17.10.2016/№42

image

Значная работа па даследаванні археалагічных артэфактаў праведзена ў Слуцку.

На мінулым тыдні першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык, дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч і яго намеснік па навуковай рабоце Вадзім Лакіза наведалі Слуцк, дзе пазнаёміліся з вынікамі сёлетніх археалагічных даследаванняў.
 
У пачатку кастрычніка Слуцк адзначыў 900-годдзе з моманту першага дакументальнага ўспаміну (але некаторыя даследчыкі лічаць горад больш старажытным). Падарункам гораду сталі новыя знаходкі вядомага археолага Леаніда Калядзінскага, старшага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Трэба адзначыць, што Л.Калядзінскі не першы раз даследуе археалагічныя артэфакты Слуцка. Значная работа была праведзена яшчэ ў 1980-я гады.
 
Сёлета на месцы слуцкага замчы­шча пракладвалі інжы­нерныя камунікацыі. Тут знаходзіцца Дом культуры, які паступова рэарганізуецца ў Дом шлюбаў. Ведаючы гістарычнае значэнне гэтага ўчастка, рабочыя папрасілі дапамогі ў археолагаў. Таму цяпер, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, справу пад свой кантроль узялі акадэмічныя вучоныя. На аснове гаспадарчай дамовы ў адносна кароткія тэрміны (што называецца, і ў дождж, і холад) праведзены пэўныя пошукавыя работы.
 
Як адзначыў Л.Калядзінскі, былі ўскрыты некалькі будаўнічых ярусаў, самы стары датуецца ХІІ стагоддзем. Тут праглядваюцца фрагменты драўлянай забудовы, рэшткі дзвярнога праёма. На гэтым месцы знойдзена больш за 40 шкляных бранзалетаў, пазалочаныя колты, фібула з выявай цмока, пярсцёнкі, нямала іншых упрыгожванняў, срэбны дрот і цігель, што дае падставу думаць − тут была ювелірная майстэрня.
 

image

 

image

 

image

Падчас расчысткі знойдзена 23 вырабы са срэбра. Таксама сярод знаходак − наканечнікі стрэл і нават рэдкі драўляны лук у добрым стане.
 
Даследаванне слуцкіх артэфактаў працягнецца, а вынікам навуковага асэнсавання ўсіх знаходак на Случчыне і дакументаў, якія тычацца яе гісторыі, можа стаць маштабнае выданне, падтрымаць якое навукоўцы прапанавалі старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэю Янчэўскаму і прывялі ў прыклад працу па Навагрудскім раёне. Пры згодзе і фінансавай падтрымцы падобны праект можа быць здзейснены за два гады.
 
Дарэчы, другой нагодай для візіту стала абмеркаванне са старшынёй Слуцкага райвыканкама правядзення навуковай канферэнцыі, прысвечанай дзейнасці вядомага палітычныга і грамадскага дзеяча ХIХ − пачатку ХХ стагоддзя Эдварда Вайніловіча. Ён − прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду, вучыўся і працаваў у Слуцку павятовым міравым суддзёй, а да таго ж займаўся развіццём сельскагаспадарчай навукі, тройчы абіраўся дэпутатам расійскай Дзяржаўнай Думы і нават адхіліў прапанову самога П.Сталыпіна заняць пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі Расійскай імперыі.
 
Асоба цікавая і прадстаўнікам каталіцкай канфесіі на Беларусі, бо Э.Вайніловіч з’яўляецца ініцыятарам будаўніцтва ў Мінску касцёла св. Сымона і Алены. Таму навуковая канферэнцыя мяркуецца быць з духоўным кантэкстам. Ёсць намер запрасіць да ўдзелу і прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы.
 
Дарэчы, у Інстытута гісторыі ўжо ёсць вопыт правядзення падобных мерапрыемст­ваў. Аналагічныя праходзілі ў Капылі (2015) і Нясвіжы (2016).
 
Канферэнцыя, якая запланавана на сярэдзіну лістапада 2017 года і пройдзе поруч з мясцовым святам ураджаю, павінна стаць шматгранным фэстам, які прыцягне ўвагу случчан і гасцей горада праз асобу Э.Вайніловіча і да гісторыі, і да рэлігіі, і да асаблівасцей сельскай гаспадаркі. У рамках свята ёсць намер правесці краязнаўчы конкурс для школьнікаў.
 
Да таго ж С.Чыжык і кіраўніцтва Інстытута гісторыі НАН Беларусі ўнеслі шэраг прапаноў па захаванні і музеефікацыі слуцкіх артэфактаў, многія з якіх унікальныя, і ўвогуле папулярызацыі гэтых мясцін у турыстычных мэтах. Цяпер − слова за мясцовай адміністрацыяй. 

Сяргей ДУБОВІК

Фота аўтара, «Навука»

 

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ