17.10.2016/№42

Супрацоўнікі Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі прадставілі ў Варшаве беларускія абразы і званы.
Выстава адкрылася 2 кастрычніка ў Цэнтры праваслаўнай культуры імя святых Кірыла і Мяфодзія ў Варшаве па бласлаўленню і пры ўдзеле мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы.

У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча А.Авер’янаў, прадстаўнікі свецкіх, праваслаўных і каталіцкіх колаў Польшчы і нашай краіны.

Прадстаўлялі выставу дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі Барыс Лазука, а звонавыя кампазіцыі выканаў магістр мастацтваў, загадчык аддзялення званароў Мінскага духоўнага вучылішча Багдан Бярозкін.

Яго «музычнымі інструментамі» сталі званы, адлітыя ў беларускіх, віленскіх і расійскіх людвісарнях у XVIII–XIX стст.
Музей мае адну з самых вялікіх у рэспубліцы калекцый беларускіх абразоў. Арганізатары не мелі намер прадставіць выключна праваслаўныя абразы і знайшлі паразуменне ў гэтым пытанні з Уладыкам. Важна паказаць беларускі іканапіс з яго традыцыямі праваслаўнага, каталіцкага і ўніяцкага сакральнага жывапісу.
«Выстава абразоў з нашага фонду дае ўяўленне пра асаблівасці развіцця іканапісу на беларускіх землях у XVIII–XIX стагоддзях, – адзначыў Б.Лазука. – У беларускім іканапісе гэтага перыяду спачатку панавала барока. Пра гэта сведчаць абразы «Прарок Ілья», «Пахаванне Марыі Егіпецкай», «Архідыякан Стэфан». Затым у творах XIX ст. мы назіраем рысы класіцызму і акадэмізму. Гэта абразы «Ануфрый Пустэльнік», «Хрышчэнне ў Іярдане», дзве выявы Аляксандра Неўскага. Творчасць жывапісцаў-самавукаў садзейнічала развіццю наіўнага мастацтва. Гэты кірунак адлюстроўваюць абразы «Бог-Айцец», «Архангел Міхаіл забівае д’ябла», «Каранаванне Ісуса Хрыста цярновым вянком».


Экспазіцыю склалі 28 твораў, выкананых у акадэмічна-кананічнай і народнай манеры, напісаных на дрэве і палатне ў тэмпернай і алейнай тэхніках. Работы ў большасці ананімныя. Аднак на выставе экспануюцца і ўнікальныя падпісаныя абразы. Да іх ліку належаць «Пахаванне Марыі Егіпецкай» і «Божая Маці з немаўлём». Першы з названых, пра што сведчыць надпіс на выяве, створаны Бенядыктам Паўлоўскім у 1779 годзе, другі – Іосіфам Камінскім у 1836 годзе. Яшчэ два абразы маюць дарчыя надпісы. А для абраза «Аляксандр Неўскі» з в. Чарневічы на Віцебшчыне вядома нават нагода напісання і ахвяравання яго ў храм: адмена прыгоннага права.
Плануецца, што на працягу 2016–2017 гадоў выстава пройдзе таксама ў шэрагу праваслаўных прыходаў, манастырах і культурных цэнтрах Польшчы.
Польскія праекты Музея старажытнабеларускай культуры распачаліся з навуковых кантактаў кіраўніцтва НАН Беларусі з Польскай акадэміяй навук і з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. Мастацтвазнаўцы працавалі над тым, каб дадаць дамовам змест.
Першай старонкай стала мерапрыемства да гадавіны чарнобыльскай трагедыі. У Цэнтры беларускай культуры пры пасольстве адкрылася экспазіцыя архіўных фотаздымкаў. Ладзячы выставу, арганізатары знарок адышлі ад разумення трагедыі як тупіка. Па водгуках пасольства выстава карысталася вялікай увагай. Потым яна, папоўненая прадметамі этнаграфіі, адкрылася ў Гайнаўцы, дзе экспануецца і сёння. З’явілася ідэя звязаць першыя крокі не толькі з пасольствам, але і з праваслаўнай царквой. Так у Варшаву прыехалі абразы і званы.
У апошні час Музей старажытнабеларускай культуры стаў усё часцей ладзіць выставы за мяжой. Нядаўняя экспазіцыя ў Варонежы «Искусство Беларуси. Путь в веках» склалася з абразоў, скульптур, слуцкага пояса, мастацкай тканіны, народных строяў, прадметаў этнаграфіі і дазволіла, на думку мастацтвазнаўцаў, поўна адказаць варонежцам на пытанне, што такое Беларусь і беларуская культура.
Б.Лазука падкрэслівае важнасць сумесных выставачных праектаў. Яны абумоўлены часам чыста тэхнічнымі момантамі, фінансаваннем і наяўнасцю плошчы. «Безумоўна, ёсць ідэя паказаць узоры іранскіх і туркменскіх дываноў, французскага, кітайскага шоўку, нашага лёну, – дзеліцца арганізатар. – Але зрабіць такія экспазіцыі ў нашым музеі складана, таму мы з задавальненнем працуем сумесна з нацыянальнымі мастацкім і гістарычным музеямі, з абласнымі музеямі. Адну з апошніх маштабных выстаў ладзілі ў Віцебскім краязнаўчым музеі, і гэта стала сапраўднай культурнай падзеяй абласнога цэнтра».
Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»
Фота з архіва Б.Лазукі