13.03.2017/№11

image

Сёлета мы адзначаем 130-годдзе нараджэння Алеся Гаруна (Аляксандра Уладзі­міравіча Прушынскага)

Імя аднаго з тых, каго гісторыя беларускай літаратуры даўно магла б паставіць у адзін шэраг з трыма сваімі «кітамі», доўгі час заставалася практычна наогул без увагі. Творчасць Алеся Гаруна (Аляксандра Уладзі­міравіча Прушынскага), 130-годдзе нараджэння якога мы адзначаем сёлета, для многіх нават літаратараў-беларусаў пакуль застаецца terra incognita. Відаць, таму і не знаходзіцца яго імя побач з патрыярхамі.

Вяртанне з забыцця гэтай Постаці пачалося адносна нядаўна. Доўгі час не было вядома нават месца спачыну. Яно адшукана беластоцкім гісторыкам-беларусам Алегам Латышонкам у 1980-я гады: народжаны ў межах сучаснага Мінска паэт быў пахаваны ў Кракаве, куды прыехаў летам 1920 года папраўляць здароўе. Так, да ўзросту Хрыста фізічны стан Алеся Гаруна быў падарваны. Найперш сібірскай катаргай за рэвалюцыйную дзейнасць (1908–1917) і самаадданай працай на ніве беларушчыны ў астатнія гады жыцця.

Нягледзячы на барацьбу беларускага паэта супраць царызму, савецкая ўлада вызнавала Алеся Гаруна за ворага. Таму дзясяткі гадоў творчасць замоўчвалася. Дый постаць самога аўтара выкрэслівалася з гісторыі – быццам і не было. Галоўнай прычынай сталі нешматлікія антыбальшавіцкія выпады і патрыятызм.

Паэтычную творчасць Алеся Гаруна можна ўмоўна падзяліць на два перыяды: дассылачны і ссылачны. Але толькі ўмоўна. Бо «перапады» ў тэматыцы і танальнасці паміж гэтымі перыядамі практычна не заўважаюцца. Служэнне Музе, якою была для Гаруна Беларусь, нібы абумоўлівала нязломнасць паэтычнага духу. Таму галоўнае як па колькасці, так і па якасці месца ў тэматычным спектры вершаў займае грамадзянская лірыка, у якой матывы патрыятычныя вельмі цесна пераплятаюцца з матывамі сацыяльна-палітычнымі (што ўказвае на разуменне аўтарам немагчымасці нацыянальнага адраджэння без якаснага паляпшэння сацыяльных варункаў). Такія вершы ў большасці аўтараў атрымліваюцца «аднадзёнкамі», і толькі публіцыстыцы грамадзянскай лірыкі аўтараў, адораных Боскай ласкаю, наканавана доўгае і актуальнае існаванне. Напрыклад, наступныя радкі пісаліся нібы знарок для Беларусі ўзору пачатку ХХІ ст.:

Ты, мой брат, каго зваць беларусам,

Роднай мовы сваёй не цурайся;

Як не зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер не зракайся.

Натуральна, у вершах Алеся Гаруна заўважны перакліканні перадусім з творчасцю Янкі Купалы, але не застаюцца ўбаку і імёны Максіма Багдановіча, долю якога паўтарыў Прушынскі – абодва цяжка хварэлі на сухоты, і Якуба Коласа. Такія паралелі абсалютна карэктныя і дарэчныя. Найлепшыя сыны беларускага народа ў перыяд ператрусаў першай чвэрці ХХ ст. жылі адзінымі марамі, жаданнямі, памкненнямі, таму супадзенням тут здзіўляцца не варта. Як выказаўся сам Гарун у вершы, прысвечаным Якубу Коласу,

Усе з аднэй мы выйшлі нівы,

І сейбіт нас адзін кідаў,

І кожан з нас той дзень шчаслівы

Ў сваёй душы благаслаўляў.

Хутчэй можна здзівіцца, як у такім унісоне фактычныя аднадумцы захавалі адметнасць сваіх галасоў. І з гэтай прычыны феномен Алеся Гаруна не меншая рэч у сабе, чым рэч у сабе загадкі Багдановіча. Апошні, дарэчы, вельмі высока цаніў талент свайго калегі па пяру.

Акрамя густоўнай вершаванай лірыкі, творца пры ўсёй хутка­плы­- ннасці свайго жыцця і яго цяжкіх варункаў здолеў праявіць сябе ў прозе і драматургіі. Не ўсё атрымлівалася роўным. Тым не менш як факт гісторыі бурклівых часоў прыцягваюць увагу многія творы. А дзіцячая п’еса «Датрымаў характар» заслужыла ўключэння ў школьныя праграмы. У выпадку з Алесем Прушынскім можна справядліва сказаць, што не ён сабе выбраў псеўданім, які нібы прадказаў яму цяжкую долю, а псеўданім выбраў яго (з цэлага шэрагу псеўданімаў застаўся менавіта такі). Ледзь паспеўшы дэбютаваць («Наша ніва», 1907), Алесь Гарун быў у тым жа годзе арыштаваны і неўзабаве высланы ў Сібір за падпольную палітычную дзейнасць. Там за дзесяць гадоў ён і выявіў свой «матчын дар». (Потым менавіта так названа адзіная прыжыццёвая кніга, выдадзеная ў 1918 годзе.)

image

Але і дома, на Беларусі, напісана ім ніяк не менш. Стыхія беларушчыны, у якой Гарун чэрпаў натхненне, стала арганічнай часткай ягонага жыцця, а яго лёс стаў неад’емным складнікам тое стыхіі. Пачуцці творцы да яе Паўлам Любецкім-Каравайчыкам разглядаюцца як «нацыянальны эрас». Ужо таму ён варты значнай увагі беларускіх гуманітарыяў і грунтоўнага выдання сваёй спадчыны, чаго беларусы прычакалі: у 2003 годзе «Беларускім кнігазборам» быў апублікаваны дыхтоўны томік «Выбраных твораў».

Пані Кліо не церпіць умоўнага ладу, але не грэбуе будучым часам. Таму можна мець надзею, што імя Алеся Гаруна, яго спадчына ў кантэксце беларускай літаратуры стане на ўзровень свайго status quo, зойме свой «пачэсны пасад», бо, як заўважыў Адам Бабарэка словамі самога ж Гаруна стасоўна ягонай творчасці,

Цячэць ручайка вось –

і тут яго ня стала.

Няма яго, схаваўся у зямлі,

А недзе – тамака рака зямлю прарвала

І воды тэй ракі па лузе пацяклі.

 
Анатоль ТРАФІМЧЫК,
Інстытут літаратуразнаўства НАН Беларусі

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ