03.01.2017/№1

image

Інстытут літаратуразнаўства імя Я.Купалы НАН Беларусі зноў стаў паўнапраўнай адзінкай у структуры акадэмічных навуковых устаноў.

 
Прыкладна год ім кіруе доктар філалагічных навук, прафесар Іван САВЕРЧАНКА (на фота). Пра новыя мэты і задачы айчыннага літаратуразнаўства Іван Васільевіч распавядае ў сваім артыкуле.
 
Літаратура, мастацтва слова і літаратуразнаўчая навука выконваюць важныя сацыяльныя функцыі: яны з’яўляюцца галоўным сродкам выхавання ў грамадстве мастацка-эстэтычных густаў, дапамагаюць фарміраванню маральных і гуманістычных каштоўнасцей. Творы прыгожага пісьменства і літаратуразнаўчыя працы аказваюць сінтэтычнае ўздзеянне на інтэлектуальнае развіццё чалавека, фарміруюць духоўны свет асобы; праз мастацкія вобразы майстры слова ўсталёўваюць грамадскія ідэалы, ствараюць прыклады і ўзоры, вартыя пераймання.
 
Літаратура спрыяе фарміраванню асобы, дапамагае духоўнаму і маральнаму сталенню чалавека. Дзякуючы ёй выбудоўваецца сістэма маральных каштоўнасцей асобы, яе светапогляд, складваюцца ўяўленні пра дабро і зло, прыгожае і непрыгляднае. Літаратура і літаратуразнаўства ўплываюць на сацыяльныя паводзіны людзей, разуменне чалавекам уласнага месца ў жыцці, ролі ў грамадстве і ў сям’і.
 
Пісьменнікі і літаратуразнаўцы выступаюць важным чыннікам міжнароднага дыялогу і ўзаемаразумення. Праз пераклады літаратурных шэдэўраў народы глыбей і паўней разумеюць адзін другога, што служыць міру, не дазваляе прарастаць зерню нянавісці. Менавіта таму пашырэнне твораў беларускай літаратуры ў свеце – абсалютны прыярытэт нацыянальнай філалогіі, над рэалізацыяй якога мы настойліва шчыруем і мяркуем яшчэ больш гальванізаваць працу ў гэтым напрамку.
 
Галоўная мэта Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы – асэнсоўваць дыялектыку развіцця беларускага мастацтва слова ў кантэксце славянскіх, еўрапейскіх і сусветных духоўна-культурных працэсаў, развіваць ключавыя напрамкі нацыянальнай літаратуразнаўчай навукі, спрыяць сучаснаму літаратурнаму працэсу, ажыццяўляць якасную падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі, садзейнічаць духоўна-культурнаму ўзбагачэнню беларускага грамадства і паглыбленню працэсаў мастацка-эстэтычнага выхавання грамадзян краіны.
 
Сярод асноўных напрамкаў работы інстытута − распрацоўка фундаментальных праблем гісторыі і тэорыі літаратуры, кампаратывістыкі і тэксталогіі; падрыхтоўка збораў твораў класікаў беларускай літаратуры; выданне помнікаў старажытнай беларускай літаратуры; пашырэнне твораў беларускай літаратуры ў свеце; вызначэнне прыярытэтных напрамкаў развіццця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Да ліку галоўных задач належаць: выяўленне заканамернасцей развіцця беларускай літаратуры ў розныя гістарычныя эпохі; раскрыццё паэтыкі літаратурных родаў, відаў і жанраў; вызначэнне творчай індывідуальнасці найбольш значных майстроў мастацкага слова.
 
Найважнейшы прыярытэт у дзейнасці інстытута – развіццё акадэмічнай крытыкі з мэтай спрыяння сучаснаму літаратурнаму працэсу. Спецыялісты ўстановы забяспечваюць аб’ектыўны аналіз канкрэтных фактаў і шматлікіх праяў сучаснага літаратурнага працэсу.
 
Адказнай місіяй акадэмічнага літаратуразнаўства з’яўляецца тэарэтычнае асэнсаванне гістарычнага развіцця беларускай літаратуры на працягу многіх стагоддзяў, распрацоўка метадалогіі вытлумачэння пісьмовых помнікаў даўняй і новай літаратуры. З гэтай мэтай выконваецца наватарскі праект «Герменеўтыка беларускай літаратуры XI – пачатку ХХ ст.».
 
Наспела патрэба падагульнення вопыту станаўлення і гістарычнага развіцця самога літаратуразнаўства, дзеля чаго плануецца ажыццявіць заданне «Гісторыя беларускага літаратуразнаўства (ХІ–ХХІ стст.)». Праектам «Развіццё сучаснай беларускай літаратуры: ідэйныя пошукі, жанравая структура, нацыянальная адметнасць» прадугледжваецца выяўленне разнастайнасці і багацця мастацкай палітры твораў беларускай літаратуры ХХ і ХХІ стагоддзяў праз прызму складнікаў пісьменніцкага майстэрства.
 
Выключнае значэнне мае падрыхтоўка і публікацыі помнікаў беларускага пісьменства і літаратуры X–XVIII стст. Такія рэчы з’яўляюцца падмуркам нацыянальнай культуры. Навукоўцам важна прадоўжыць пошукі страчаных кніжных скарбаў і літаратурных твораў у замежных архівах і кнігасховішчах. Усё створанае талентам беларускага народа павінна ашчадна зберагацца і перадавацца наступным пакаленням.
 
Важна і тэарэтыка-метадалагічнае суправаджэнне працэсу ўзаемадзеяння беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў, вызначэнне месца нацыянальнай літаратуры ў сусветным літаратурным працэсе. Пад асаблівай увагай знаходзіцца ўсходні вектар літаратурных сувязей. На гэтым этапе наладжваюцца кантакты паміж Інстытутам літаратуразнаўства і Пакістанскай літаратурнай акадэміяй для ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва па выкананні Мемарандума аб намерах у галіне навуковага супрацоўніцтва, падпісанага НАН Беларусі і Пакістанскай літаратурнай акадэміяй 10 жніўня 2015 года.
 
Ажыццяўленне шматаспектнага праекта «Беларуска-еўрапейскія літаратурныя ўзаемасувязі і імагалогія: міфы, стэрэатыпы, рэальнасць» дазволіць асэнсаваць сістэму літаратурных вобразаў, якія ўспрымаюцца ў беларускім мастацкім кантэксце як іншанацыянальныя.
 
Наспела неабходнасць паўнавартаснага развіцця беларускай тэксталагічнай школы, абагульненне шматгадовага вопыту беларускіх тэкстолагаў па падрыхтоўцы збораў твораў класікаў нацыянальнай літаратуры.
 
Вялікае духоўна-культурнае і агульнадзяржаўнае значэнне будзе мець выданне Збору твораў у 10 тамах ганаровага члена НАН Беларусі, народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Праца над ім запланавана на наступную пяцігодку. Акадэмічныя тэкстолагі распрацавалі канкрэтны план падрыхтоўкі збораў твораў на 25 год – Кузьмы Чорнага (у 12 тамах), Максіма Гарэцкага (у 10 тамах), Івана Чыгрынава (у 10 тамах), Аркадзя Куляшова (у 8 тамах), Пімена Панчанкі (у 7 тамах).
 
Агульнанацыянальнае значэнне мае 50-томнае выданне «Залатой калекцыі беларускай літаратуры», падрыхтоўка якога ажыццяўляецца менавіта Інстытутам літаратуразнаўства (выдадзена 13 тамоў). У наступнае дзесяцігоддзе інстытут завершыць працу над астатнімі 37 тамамі.
 
Дзеля вырашэння статутных задач інстытут вельмі шчыльна ўзаемадзейнічае па ўсіх найважнейшых кірунках з міністэрствамі адукацыі, культуры і інфармацыі. Дзякуючы гэтаму, вынікі навуковых даследаванняў укараняюцца ў практыку, трапляюць да шырокага кола людзей, і што асабліва каштоўна, – да навучэнцаў і моладзі. Важны прыярытэт для акадэмічных літаратуразнаўцаў – актыўны ўдзел у стварэнні разам з выкладчыкамі сучасных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў па гісторыі і тэорыі літаратуры, што значна ўдасканаліць адукацыйны працэс, уздыме выкладанне літаратуры на якасна новы ўзровень.
 
Інстытут мае поўнае паразуменне з пісьменнікамі Беларусі, ажыццяўляе супольную дзейнасць з майстрамі слова і творчымі людзьмі практычна па ўсіх напрамках. Перад філолагамі-літаратуразнаўцамі і пісьменнікамі стаіць задача ў мастацкай форме раскрыць складаныя калізіі нацыянальнай гісторыі, сродкамі літаратуры асвятліць найбольш значныя падзеі мінулага, паказаць трагічныя і гераічныя старонкі гісторыі беларускага народа.
 
Такім чынам, пры ўмове дбайнай і скансалідаванай працы творцаў і навукоўцаў-філолагаў ёсць цвёрдыя падставы спадзявацца на рост цікавасці людзей да мастацкага слова, што значна ўмацуе духоўна-культурны патэнцыял Беларусі.
 

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ