлівае забойства свайго дзеда К.А. Дубаневіча ў Курапатах 5 кастрычніка 1938 года. Гаворыць пра горкі лёс бабулі А.А. Дубаневіч, якая не дачакалася сына з вайны.
Родны Барысаў натхняе і літаратуразнаўцу Таццяну Мацюхіну. Яе лірычная гераіня згадвае падораны бабуляй грабеньчык, жытнёвы колас і васількі, рабіну і ажыны, вясёлкавы гром.
Свае Мінскія і Менскія санеты Серж Мінскевіч стварыў з алюзіяй на «Крымскія санеты» Адама Міцкевіча.
Одай мамам можна назваць верш «Искра во Вселенной» брэстчанкі Раісы Паўлючук. Асацыятыўная сувязь паміж водбліскамі памяці і пратуберанцаў тлумачыцца яе цікавасцю да касмічных з’яў.
Філосаф Эдуард Сарока, што родам са Шклоўшчыны, выказвае ідэю высокай натхняльнай моцы каханага чалавека і неабходнасці для сучаснікаў жыць па хрысціянскіх запаветах.
Лірычны герой літаратуразнаўцы Анатоля Трафімчыка спілаваў стары сад і паехаў шукаць долі ў горад, але там адчувае сябе лішнім. Родная Брэстчына для яго слаўная гісторыяй і прыгожымі краявідамі.
Акадэмік Іван Шэйко любуецца прыродай роднай Клеччыны, з яе садамі і палямі, адчувае душэўную еднасць з землякамі. Яго лірычны герой згадвае маленства ў вёсцы, брата з сястрою, буслоў і сады, сумуе па матчыным цяпле.
Прачытаўшы гэту кнігу, можна зразумець, што беларуская зямля багатая на таленты, што многія вучоныя апантаны мастацкім словам, што навука ўзбагачаецца паэзіяй, а паэзія – навукай. Гэта два бакі аднаго працэса спасціжэння свету і чалавека.
Таццяна БАРЫСЮК