26.12.2017/№52

Да 80-годдзя акадэміка Уладзіміра ГНІЛАМЕДАВА
26 снежня спаўняецца 80 гадоў выдатнаму беларускаму пісьменніку і літаратуразнаўцу, акадэміку НАН Беларусі Уладзіміру Гніламедаву.
Нарадзіўся Уладзімір Васільевіч у вёсцы Кругель Камянецкага раёна ў сялянскай сям’і. Закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна (1959). Служыў у Савецкай Арміі, знаходзіўся на педагагічнай працы. Пасля закончыў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1965) і быў залічаны яго навуковым супрацоўнікам. Пазней працаваў інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1969–1976), намеснікам дырэктара (1976–1997) і дырэктарам (1997–2006) інстытута. Сёння ён – галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Сфера навуковых даследаванняў акадэміка Гніламедава – гісторыя, тэорыя і метадалогія беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі. Ён з’яўляецца аўтарам больш за 1000 літаратуразнаўчых работ. Яны прысвечаны вывучэнню складаных праблем гісторыі беларускай нацыянальнай літаратуры і ўражваюць багаццем факталагічнага зместу, смеласцю і арыгінальнасцю тэарэтыка-метадалагічнага мыслення, аналітычным асэнсаваннем ідэйна-мастацкіх з’яў, падкрэсленай важкасцю ацэнак і заключэнняў.
У.Гніламедаў – аўтар раманаў «Уліс з Прускі» (2006), «Расія» (2007), «Вяртанне» (2008), «Валошкі на мяжы» (2014), «Вайна» (2014) і іншых, у якіх выявіў гісторыю жыцця беларускага народа на скразняках самага складанага і супярэчлівага ХХ стагоддзя – стагоддзя рэвалюцый і войнаў, шматлікіх грамадска-сацыяльных катаклізмаў, змен і пераўтварэнняў.
У.Гніламедаў з’яўляецца лаўрэатам прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Уладзіміра Калесніка (1996), прэміі НАН Беларусі (2005). Ён узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.
***
У.Гніламедаў – надзвычай цікавая, самабытная, харызматычная і каларытная асоба на ніве айчыннай гуманітарыстыкі і культуры. «Маральны прынцып падказвае мне: не рабі іншаму чагосьці такога, чаго не пажадаў бы сабе. Гэта важна, цераз гэты прынцып пераступаць нельга, – адзначае сам Уладзімір Васільевіч і працягвае: – Эмацыйны свет чалавека складаецца, як вядома, са станоўчых эмоцый і адмоўных. Адмоўныя – гэта шматстайныя эмоцыі насілля ці дэпрэсіі: эгаізм, жаласлівасць да сябе, гнеў, падазронасць, баязлівасць, страх, злосць, зайздрасць, раздражняльнасць, прыкрасць, сум, маркота, недавер, рэўнасць, жорсткасць і інш.
Адмоўныя эмоцыі – прыкмета слабасці чалавека, дурнога нораву і няздольнасці трымаць пры сабе свае крыўды. Трэба супрацьстаяць ім. Адмоўныя эмоцыі адыгрываюць у нашым жыцці жахлівую ролю – разбуральную. Аніякай карысці ад іх. Яны не дапамагаюць нам арыентавацца, не даюць аніякіх ведаў, не накіроўваюць нас колькі-небудзь разумным чынам. Наадварот, атручваюць асалоду ад жыцця, робяць яго цяжкай ношай і вельмі ўпірліва стаяць на шляху нашага магчымага развіцця.
Прыгадаю таксама тры варламаўскія запаведзі: «не вер, не бойся, не прасі». Добра сказана! Чалавек павінен кантраляваць свае думкі і ўчынкі, надаваць ім канструктыўны напрамак.
Калісьці я назваў зборнік сваіх літаратурна-крытычных артыкулаў «Як само жыццё». Падказаў Алесь Разанаў, ён быў рэдактарам зборніка і заўважыў мой ідэйна-эстэтычны прынцып, заарыентаваны на повязь з жыццём як крыніцай майго метаду і светапогляду. Я не лічу, што паэтыка паказу жыцця «ў формах жыцця» цяпер «адпачывае», што прызнаюцца толькі ўмоўныя формы. Арсенал рэалізму багаты на выяўленчыя формы і сродкі».
Цікавы і погляд акадэміка на развіццё сучаснай літаратуры: «У ёй няма безумоўных аўтарытэтаў. Можа, гэта і добра. Я за літаратуру, якая дапамагае асэнсаваць рэальнасць. Нялёгка сёння быць пісьменнікам, бо ў жыцці і ў мастацтве адбываецца рэлятывацыя Дабра і Зла – іх неадрозненне, змяшэнне і, урэшце, апраўданне. Чалавек, жадаючы дабра, творыць зло. Што такое гуманізм? Адказаць на гэтае пытанне асабліва не проста. А пісьменнік па вызначэнні павінен адказваць і адказаць. З гэтым пытаннем звязана яго грамадская прырода.
Работа – найлепшы спосаб мець асалоду ад жыцця, але шмат залежыць таксама ад збегу абставін. Навуковая парадыгма зараз паступова мяняецца. Літаратурную навуку рухае наперад новае пакаленне, звязанае з новымі павевамі часу, з новымі дзяржаўнымі задачамі.
У сучасных умовах чалавеку цяжка, і найважнейшым сродкам выратавання асобы становіцца далучэнне яе да вытокаў роднай культуры, разуменне небяспекі страты культурнай ідэнтычнасці, крытычныя адносіны да глабалізацыі.
Чалавек адказны за лёс Радзімы, яе культуры».
Мікола МІКУЛІЧ, кандыдат філалагічных навук