18.09.2017/№38

image

500-годдзе беларускага кнігадрукавання – адна з самых значных падзей 2017-га года.

Вучоныя ладзяць канферэнцыі і новыя даследаванні. Сваё нетыповае навуковае даследаванне правяло «Сталічнае тэлебачанне». Трое журналістаў СТБ – Анастасія Бенедзісюк, Дзмітрый Баяровіч і Ігар Пазняк – падрыхтавалі аўтарскія стужкі, дзе адшукалі новыя элементы мазаікі загадкавых твораў беларускай літаратуры.

Гэты цыкл тэлевізійных дакументальных фільмаў ад аўтарскага калектыву ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» з’явіўся на ўздыме зацікаўленасці да вялікай даты і нашай гісторыі ўвогуле. Праца над стужкамі вялася з пачатку года, а здымкі апрача Беларусі ажыццяўляліся ў Расіі, Чэхіі, Італіі і Польшчы. Актыўную дапамогу ў падрыхтоўцы фільмаў аказвалі акадэмічныя вучоныя.

Эпоха беларускага кнігадрукавання пачынаецца з кнігі «Псалтыр» Францыска Скарыны. Аднайменны дакументальны фільм прапаноўвае гледачам абсалютна новыя факты пра твор і яго аўтара. Паказвае невядомы партрэт Скарыны ў буквіцах і гравюрах, якія асветнік друкаваў разам з тэкстамі. Аўтар фільма спрыяе актывізацыі раскопкаў астанкаў Скарыны ў Празе.

Самаму супярэчліваму твору беларускай літаратуры XIX стагоддзя прысвечаны дакументальны фільм «Тарас на Парнасе: літаратурны дэтэктыў». Гледачы стужкі маюць магчымасць пачуць, як гучыць народная паэма, пакладзеная на музыку, што не змог зрабіць вядомы беларускі кампазітар М.Аладаў. Знаходзіцца месца, адкуль герой твора, палясоўшчык Тарас, трапляе на міфічную гару, і гэта рэальная геаграфічная кропка. А таксама становіцца амаль відавочным аўтарства паэмы Канстанціна Вераніцына.

Стужка «Мікалай Гусоўскі: народжаны зноўку» ідзе па еўрапейскім шляху беларускага гуманіста, лёс якога ахутаны таямніцамі і загадкамі. Энтузіясты з Беларусі і Італіі праз пяць стагоддзяў аднавілі гістарычную справядлівасць: выдалі паэму па сярэднявечных тэхналогіях і перадалі яе ў Ватыкан. Акрамя таго, аўтар фільма знаходзіць у Кракаве адно з чатырох прыжыццёвых выданняў «Песні пра зубра» Мікалая Гусоўскага, якія захаваліся да нашых дзён.

Дакументальная трылогія была паказана ў эфіры СТБ у дні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Карціны даступныя для прагляду ў інтэрнэце – на афіцыйным сайце тэлекампаніі і відэапартале youtube.

Цыкл прыцягнуў увагу вялікай колькасці гледачоў. Ужо атрыманы пазітыўныя водгукі ад навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў і літаратурных крытыкаў.

Паслухаем каментарый намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы кандыдата філалагічных навук, дацэнта Яўгена Гарадніцкага: – 500-гадовы юбілей беларускага кнігадрука­вання, які шырока адзначаецца ў 2017 годзе ў нашай краіне і за яе межамі, стаў штуршком для многіх цікавых культурніцкіх пачынанняў. Адным з іх з’яўляецца праект СТБ па стварэнні дакументальных, навукова-пазнавальных фільмаў пра знакавыя творы беларускай літаратуры і яе выдатных стваральнікаў.

Гэтыя фільмы пра выдатных асоб, што ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускай культуры, непадобныя сваёй стылістыкай. У кожным з іх тэма мастака, яго сувязі з эпохай, раскрываецца па-свойму, з выкарыстаннем спецыфічных кінематаграфічных сродкаў, у адпаведнасці з аўтарскай задумай. Але разам з тым іх многае аб’ядноўвае. Перш за ўсё варта адзначыць канцэптуальнае адзінства цыкла, імкненне стваральнікаў фільмаў як мага наблізіць найвялікшыя здабыткі нацыянальнай духоўнай спадчыны да нашага часу, паказаць выдатных дзеячаў беларускага Адра­джэння ва ўсёй складанасці іх жыццёвых лёсаў.

Кожны фільм вызначаецца ўдалым спалучэннем вербальнага дыскурсу з насычаным відэ­арадам. Мае значэнне, што здымкі ажыццяўляліся ў тых гарадах, куды лёс заносіў у свой час герояў, дзе яны здабывалі асвету і працавалі на карысць і славу сваёй радзімы. Гэта Кракаў, Рым, Падуя. Паказаныя на экране краявіды знітоўваюцца ва ўяўленні гледача са справай жыцця вялікіх асветнікаў і творцаў, што дае магчымасць больш выразна ўсвядоміць маштабнасць імі здзейсненага.

Цыкл фільмаў, свораных на СТБ і прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, дае гледачу магчымасць пранікнуцца духам адлюстраванай у іх эпохі, па-сапраўднаму ацаніць веліч духоўнага подзвігу вялікіх творцаў. Істотна і тое, што аповед у фільмах вядзецца ў цікавай, займальнай форме.

Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»

 

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ