18.09.2017/№38

image

105 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, акадэміка НАН Беларусі М.Танка.

Гэта была ўнікальная асоба ў грамадска-культурным развіцці Беларусі. Вялікую асобасную ўнікальнасць утвараў сінтэз, калі можна так сказаць, унікальнасцей прыватных. Я маю на ўвазе ўнікальнасць жыццёвай біяграфіі Яўгена Іванавіча, унікальнасць чалавечага характару, ну, і, вядома, унікальнасць самога мастацкага таленту, уласна творчай дзейнасці.

Цікава, што чытаць і пісаць будучы выдатны беларускі паэт навучыўся спачатку па-руску, затым па-польску і толькі пасля на роднай мове. Беларуская кніга ўпершыню трапіла ў рукі Яўгена Скурко толькі ў 1925 годзе. Гэта быў беларускі каляндар, у якім увагу дапытлівага падлетка прыцягнулі сацыяльна і патрыятычна заангажаваныя вершы Янкі Купалы.

У перыяд вайны ён служыў у франтавым друку, паскорана адаптаваўся да новых для яго савецкіх грамадска-сацыяльных умоў і парадкаў. У пасляваенны перыяд працаваў на адказных дзяржаўных пасадах. На працягу 18 гадоў (1948–1966) паэт кіраваў вядучым беларускім літаратурна-мастацкім часопісам «Полымя», 24 гады (1966–1990) узначальваў на той час вельмі аўтарытэтную, сацыяльна значную і ўплывовую арганізацыю – Саюз пісьменнікаў Беларусі. 24 гады (1947–1971) ён з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, 20 гадоў (1969–1989) – дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

Гады, калі старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў працаваў М.Танк, сталі залатым часам у гісторыі беларускай літаратуры. Пісьменнікі і ў цэлым літаратура былі запатрабаваны ў грамадска-культурных працэсах.

Мала хто ведае, што М.Танк быў народным паэтам БССР, старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР, акадэмікам НАН Беларусі, аднак не толькі не меў вышэйшай адукацыі, але і закончанай сярэдняй. Такой насычанай жыццёвай біяграфіі не мае ніводзін пісьменнік у гісторыі беларускай літаратуры.

Сёння добра вядома, што М.Танк адмаўляўся ад усіх пасад, якія яму прапаноўвалі: і ад пасады старшыні праўлення Саюза пісьмен­нікаў, і ад пасады старшыні Вярхоўнага Савета БССР, і ад пасады віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. Адмаўляўся таму, што хацеў засяродзіцца на творчай працы, якая прыносіла яму вялікае маральнае задавальненне.

Прафесар Пётр Кузюковіч у сваіх успамінах «Проста добры чалавек» падкрэслівае: «Захапляла надзвычайная прастата і дабрыня славутага паэта, што дазваляла многім людзям з розных раёнаў Беларусі звяртацца да яго асабіста і пісьмова з просьбамі аб дапамозе і абароне. І я не ведаю выпадку, калі б ён каму адмовіў у гэтым». М.Танк не дзяліў людзей на добрых і кепскіх і дапамагаў усім.

Творчасць М.Танка аказала і аказвае вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у прыватнасці паэзіі. Пад яе дабратворным уздзеяннем узрасло імкненне нашай лірыкі пасляваеннага перыяду да шырыні і яркасці мастацкага мыслення, пластычнай выяўленчасці і прасторнасці. Гэта засведчылі ідэйна-эстэтычныя пошукі А.Вялюгіна, М.Аўрамчыка, некаторых іншых паэтаў. Насычаная малюнкавасць, рамантычна-экспрэсіўная вобразнасць, гістарызм мыслення аб’ядноўваюць з Танкавымі раннія творы У.Караткевіча. Паэзія М.Танка, у прыватнасці форматворчасць мастака, стылістычныя адкрыцці аказалі значны ўплыў на пошукі беларускай лірыкі ў галіне паэтыкі, на характар архітэктонікі, распрацоўку неметрычных памераў.

Многія беларускія паэты ўспрымаюць М.Танка як заканадаўцу ў плане сацыяльна-светапогляднага, філасофскага асэнсавання працэсаў рэчаіснасці. Абапіраючыся на вопыт выдатнага мастака, аб чым сведчыць пераклічка канкрэтных вершаў, яны вядуць актыўныя пошукі ў напрамку пашырэння інтэлектуальных даляглядаў творчасці, развіцця шматмернай умоўнасці, гістарызму мыслення і інш.

Творчасць Максіма Танка – выдатная з’ява ў свеце сучаснай еўрапейскай літаратуры. Па меркаванню Уладзіміра Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусі – «на ўзроўні сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, калі не вышэй некаторых з іх». Напоўненыя глыбокім філасофска-аналітычным асэнсаваннем жыцця і чалавека, высокім гуманістычным зместам і грамадзянска-патрыятычным пафасам, яго творы шырока раскрылі асаблівасці нацыянальнага характару, гістарычнага шляху і лёсу беларускага народа, выявілі багацце і шматстайнасць яго гісторыі і культуры, вялікія патэнцыяльныя магчымасці мовы, пераканаўча абгрунтавалі паўнапраўнае месца беларусаў у еўрапейскай супольнасці.

Мікола Мікуліч,

кандыдат філалагічных навук,

загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур

Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

 

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ