11.09.2017/№37

Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі - 60 гадоў.
Адкрыццё Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» прайшло ў гэтым годзе ўрачыста з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча і Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова.
Традыцыйны этнафорум быў прысвечаны 60-годдзю з дня стварэння Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі. Сёння ён у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і прадстаўлены васьмю аддзеламі.
Канферэнцыя падвяла вынікі працы інстытута за час яго існавання, акрэсліла актуальныя напрамкі. Свае даклады прадставілі больш за 250 навукоўцаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Кітая, Эстоніі. Прайшла выстава навуковых работ інстытута, аддзел старажытнабеларускай культуры прадставіў калекцыю акладаў, ікон, слуцкіх паясоў.
«Інстытут і сёння застаецца асноўным цэнтрам па падрыхтоўцы навуковых кадраў, фарміраванні нацыянальных навуковых школ, правядзенню даследаванняў у галіне вывучэння этнакультурных працэсаў на тэрыторыі Беларусі, міжэтнічных сувязей у сферы матэрыяльнай і духоўнай культуры, заканамернасцей развіцця мастацкай культуры, праблем гісторыі і тэорыі беларускай архітэктуры, мастацтва», – адзначыў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік Аляксандр Лакотка.
Інстытут падрыхтаваў сотні фундаментальных выданняў, якія сталі гонарам нашай гуманітарнай навукі. Гэта шматтомныя выданні «Беларуская народная творчасць», «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», «Гісторыя беларускага мастацтва», «Беларуская народная творчасць», «Беларусы», «Гарады і вёскі Беларусі» і інш.

Сучасныя даследаванні ўлічваюць тысячагадовую гісторыю нашага краю. Нягледзячы на не вельмі шматлікі сёння кадравы склад (102 супрацоўнікі), інстытут узнагароджаны 21 дзяржаўнай прэміяй.
Навукоўцы рэалізуюць міжнародныя праекты, актыўна працуюць з Акадэміяй грамадскіх навук Кітая. Першыя кнігі серыі пра беларускія духоўныя помнікі на беларускай і кітайскай мовах былі прэзентаваны ў гэтым годзе. Адна з апошніх «гучных» распрацовак інстытута – адраджэнне вытворчасці слуцкіх паясоў. Вучоныя ганарацца таксама буйной (больш за 400 тыс. узораў) калекцыяй фальклорных запісаў.
Інстытут рыхтуе кандыдатаў і дактароў навук па этналогіі, фалькларыстыцы, архітэктуры, выяўленчым, тэатральным, музычным і кінамастацтве. Выданні інстытута нязменна становяцца вучэбнай праграмай для Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускай акадэміі музыкі, БДУКМ, кафедраў і факультэтаў і іншых ВНУ.
Разам з тым А.Лакотка адзначыў праблемы ў сферы культуры Беларусі, якія трэба вырашаць усёй краінай. Сярод іх – памяншэнне колькасці чытачоў бібліятэк, працяглы крызіс кінаіндустрыі, недахоп эпічных твораў у выяўленчым і музычным мастацтве, вузкія магчымасці творчых саюзаў у наш час.
У абыход глабальных крызісаў культура – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і выхоўвае. Сусветная супольнасць разумее, наколькі важна захаваць сёння моўную і культурную разнастайнасць, і імкнецца да гэтага. Таму месца інстытута ў сістэме беларускай навукі, дзяржаўнага будаўніцтва непарушнае. Яго высокая місія – несці адказ за забеспячэнне навуковага суправаджэння дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры.
Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»
Фота М.Куксачова