20.06.2016/№25

Вучоныя АІПІ НАН Беларусі распрацавалі аўдыягід пад сістэму Android.
Інфарматызацыя сучаснага грамадства адбываецца ўжо не толькі праз распаўсюджванне персанальных камп’ютараў, але і праз папулярызацыю выкарыстання мабільных тэлефонаў і асабліва смартфонаў.

Лабараторыя распазнавання і сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі (АІПІ) выпусціла цікавую мабільную праграму пад сістэму Android – аўдыягід на англійскай, беларускай і рускай мовах для тых, хто вандруе па гарадах Беларусі.
Згодна з заявай кіраўніка каманды пошука Google Аміта Сінгхала, летам 2015 года колькасць мабільных пошукавых запытаў у Google ўпершыню перавысіла колькасць дэсктопных. З гэтага можна зрабіць выснову, што павялічылася колькасць карыстальнікаў мабільнымі прыстасаваннямі, а гэта дае падставу казаць пра павелічэнне выкарыстання мабільных праграм. Таму важна далучыцца да распрацовак мабільных праграм сферы турызму, якія могуць быць карыснымі як для жыхароў Беларусі, так і для турыстаў з іншых краін.
Канцэпцыя такой праграмы накіравана на тры асноўныя мэты: экскурсійная прэзентацыя гарадоў без удзелу чалавека-экскурсавода, фарміраванне цікавасці да гісторыі Беларусі і стварэнне станоўчага іміджа краіны. Мэтавай аўдыторыяй з’яўляюцца жыхары нашай краіны і турысты, якія валодаюць англійскай мовай. З далейшай распрацоўкай KrokApp можна будзе хутка і якасна спланаваць экскурсію па горадзе для сябе ці сваіх сяброў.
З KrokApp жыхары і госці беларускіх гарадоў ужо цяпер могуць паслухаць цікавыя факты пра знаёмыя мясціны, пашырыць веды па гісторыі краіны. Варта адзначыць, што праграма даступная пакуль што толькі для карыстальнікаў, тэлефон якіх працуе на платформе Android. Але мы ўжо працуем над запускам праграмы на платформах Windows і iOS.
У KrokApp распрацоўваюцца функцыі для замежных гасцей: яны змогуць не толькі паслухаць экскурсію, але і вывучыць формы ветлівасці на беларускай мове, назвы страў і пазнаёміцца з беларускімі традыцыямі.
Экскурсія на англійскай мове можа быць прапанавана таксама і беларускім студэнтам адпаведных спецыяльнасцей для павышэння навыкаў аўдыявання ці падрыхтоўкі ўласнай экскурсіі для сваёй групы.
Структура мабільнай праграмы KrokApp уключае: старонку-лагатып; галоўнае меню, у якім ёсць магчымасць выбару мовы (беларуская, англійская, руская); старонка выбару тыпу маршруту (экскурсійны, кафэ і рэстараны або шопінг); пералік гарадоў (Мінск, Гродна, Брэст, Віцебск, Магілёў, Гомель); старонка выбару тыпу экскурсіі (тэматычная, аглядная); пералік пунктаў агляду для кожнага горада адпаведна.
Створаны прататып – мабільная праграма KrokApp – можна спампаваць у Google Play Market па наступнай спасылцы: https://play.google.com/store/apps/details?id=by.ssrlab.krokapp&hl=be ці па пошукаваму запыту KrokApp у Google Play Market.
У праграме зроблены беларускамоўны, англамоўны і рускамоўны падраздзелы. Для апісання пунктаў агляду дададзены фотаздымкі месцаў ці будынкаў, друкаваны тэкст і гукавы файл.
Для агучкі тых тэкстаў, якія не былі агучаны дыктарам, у будучыні плануецца выкарыстоўваць сэрвіс, распрацаваны на базе лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення – «Сінтэз маўлення па тэксце».
Юрась ГЕЦЭВІЧ, кіраўнік праекта,
загадчык лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ
Алена КРЫВАЛЬЦЭВІЧ, кіраўнік праекта