24.07.2017/№30

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся першы выпуск навукова-асветніцкіх курсаў «Беларуская мова»,
якія праводзіліся на працягу трох месяцаў у рамках кластара «Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры».
Знаёмства шырокіх колаў грамадства з беларускім моўным матэрыялам праз правядзенне курсаў – з’ява не новая. Сёння карыстаюцца папулярнасцю такія з іх, як «Мова Нанова», «Мова ці кава», «Мова плюс». Яны арганізуюцца грамадскімі аб’яднаннямі, закліканы даць пачатковыя веды і навучыць беларускай мове ўсіх зацікаўленых. Іншы аспект рэалізуецца на курсах, якія створаны і дзейнічаюць на базе ВНУ: іх асноўная задача – падрыхтоўка абітурыентаў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання.
У Год навукі ў носьбітаў беларускай мовы і тых, хто жадае авалодаць ёю, з’явілася ўнікальная магчымасць наведаць у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа курсы прынцыпова новага фармату: тут акадэмічныя вучоныя-мовазнаўцы дзяліліся ў папулярнай форме сваімі здабыткамі. Ідэя правядзення курсаў знайшла шырокую падтрымку з боку Старшыні Прэзідыуіма НАН Беларусі і кіраўніцтва Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў.
Інфармацыя пра такія сустрэчы выклікала цікавасць грамадскасці. Сярод наведвальнікаў былі прадстаўнікі розных узроставых катэгорый, прафесій, нацыянальнасцей: вучні, студэнты, пенсіянеры, праграмісты, медыкі, экскурсаводы, перакладчыкі, журналісты, архітэктары, эканамісты і інш. Курсы аб’ядналі беларусаў, рускіх, украінцаў, яўрэяў – людзей цікаўных, актыўных, неабыякавых да нацыянальнай культуры і мовы беларусаў. Праграма заняткаў была складзена такім чы¬нам, каб асвятліць усе напрамкі сучаснай мовазнаўчай навукі.
За тры месяцы, на працягу якіх адбываліся сустрэчы, слухачы змаглі папоўніць свае веды або атрымаць новы досвед па надзвычай цікавай і разнастайнай тэматыцы. Якую мову называюць старабеларускай? Якія помнікі пісьменства створаны на ёй на беларускіх землях? Які іх гістарычны лёс? Як чытаць старыя выданні? Колькі дыялектаў мае беларуская мова? Чым адрозніваецца дыялектнае маўленне на поўначы і на поўдні Беларусі? Якія мае спецыфічныя рысы? Ці праўда, што беларусы як чуюць, так і пішуць? Як складваюцца нормы літаратурнай мовы і чым яна адрозніваецца ад астатніх разнавіднасцей нацыянальнай мовы? Ці ёсць беларускамоўны слэнг? Кофе або кава, каструля або рондаль, веласіпед або ровар – што правільна? Цень – гэта ён ці яна? Ці заўсёды «блага» для беларуса добра? Якія словы робяць беларускую мову адметнай на лінгвістычнай карце славянскага свету? Адкуль паходзяць назвы беларускіх населеных пунктаў? Як складвалася сістэма прозвішчаў насельнікаў Беларусі? Якія з іх найбольш тыповыя, а якія ўнікальныя? Як часта мы ўжываем фразеалагізмы ў паўсядзённым вусным маўленні? Ці заўсёды мы правільна разумеем іх сэнс? Кола разгледжаных пытанняў надзвычай шырокае і не абмяжоўваецца толькі названымі аспектамі. Таму што мова – і сацыяльнае ўтварэнне, яе сродкі служаць для называння ўсіх прадметаў і з’яў нашай рэчаіснасці, у слове закладзены ўсе веды аб навакольным свеце і нас саміх.
Акрамя таго, слухачам была прачытана лекцыя аб велікодных абрадах і звычаях беларусаў, таксама яны атрымалі магчымасць наведаць Музей старажытнабеларускай культуры і азнаёміцца з яго экспазіцыямі. Заняткі будаваліся па наступнай схеме: першая іх частка (лекцыйная) была прысвечана тэарэтычнаму абагульненню навуковых дасягненняў па розных галінах мовазнаўства, другая – (практычная) накіравана на вырашэнне найбольш складаных пытанняў лексікі, арфаэпіі, арфаграфіі, граматыкі, сінтаксісу беларускай мовы.
Анастасія МАРОЗАВА,
супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры