15.08.2016/№33

image

Традыцыйна сваё прафесійнае свята археолагі нашай краіны адзначаюць 15 жніўня.

Незадоўга да гэтай даты Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў наведаў Мір, дзе побач са славутым замкам акадэмічныя вучоныя-гісторыкі адкапалі фундамент невядомых раней будынкаў, якія, верагодна, з’яўляліся палацам.

image

Уладзіміру Рыгоравічу, а таксама кіраўніцтву Інстытута гісторыі былі прадстаўлены знойдзеныя артэфакты, а таксама інфармацыя аб прамежкавых выніках раскопак, што праводзіліся ў Беларусі гэтым летам.

У 1891 годзе князі Святаполк-Мірскія набылі Мірскі замак таму, што яго назва супадала з другой часткай іх прозвішча. «Салдат у параднай вопратцы», «змагар, які ніколі не збіраўся ваяваць», − менавіта так некалі казалі пра беларускага каменнага асілка. За ўсю гісторыю яго неаднаразова бралі штурмам, руйнавалі, а потым, нібы той фенікс, ён узнаўляўся на тым жа месцы. Напрыканцы XIX стагоддзя замак дастаўся новым гаспадарам не ў найлепшым стане і непрыгодным для пражывання. Таму князі вырашаюць пабудаваць побач палац немалых памераў. У 1917 годзе будынак напаткаў вялізны пажар, а падчас Другой сусветнай вайны ён увогуле перастаў існаваць.

Побач з Мірскім замкам археалагічныя пошукі на месцы былога палаца Святаполк-Мірскіх раней не вяліся. Але людзі ведалі пра яго існаванне, захаваўся нават адзін фотаздымак рэшткаў будынка часоў Першай сусветнай вайны.

image

Быць піянерам у гэтай справе лёс наканаваў старшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ірыне Ганецкай, якая расказала пра вынікі сваёй працы. Дапамагалі ёй студэнты-практыканты, якія ў будучыні плануюць стаць гісторыкамі ці музейнымі супрацоўнікамі.

image

Чым глыбей археолагі капалі, тым больш загадак рыхтавалі ім новыя артэфакты. Нечакана нават для сябе даследчыкі знайшлі фрагменты будынка канца ХVI − пачатку XVII стагоддзя. Прычым яго няма на тагачасных гістарычных картах. Высветлілася таксама, што цэгла для палаца была такая ж, як у замку.

image

image

Побач з фундаментам вучоныя знайшлі фрагменты дахоўкі, кафлі, сталовай керамікі, а таксама «цэглу-пальчатку». Рэшткі еўрапейскай керамікі сведчаць пра высокі статус гэтай сядзібы. На керамічных кавалачках відаць выявы не то дзіўнага каня, не то казачнай птушкі. Шмат знаходак датуецца і ХХ стагоддзем. Самая кранальная з іх − рэшткі калючага дроту з гета, якое знаходзілася тут у 1942 годзе. Расчышчана лесвіца, якая, паводле слоў І.Ганецкай, знаходзілася ўнутры памяшкання. Ёсць думка, што палац быў крыжападобнай сіметрычнай формы. Археолагі даследавалі тэрыторыю больш за 200 кв.м. Наперадзе − апрацоўка знойдзенага матэрыялу, дэталёвае фатаграфаванне знаходак, якія прапішуцца ў замкавым музеі. А яшчэ працяг раскопак на новых тэрыторыях побач з замкам.

Сёлетнія археалагічныя работы ў Міры − гэта першы крок у рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі і замкавым комплексам «Мір», які быў падпісаны летась.

image

Падчас візіту Уладзімір Гусакоў наведаў і сам Мірскі замак, пра які падрабязна расказаў загадчык аддзела па экскурсійнай рабоце Дзмітрый Манкевіч. Уладзімір Рыгоравіч падкрэсліў важнасць працы археолагаў па захаванні беларускай гісторыі, а таксама прапанаваў у будучыні зрабіць музей на месцы раскопак, як гэта адбылося ў Тураве ці Брэсце. Падобныя месцы з цягам часу становяцца насамрэч знакавымі. Гэта няцяжка даказаць: калі возьмеце купюру ў 5 новых беларускіх рублёў, пабачыце на яе адваротным боку выяву старажытных берасцейскіх рэшткаў драўляных будынкаў, якія цяпер надзейна захоўваюцца пад трывалым шкляным дахам і адкрыты для наведвальнікаў.

Археолагі не абмяжоўваюцца толькі Мірам. Як паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, сёлета фронт навуковых пошукаў пралягае ў розных рэгіёнах нашай краіны. Так, працягваецца праца па стварэнні археалагічнага музея ў Белавежскай пушчы, даследуюцца першабытны помнік на Крывінскім тарфяніку і сярэднявечнае гарадзішча Лоева, на Шуміліншчыне археолагі адшукалі шмат унікальных артэфактаў селішча IX−X стагоддзяў комплексу Кардон, ідуць раскопкі, у тым ліку і пад вадой, на Бярэзіне непадалёк ад Барысава, аспіранты Інстытута гісторыі годна працуюць на Магілёўшчыне і Гродзеншчыне. І гэта далёка не ўсё! Вынікі сезона спецыялісты падвядуць у маі наступнага года на чарговай навуковай канферэнцыі.

Сёння ўсё кажа пра тое, што ў беларускай археалогіі ёсць спадзяванне на добрую будучыню, што новыя пакаленні вучоных закладуць свае цагліны ведаў у агульны падмурак нацыянальнай гісторыі. Даследаванні працягваюцца!

Сяргей ДУБОВІК,

фота аўтара, «Навука»

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ