25.07.2016/№30

Загадкі і містыфікацыі блукаюць вакол адной з самых папулярных гістарычных асоб Беларусі – Францыска Скарыны.
Час адкрывае пра дзеяча Адраджэння ўсё новыя факты. Над праверкай і падагульненнем скарыназнаўчай інфармацыі працуюць вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі. На іх адказнасці і выданне існуючых звестак, і пошук новых. І вось, удача – новы дакумент з Ватыканскага Таемнага Архіва, які дае новыя падставы для роздуму.
Плён пошукаў
Гістарычна склалася, што дакументамі, звязанымі з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны, у нашай краіне найбольш займаліся менавіта ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Да 500-гадовага юбілею першадрукара ў канцы 1980-х гадоў намаганнямі інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі выконвалася навуковая частка шматгадовай рэспубліканскай Скарынаўскай праграмы. У выніку быў надрукаваны шэраг выданняў, у тым ліку падрыхтаванае супрацоўнікам Інстытута літаратуры Віктарам Дарашкевічам «Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (Мінск: Навука і тэхніка, 1988), у якім былі змешчаны вядомыя на той час дакументы. Пабачылі свет і іншыя выданні, у падрыхтоўцы якіх узялі ўдзел і навукоўцы з Расіі, Украіны, Польшчы.
Матэрыялы «Зборніка» ўкладаліся паводле лакальнага прынцыпу: групы дакументаў прывязваліся да тых мясцін, дзе ў пэўны момант часу знаходзіўся Скарына. Дакументы публікаваліся на мове арыгінала з перакладам на беларускую і рускую. Для гэтага былі атрыманы іх копіі з Кракаўскага і Падуанскага ўніверсітэтаў, дзе першадрукар вучыўся, а затым атрымаў ступень доктара медыцыны, з Дзяржаўнага архіва ў Познані пра судовую спрэчку з крэдыторамі памерлага брата Скарыны Івана, з Дзяржаўнага архіва Прускай культурнай спадчыны ў Берліне пра адносіны з прускім герцагам Альбертам, а таксама матэрыялы з Прагі, Масквы, Пецярбурга.
Усе апублікаваныя дакументы надзвычай важныя для ўзнаўлення біяграфіі гэтага таленавітага чалавека. Цікавыя матэрыялы не толькі датычныя самога Скарыны, але і яго родных, якія павінны былі падтрымліваць матэрыяльна яго дзейнасць. Так, у Познані ён мусіў адказваць за даўгі свайго памерлага брата − купца Івана. Толькі па патрабаванні караля Жыгімонта Францыск быў вызвалены з вязніцы. Аказалася, што ніякага дачынення Скарына да гэтых даўгоў не меў, бо спадкаемцам брата быў не ён, а сын Івана Раман, на якога пераходзілі абавязкі па выплаце крэдыторам. Што да самога першадрукара, то падстаў думаць аб яго вялікім багацці няма, таму што, паводле заўваг даследчыкаў, выданні Скарыны друкаваліся на паперы сярэдняга гатунку. У розныя гады мецэнатамі выдавецкай дзейнасці Скарыны, верагодна, былі яго брат Іван, віленскі бурмістр Якуб Бабіч, гандляр і член гарадской рады Багдан Онкаў. Да таго ж, паводле звестак вядомага акадэмічнага скарыназнаўцы Георгія Галенчанкі, пасля 1525 года з-за фінансавых праблем, абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў, смерці некаторых аднадумцаў скарынаўскія пераклады не выдаваліся. Дарэчы, тое, што сёння выглядае трохі незвычайна, як чалавек з сям’і купцоў становіцца друкаром, у часы Скарыны было не дзіўна. Гэта быў час Рэнесансу, і арыстакратыю на гуманітарным полі дзейнасці цясніў сярэдні клас, прадстаўлены купецтвам...
Перакладчык-дыпламат

Сярод спецыялістаў, якія працавалі над праграмай у 1990-я гады, быў старшы навуковы супрацоўнік, кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка (на фота), які ў красавіку 2016 года пры падтрымцы Фонду міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва здзейсніў навуковую камандзіроўку ў Ватыканскі Таемны Архіў і рымскія бібліятэкі і вярнуўся з копіямі нядаўна знойдзеных там дакументаў, якія, верагодна, маюць дачыненне да ўдзелу Скарыны ў дыпламатычнай місіі ў Рым у 1512 годзе. Паездка атрымалася дзякуючы зычлівай дапамозе прафесараў рымскага ўніверсітэта «Ля Сапіенца» Сантэ Грачыёці і Эмануэлі Згамбаці, якія ў 1990 годзе бралі непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні ў Італіі міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю нараджэння Скарыны.
«На след самага цікавага з гэтых дакументаў мяне навёў беларускі перакладчык і літаратар Антон-Францішак Брыль, – расказвае Алесь Жлутка. – Ён натрапіў на адну з яго копій, працуючы з рукапісамі ў нейкай заходнееўрапейскай бібліятэцы. Напачатку я не звярнуў на дакумент належнай увагі. Пакуль не пабачыў дату – 9 жніўня 1512 год і месца − Рым. Роўна праз тры месяцы 5-9 лістапада таго ж года Скарына абараняў дактарат у Падуі. У дакуменце ад 9 жніўня апісваецца прыбыццё да Папы Юлія ІІ дэлегацыі ад дацкага караля Ганса-Ёгана. Ад імя дэлегацыі з прамовай да Папы звярнуўся не названы па імені сакратар караля, які паведаміў пра гатоўнасць маскоўскага цара Васіля ІІІ далучыцца да V Лятэранскага Сабора, што распачаўся вясной 1512 года і працягваўся да 1517-га. У дакументах пра абарону доктарскай ступені ў Падуі Францыск Скарына названы сакратаром дацкага караля. Вельмі верагодна, што сакратаром, які прамаўляў да Папы падчас Сабора і быў наш Скарына. Варта адзначыць, што акрамя тэхнічных функцый у тыя часы сакратар мог выконваць і адказныя дыпламатычныя даручэнні. З іншых дакументаў вынікае, што Данія мела чынныя дыпламатычныя стасункі, абмен пасламі і місіямі з Маскоўскай дзяржаваю, а таксама з Польшчаю і Вялікім Княствам Літоўскім. Вяліся перамовы пра вайсковы хаўрус з Васілём III, і дацкі кароль спрабаваў пераканаць яго таксама ў неабходнасці рэлігійнай уніі: паяднання дзвюх галін хрысціянства – праваслаўя і каталіцтва. Такое паяднанне было выгадным і для Вялікага Княства Літоўскага, дзе спрадвеку суіснавалі дзве гэтыя галіны. У 1509 годзе да дацкага двара прыбыла з мэтаю ўкладання дамовы пра мір і супрацоўніцтва дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя ВКЛ Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Украіны таксама жылі прадстаўнікі абедзвюх канфесій, а дакументацыя вялася на лаціне і старабеларускай мове».
Дык навошта ж Скарына спатрэбіўся дацкаму каралю ў якасці сакратара? Адказ даследчык А.Жлутка бачыць у экуменічнай місіі Скарыны ў справе прымірэння дзвюх галін хрысціянства. Францыск Скарына нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, але, мяркуючы па імені, хрышчаны быў ужо ў каталіцкім касцёле. Напрыканцы ХV стагоддзя ў Полацку з’явіўся каталіцкі ордэн бернардынцаў, якія ў 1498 годзе заснавалі тут свой кляштар. Яны прызнавалі ўсе праваслаўныя таінствы, апрача вызнання веры. Даследчык лічыць, што бернардынцы і маглі паўплываць на экуменічны падыход Скарыны, якога ён прытрымліваўся ў сваёй дзейнасці. Будучы каталіком, ён выдаваў літургічныя кнігі і Біблію на роднай мове для праваслаўных.
Не дзіўна, што ў такім адукаваным і рознабаковым чалавеку, як Скарына, мог мець патрэбу кароль Даніі. Патрэба ў сакратарах, якія б валодалі «рускай» моваю (у той час гэтай назваю акрэслівалі і старабеларускую, і расійскую мову), маглі перакладаць і ўдзельнічаць у перамовах з усходнеславянскімі краінамі, у дацкага караля пацвярджаецца тым, што ў 1506 годзе ён піша да Васіля ІІІ, каб той даслаў яму палоннага фіна Сівара, які добра ведае «рускую» мову і неабходны каралю ў якасці перакладчыка.
Белыя плямы ў біяграфіі
Такім чынам, пасля выдання ў 1988 годзе згаданага «Зборніка» з’яўляецца патрэба актуалізацыі дакументаў і матэрыялаў з біяграфіі Францыска Скарыны. За гэты час дадаліся новыя крыніцы звестак, сталі даступныя новыя дакументы, а ўжо вядомыя патрабуюць выдання на новым археаграфічным узроўні. Таму да юбілею наступнага года – 500-годдзя выдання першай друкаванай кнігі, прызначанай для ўсяго ўсходняга славянства: перакладзенай Скарынам Бібліі – запланавана праграма даследаванняў, у якую ўключана падрыхтоўка да выдання ўсіх вядомых матэрыялаў з жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны. Будуць далучаны новыя дакументы, іх факсіміле, дададзены апісанне і грунтоўны навуковы апарат. Адказны за працу – аддзел крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. А.Жлутка спадзяецца, што праца будзе весціся сумесна з аддзелам гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу, дзе працуе беларускі скарыназнаўца Г.Галенчанка. У запланаваным зборніку трэба будзе выправіць магчымыя памылкі папярэдніх выданняў, змясціць новыя дакументы, якіх ужо знойдзена каля дзесяці, зрабіць навуковае апісанне, атрымаць здымкі дакументаў з архіваў, падрыхтаваць навуковы апарат да іх. Усяго ў выданне будзе ўключана больш за 60 дакументаў.
Але пошукі павінны працягвацца. Бо дагэтуль яшчэ не вядомы дакладныя даты нараджэння і смерці Скарыны. Магчыма таму, што Полацк спрадвеку знаходзіўся ў зоне канфлікту Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй. Знішчаліся дакументы, вывозіліся кнігі. Але не выключана, што дзесьці могуць захоўвацца і ацалелыя запісы пра нараджэнне і хрышчэнне Скарыны. Невядомы таксама перыяд жыцця Скарыны ад моманту нара-джэння да паступлення ва ўніверсітэт. Што і дзе ён рабіў пасля бакалаўрэата ў Кракаўскім універсітэце да доктарскай абароны ў Падуанскім універсітэце. «У сувязі з новымі дакументамі вельмі верагодна, – лічыць А.Жлутка, – што Скарына пасля 1506 года і перад 1512-м вывучаў медыцыну ў Капенгагене, бо ўжо ў другой палове ХV ст. там быў заснаваны ўніверсітэт з асобным медыцынскім факультэтам. Менавіта дзякуючы добрым ведам у медыцыне ён змог бліскуча абараніць дактарат у Падуі. Трэба адзначыць, што для гэтага выпускнікі медыцынскага факультэта выязджалі альбо ў Падую, альбо ў Манпелье». Белая пляма ў яго біяграфіі таксама пасля гэтага да 1517 года – выдання Бібліі. Але ў часы Рэнесансу гуманітарныя дзеячы, прафесары і студэнты вольна перамяшчаліся па ўсёй Еўропе. Таму верагодна, што новыя дакументы могуць усплыць у самым нечаканым месцы.
Так ці інакш, а загадак яшчэ шмат. У 1990 годзе адзначалі 500 гадоў з аднаго з верагодных гадоў нараджэння легендарнага першадрукара. На гербе Скарыны – сонца і месяц. Даследчык гісторыі мастацтва 20-х гадоў мінулага стагоддзя Мікола Шчакаціхін трактуе іх як выяву сонечнага зацьмення і прапанаваў прывязаць дату нараджэння Скарыны да зацьмення 6 сакавіка 1486 года. Магчыма, гэтая дата можа быць найбольш адпаведнай таму ўзроўню выхавання і набытых ведаў, якія павінен быў атрымаць ён да паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт. А яго дыпламатычныя здольнасці ўвогуле сталі глебаю для розных гіпотэз і легендаў, дзе Скарына прадстаўлены рэнесансавым спецагентам, які выконваў ролю выведніка, паляўнічага на дзяржаўныя сакрэты…
Цікавасць да велічнай постаці Скарыны не згасае, і не толькі ў вучоных і аматараў гістарычных дэтэктываў. Узнікла нават ідэя прысвоіць імя Францыска Скарыны нацыянальнаму аэрапорту «Мінск».
Алена ЕРМАЛОВІЧ
Фота аўтара, "Навука", і з інтэрнета