06.03.2017/№10

image

Прэстыж беларускай мовы расце, але ці ёсць адпаведны прагрэс ва ўсіх сферах яе ўжывання?

Гэтае пытанне навукоўцы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі абмеркавалі з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, выкладчыкамі профільных навучальных устаноў Мінска на круглым стале «Мова ў адукацыі, навуцы, заканадаўстве». Сустрэча была прымеркавана да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага.

Праблема пашырэння ўжывання, у тым ліку побытавым, паволі, але вырашаецца, і з гэтым згодныя акадэмічныя мовазнаўцы. «Прыемна, што сёння беларуская мова карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі, – адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў. – Пашыраецца яе выкарыстанне ў інтэрнэце, выдаецца вялікая колькасць беларускамоўнай мастацкай літаратуры, з’яўляецца ўсё больш рэкламы на беларускай мове, яе ахвотна выкарыстоўвае бізнес».

Але з іншага боку, нягледзячы на высокі статус дзяржаўнай мовы і тытульнай мовы нацыі, сустрэча паказала, колькі нявырашаных праблем і супярэчнасцяў стаіць на шляху сапраўднага замацавання беларускай мовы на гэтых пазіцыях. Таму ўдзельнікі абмеркавалі праблемы функцыянавання беларускай мовы ў грамадстве, унеслі прапановы па пашырэнні яе выкарыстання і абгрунтавалі свае рэкамендацыі.

Асноўнай праблемай падаецца тое, што ў справаводстве свайго належнага месца беларуская мова з 1990-х гадоў паўнавартасна так і не займела. Нават сёння законы ў Беларусі прымаюцца толькі на рускай мове. Паводле думкі навукоўцаў і згодна з Канстытуцыяй, законы і нарматыўныя дакументы павінны рыхтавацца, абмяркоўвацца і прымацца на дзвюх мовах, але законапраекты ўносяцца на разгляд дэпутатаў і затым зацвярджаюцца толькі на рускай мове. Пераклад на беларускую дакументаў пасля ўсіх гэтых працэдур не мае юрыдычнай сілы. На агульную думку ўдзельнікаў сустрэчы, законапраекты павінны паступаць ад суб’ектаў не на адной абранай, а на абедзвюх дзяржаўных мовах. Гэтую ініцыятыву прасоўвае Алена Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў і былая супрацоўніца Інстытута мовазнаўства. Але яе захады па ўвядзенні роднай мовы ў заканадаўчую сферу пакуль канчатковай мэты не дасягнулі. «Калі суправаджаць увесь працэс прыняцця таго ці іншага закона беларускай мовай, паводле слоў прадстаўнікоў камісіі, дорага, то хаця б да другога чытання падрыхтаваць дзве версіі – на беларускай і рускай мовах – можна. І ўносіць на зацвярджэнне дзве гэтыя версіі», – лічыць А.Анісім. Для пацвярджэння адпаведнасці тэкстаў, бездакорнасці перакладу з юрыдычнага пункту гледжання дэпутат прапаноўвае стварыць экспертную раду.

Пакуль у адказах адпаведнай камісіі парламенту відавочна агульнае жаданне дэпутатаў пазбегнуць лішніх турбот. Лічыцца, што падаваць законапраекты можна на адной з моў і гэта адпавядае прынцыпу роўнасці дзяржаўных моў. «Але чаму дзяржаўны служачы бярэ на сябе права вызначаць, якой мовай павінен карыстацца грамадзянін Беларусі?» – здзіўляецца першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. Даследчык мяркуе, што, магчыма, многія дэпутаты проста кепска ведаюць родную мову, таму і выдаюць такія аргументы. Ён нагадаў, што ў «Законе аб мовах» ёсць палажэнне пра мову афіцыйных дакументаў: на беларускай і (або) на рускай мове, дзе відавочны прыярытэт мовы нацыянальнай. Не губляючы аптымізму, А.Анісім лічыць, што ўжо да 2018 года можна было б пачаць прымаць законы на дзвюх мовах, падрыхтаваўшы каманду спецыялістаў, экспертаў для аператыўнага і бездакорнага перакладу юрыдычных тэкстаў. А пачаць можна з перакладу новага Кодэкса аб адукацыі, які яшчэ не ўнесены ў парламент.

Пераклады застаюцца балючым пытаннем для нашага справаводства. Паводле слоў прадстаўнікоў адукацыі, працэсуальныя кодэксы з другой паловы 1990-х гадоў на беларускую мову не перакладаліся. Публікаваліся на беларускай мове толькі ўдакладненні да іх у газеце «Звязда». Дарэчы, версіі Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала Рэспублікі Беларусь pravo.by на беларускай (у адрозненні ад англійскай) мове няма ўвогуле. Змешчаны толькі беларускамоўны Кодэкс аб культуры Рэспублікі Беларусь. Для астатніх кодэксаў прадугледжаны нізкія па якасці аўтапераклады. Мовазнаўцы рэкамендуюць публікаваць іх толькі пасля рэдагавання кампетэнтнымі спецыялістамі. Уся гэтая праца ўскладняецца без з’яўлення беларускамоўных юрыстаў, без лінгвістычнай экспертызы заканадаўчых тэкстаў. Мовазнаўцы запланавалі разгледзець таксама пытанне аб падрыхтоўцы беларускага слоўніка юрыдычнай тэрміналогіі.

Размова пра адукацыю – важкае пытанне, годнае асобнай дыскусіі. Плён навукоўцам і іх гасцям бачыцца ў забеспячэнні бесперапыннага навучання на беларускай мове. Сёння на разгляд урада перададзена канцэпцыя стварэння цалкам беларускамоўнай ВНУ. Ідэя цікавая, але, на думку намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства Сяргея Гараніна, эфектыўней выглядае стварэнне беларускамоўных плыняў у навучальным працэсе ўжо існуючых ВНУ. Немалаважная падрыхтоўка двухмоўных педагагічных кадраў. Выкладанню прадметаў (асабліва няпрофільных) на беларускай мове можа дапамагчы стварэнне прэферэнцый.

Абавязковае тэсціраванне пры заканчэнні сярэдняй адукацыі і пры паступленні ў ВНУ і іншыя меры могуць таксама пашырыць беларускамоўнае асяроддзе. Пытанне яго развіцця будзе вырашана, здаецца, тады, калі беларуская мова здолее выйсці з-пад патрэбы сур’ёзнай апекі, калі перастане быць сакральным прадметам аховы проста таму, што набудзе масавую падтрымку. Існуючы адносна хісткі статус дапушчальна мець мовам нацыянальных меншасцей, але ніяк не дзяржаўнай, роднай мове беларусаў. Як падказвае сусветная практыка, нярэдка адной сацыяльнай і навуковай ініцыятывы недастаткова, і праблема вырашаецца ўздзеяннем узроўня дзяржаўнага.

 
Алена ЕРМАЛОВІЧ
Фота аўтара, «Навука»

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ