16.10.2017/№42

У Слуцку адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч».
13 кастрычніка споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння Эдварда Адама Вайніловіча (1847–1928). Яго жыццё і дзейнасць цесна звязаны са Слуцкам і Слуцкім краем.
Ён вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі, з’яўляўся ганаровым суддзёй Слуцкага павета, узначальваў Слуцкае таварыства дабрачыннасці. Э.Вайніловіч быў арганізатарам сельскагаспадарчых выстаў у Слуцку. Спадчына, якую пакінуў Э.Вайніловіч у беларускай гісторыі, надзвычай шматгранная. Ён стварыў першакласную сістэму гаспадарання на зямлі, падтрымліваў касцёл і царкву, дапамагаў справе развіцця беларускай мовы і культуры.
З нагоды яго юбілею ў Слуцку адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч». Яе арганізатарамі супольна выступілі Слуцкі райвыканкам, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Рыма-каталіцкі касцёл у Беларусі і БДУ.

Сярод навучэнцаў Слуцкага раёна быў праведзены конкурс даследчых прац, накіраваных на захаванне і папулярызацыю спадчыны Э.Вайніловіча. Урачыстасці мерапрыемству надало ўзнагароджанне вучняў і настаўнікаў граматамі і каштоўнымі прызамі па выніках конкурсу.
Падчас пленарнага пасяджэння адбылася яшчэ адна цікавая падзея – прэзентацыя кнігі навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі М.Волкава «Слуцк на старажытных планах», якая паспрыяе захаванню гісторыка-культурнай спадчыны горада.
На канферэнцыі з пленарным дакладам выступіў акадэмік М.Касцюк, які прасачыў эвалюцыю грамадскіх поглядаў і дзеянняў Э.Вайніловіча. Цікавасць аўдыторыі выклікаў даклад ксяндза-магістра, пробашча касцёла Св. Сымона і Алены ў Мінску У.Завальнюка «Свецкі аскетызм Э.Вайніловіча (да пытання праблемы)». Папулярызацыі і захаванню археалагічнай спадчыны краіны, у тым ліку Слуцкага раёна, быў прысвечаны пленарны даклад намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі В.Лакізы «Аб удасканаленні заканадаўства ў галіне даследавання і аховы археалагічных аб’ектаў». У сучасных умовах імклівага развіцця інтэрнэт-тэхналогій надзвычай актуальна прагучаў даклад «Папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны Слуцкага краю праз мабільныя электронныя рэсурсы», падрыхтаваны аўтарскім калектывам Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі. На канферэнцыі таксама гаварылася пра даследаванне мясцовых археалагічных помнікаў, гісторыі Слуцка эпохі Алелькавічаў, дзейнасць Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, рэалізацыю Сталыпінскай аграрнай рэформы ў Слуцкім павеце, цікавыя факты з гісторыі Слуцкага краю на старонках газеты «Наша Ніва», дзейнасць каталіцкай царквы на Случчыне ў пасляваенны час.
Незабыўныя ўражанні ва ўдзельнікаў канферэнцыі засталіся ад наведвання музея гісторыі слуцкіх паясоў, выставы, прысвечанай архіву Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра XVI–XIX стагоддзяў, касцёла Св. Антонiя, Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора, Слуцкага жаночага манастыра ў гонар святой праведнай Сафіі Слуцкай.
Праца канферэнцыі дапамагла аднавіць агульную атмасферу жыцця і дзейнасці Э.Вайніловіча, пашырыць веды пра яго сучаснікаў, выявіць малавядомыя факты гісторыі Случчыны.
Наталля НОВІК, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі