14.08.2017/№33

Аспірант Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Капліеў - стыпендыят Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Прапануем увазе чытачоў аповед маладога даследчыка пра дысертацыю «Служба хуткай медыцынскай дапамогі на тэрыторыі Беларусі 1919–1939: станаўленне і развіццё».

Нарадзіўся я ў сям’і лекараў, таму медыцына заўсёды вабіла да сябе. І калі ў студэнцтве паўстала пытанне пра падзаробак, адразу вырашыў пайсці санітарам на хуткую дапамогу. Праца так захапіла, што я застаўся там амаль на пяць гадоў.
У той час я пачынаў апытваць ветэранаў медыцыны аб тым, як працавала хуткая дапамога ў мінулым: далёкім і блізкім. Але гутаркі не заводзілі далей за пасляваеннае дзесяцігоддзе. Менавіта тады з’явілася ідэя распачаць даследаванне таго, як, чаму і калі на Беларусі была арганізавана хуткая дапамога. Вольныя ад вучобы і працы гадзіны прысвячаў архівам і бібліятэкам. Калі па выніках маіх аматарскіх пошукаў былі надрукаваны першыя артыкулы, я вырашыў працягнуць займацца тэмай прафесійна. Таму калі пры ўступным іспыце ў аспірантуру ў мяне пацікавіліся, ці ёсць тэма для даследавання, я распавёў пра сваю мару напісаць дысертацыю аб станаўленні хуткай дапамогі.
Сапраўдным падарункам была прапанова дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча ўзяць мяне ў вучні. Навуковы кіраўнік дапамог абмежаваць храналагічныя рамкі і напрамак даследавання, выпрацаваць канцэпт дысертацыі. Пасля працы ў архівах, бібліятэках і музеях Беларусі і замежжа стала зразумела, што менавіта 20–30 гады ХХ стагоддзя сталі вызначальным перыядам для развіцця хуткай дапамогі ў нашай краіне.
Мая тэма ва ўсіх адносінах нераспрацаваная, і, вядома, гэта адбілася на тэмпах даследавання, асабліва ў першыя паўгода працы над ёй. За кароткатэрміновую камандзіроўку трэба было апрацоўваць вялікія масівы інфармацыі. Але калі ў глыбінях гэтага сапраўднага архіўнага мора знаходзіш сваю пярліну, адчуваеш сабе сапраўдным першапраходцам, а кожны вышуканы маленькі радок здаецца сапраўдным адкрыццём. Гэтыя пачуцці і эмоцыі робяць марудную на погляд абывацеля працу падобнай да цікавага дэтэктыва.
***
Як высветлілася, з’яўленне адмысловай службы хуткай дапамогі прайшло працяглы падрыхтоўчы этап, які пачаўся яшчэ да рэвалюцыі 1917 года. Рост прамысловасці, паскораныя тэмпы ўрбанізацыі і з’яўленне новых відаў транспарту прывялі да вялікага ўсплёску бытавога і прамысловага траўматызму. У сукупнасці з пачаткам рэвалюцыйных хваляванняў і пагрозай тэрарызму збоку радыкальных палітычных груповак гэта выклікала неабходнасць у экстранай медыцынскай дапамозе, асабліва ў буйных гарадах, дзе шчыльнасць насельніцтва была найбольшай. Як і ў Еўропе, хуткая дапамога ў дарэвалюцыйнай Беларусі насіла дабрачынны характар, пры актыўным удзеле мясцовых уладаў. Пачатак Першай сусветнай вайны разбурыў існуючыя структуры экстранай медыцыны, але дазволіў выпрацаваць карысны вопыт для арганізацыі хуткай дапамогі ў савецкі час.
Пасля 1917 года новая ўлада сутыкнулася з моцным выбухам інфекцыйных хвароб, стрымаць якія маглі толькі рашучыя інавацыі ў медыцыне. Адной з такіх і стала стварэнне хуткай дапамогі, якая была жыццёва неабходна насельніцтву: колькасць захварэлых тыфусам, халерай, дызентэрыяй у тыя часы складала па асобных губернях дзясяткі тысяч чалавек. Аб гэтым, дарэчы, вельмі сціпла сказана ў гістарычнай літаратуры, а дакладную колькасць памерлых ад недахопу аператыўнай лекавай дапамогі нават немагчыма падлічыць.
Наступным іспытам для савецкай медыцыны стаў НЭП, з прыходам якога яна пераводзілася з дзяржаўнага бюджэту на мясцовыя сродкі, што адразу скараціла лекавую сетку амаль удвая. Каб захаваць хоць нешта, на месцах, у парушэнне ўсіх прынцыпаў савецкай медыцыны, уводзілася плата за абслугоўванне. У гэтых умовах перажыла рэнесанс фактычна забароненая прыватная медыцына, а на сяле, у адсутнасці альтэрнатыў, людзі ішлі да знахароў. У той час менавіта хуткая дапамога была амаль адзіным сродкам ратавання для шматлікіх катэгорый насельніцтва, якія не маглі сабе дазволіць прыватнага лекара.
У Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы, у адрозненне ад савецкай медыцыны, захавалася мноства элементаў «земскай» сістэмы аховы здароўя, таму асабліва адчуваўся ўплыў дабрачынных таварыстваў накшталт Чырвонага Крыжа. З другога боку, часткова захаваліся дарэвалюцыйныя таварыствы хуткай дапамогі, якія сталі падмуркам далейшай пабудовы экстранай медыцыны.

Напрыклад, у Вільні, дзе было такое таварыства, будынак міжваеннай станцыі хуткай дапамогі дагэтуль існуе, захаваўся нават надпіс над уваходам «Pogotowie ratunkowe». Знайсці такую сведку вывучаемай эпохі амаль некранутай было сапраўдным цудам.
На тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася ў межах дзвюх дзяржаў з рознымі грамадска-палітычнымі сістэмамі – БССР і Польшчы, былі выпрацаваны дзве розныя сістэмы аховы здароўя і сістэмы аказання хуткай дапамогі. На іх параўнанні і будуецца даследаванне. Цікава, што і хлуслівыя выклікі, і выкарыстанне дапамогі ў якасці таксі і іншыя акалічнасці – усё гэта было амаль з пачатку існавання хуткай дапамогі. Таму адказы на сучасныя праблемы службы таксама магчыма шукаць у мінулым, а мае артыкулы і, спадзяюся, манаграфіі, будуць карысныя не толькі гісторыкам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй, але і арганізатарам аховы здароўя ў профільным міністэрстве.
Аляксей КАПЛІЕЎ,
Інстытут гісторыі НАН Беларусі