31.07.2017/№31

Фармат летніх моўных школ з праграмай кароткатэрміновага навучання ў свеце даўно вядомы.
У непасрэдных стасунках з яе носьбітамі новай мовай можна авалодаць хутка і эфектыўна за невялікі тэрмін.
Нават калі гэты тэрмін – два тыдні. Менавіта столькі доўжыцца Міжнародная летняя школа беларусістыкі. Гэта адукацыйна-культурная праграма, у межах якой іншаземцы маюць магчымасць не толькі інтэнсіўна вывучаць беларускую мову ў пастаянным маўленчым асяроддзі, але і пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа.
Адукацыйная частка праграмы ўключае інтэнсіўны практыкум беларускага маўлення (20 акадэмічных гадзін на тыдзень), разлічаны на пачатковы (А1, А2) і сярэдні (В1, В2) узроўні валодання беларускай мовай. Для слухачоў з высокім (С1, С2) узроўнем валодання беларускай мовай прапануюцца семінары, майстар-класы, прысвечаныя інтэрпрэтацыі тэкстаў беларускай культуры.
Безумоўна, Інстытут мовазнаўства і ў цэлым Цэнтр вывучэння беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі не застаюцца ўбаку. Бо праграма школы ўключае лекцыі-прэзентацыі па актуальнай міждысцыплінарнай беларусазнаўчай праблематыцы і індывідуальныя кансультацыі з вядомымі навукоўцамі ў галіне беларусазнаўства, знаёмства з гісторыяй НАН Беларусі і яе ўстаноў. Да таго ж кіраўнікі аддзелаў Інстытута мовазнаўства прадставілі свае напрамкі даследаванняў і пазнаёмілі з асноўнымі грунтоўнымі працамі навуковых калектываў.
Аўдыторыя сабрала міжнацыянальны склад прадстаўнікоў розных узростаў і канфесій, аматараў беларушчыны з 18 да 70 гадоў. У школе ўдзельнічалі навукоўцы і студэнты з краін, дзе беларуская мова з’яўляецца мовай этнічнай меншасці і вывучаецца ў розных адукацыйных установах (Украіна, Расія, з краін ЕС – Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія), а таксама з краін, дзе існуюць славістычныя цэнтры ці ёсць пэўныя традыцыі вывучэння беларускай мовы і даследавання беларусазнаўчай праблематыкі (Аўстрыя, Германія, Англія, Венгрыя, Канада, Славакія, Сербія, апошнім часам – Японія, Кітай). Летась былі студэнты з Аўстраліі, ЗША, Індыі.
Мы пагутарылі з навучэнцам школы Аляксандрам Блешчыкам. Ён – юрыст, але з’яўляецца настаўнікам і загадчыкам школы беларускай мовы пры нацыянальнай культурнай аўтаноміі «Беларусы Урала» ў Екацярынбургу. Аляксандр, бацька якога з нашых краёў, расказаў пра вялікую колькасць беларусаў і аматараў беларускай мовы ў расійскім мегаполісе. Многія хочуць падтрымліваць сувязь з радзімай. Іншыя цікавяцца славянскімі мовамі ўвогуле. Ёсць людзі, якія прыйшлі да навучання праз цікавасць да нашых сучасных песняў. За час заняткаў школа пад кіраўніцтвам А.Блешчыка падтрыхтавала каля 25 чалавек. З праграмы Летняй школы ў Мінску, куды ён трапіў упершыню, яго найбольш зацікавілі новыя звесткі па методыцы выкладання беларускай мовы. Аляксандр паабяцаў, што ў наступным годзе на 9-ю летнюю школу ў Мінск прыедуць яго паслядоўнікі.
На пастаяннай аснове на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы падобныя заняткі праводзяцца трэці год. Як адзначыла кіраўнік школы прафесар Лідзія Сямешка, «канцэпцыя істотна не адрозніваецца. Вырашаюцца тыя ж адукацыйныя задачы: зацікавіць замежных навучэнцаў мовай і культурай тытульнай нацыі Беларусі, выбраць найбольш эфектыўныя прыёмы і спосабы разгортвання пазнавальнай дзейнасці, даць магчымасць слухачам цалкам паглыбіцца ў беларускае маўленча-культурнае асяроддзе, удала спалучыўшы пры гэтым маўленчую практыку з актыўным адпачынкам».
Новыя патрабаванні тычацца, хутчэй, выкладчыкаў школы. Сёння яны павінны валодаць творчымі і інтэрактыўнымі метадамі навучання, ведаць стратэгіі і тактыкі маўленчых паводзін, структуру лінгвакультурных ведаў і ментальнага лексікону, культурных сэнсаў інфармацыі, актуальнай для кожнага ўзроўню валодання мовай.
Увогуле, магчымасць наладзіць і паглыбіць навуковыя і культурныя кантакты з замежнымі даследчыкамі і прыхільнікамі беларускай мовы Летняя школа дае выдатную. Ды і галоўнай мэты дасягае. Мацнее жаданне навучэнцаў і надалей займацца беларусістыкай. А гэта працуе на імідж беларускай мовы, нашай краіны і яе культуры ў свеце.
Алена ЕРМАЛОВІЧ
Фота аўтара, Навука