20.06.2016/№25

Сёлета спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка-гуманіста Кузьмы Чорнага.
З нагоды юбілею свет пабачыла біяграфічная кніга «Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі».
Імпрэза-прэзентацыя пад назвай «Малітва за Бацькаўшчыну» адбылася 8 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа (ЦНБ) НАН Беларусі. Яна была арганізавана сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Мерапрыемства ладзілася ў НАН Беларусі невыпадкова.

Укладальніцай кнігі стала загадчыца аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская. А сярод аўтараў артыкулаў, якіх яна сабрала пад стыльнай вокладкай новай кнігі серыі ЖЗЛБ, нямала акадэмічных літаратуразнаўцаў. З супервокладкі выдання глядзіць чалавек – Кузьма Чорны, ён жа Мікола Раманоўскі. Позірк у яго глыбокі і чымсьці засмучаны. Гэты жыццёвы, неадрэтушаваны фотаздымак перадае і змест, і настрой кнігі пра пісьменніка з яго нядоўгім ды няпростым лёсам.
Што ж мы маем пад гэтай вокладкай? У юбілейным выданні аб’ёмам 500 старонак сабраны ўспаміны, артыкулы, эсэ, інтэрв’ю родных і блізкіх Кузьмы Чорнага, яго сяброў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, дзеячаў мастацтва. Усе разам яны ствараюць партрэт жывога чалавека, на долю якога выпала шчасце быць мастаком слова, а з іншага боку – зведаць на ўласным лёсе жорсткую праўду свайго часу, aле не здрадзіць сабе, беларускаму слову і Бацькаўшчыне.
Канцэптуальна кніга складаецца з пяці раздзелаў. Першы пры-свечаны сям’і і роду Раманоўскіх, другі ўключае ўспаміны пра К.Чорнага яго сучаснікаў, трэці – погляд літаратуразнаўцаў розных пакаленняў на творчасць класіка, чацвёрты – мемуарная і эпісталярная спадчына пісьменніка, пяты – ушанаванне яго памяці.
Упершыню друкуецца некалькі ўнікальных матэрыялаў з сямейнага архіва пісьменніка, а таксама лісты К.Чорнага з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ.

Адзін з аўтараў кнігі, член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Мушынскі, паспеў дасканала пазнаёміцца з новым выданнем, і яно ўзрушыла яго. На прэзентацыі вучоны падзякаваў укладальніцы за «безкупюрнасць» прадстаўленых матэрыялаў, што ўлічыла аўтарскую творчую волю. «Калі ў ранейшых выданнях асоба Чорнага раскрывалася ці то з боку празаіка, ці то з боку публіцыста, з новай кнігі паўстае магутная фігура дзеяча адраджэння», – лічыць М.Мушынскі. Літаратуразнаўца падкрэслівае ролю К.Чорнага ў развіцці беларускай мовы, а таксама лічыць неабходным спраўдзіць выпуск збора твораў пісьменніка.
Літаратуразнаўца і даследчык творчасці К.Чорнага Міхась Тычына згадаў на імпрэзе, як калісьці Алесь Адамовіч пазнаёміў яго з пісьменнікам, паказаўшы аўтара, які стварае сапраўдную літаратуру.


Да прэзентацыі была падрыхтавана выстава «Кузьма Чорны. Маштабнасць прозы і талент чалавечнасці». У экспазіцыі – друкаваная і рукапісная літаратурная спадчына Кузьмы Чорнага і даследаванні яго творчасці, раннія выданні, публікацыі ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Атака», «Полымя», «Калоссе». На многіх кнігах – аўтографы і дарчыя надпісы пісьменніка.
У выданні змешчаны рэдкія цікавыя фотаздымкі Чорнага з членамі літаратурных аб’яднанняў, ваенных гадоў, пісьмы да П.Глебкі, аўтографы да апавяданняў «Забіяцкі пык», «На тым беразе», малюнак пісьменніка, зроблены алоўкам, успаміны пра Кузьму Чорнага і іншыя дакументы.
Выхадзец з беднай сялянскай сям’і, Чорны не забыўся на свае родныя Цімкавічы, аднак па духу стаў урбаністам, сапраўды палюбіў Мінск, хацеў, каб ён стаў культурнай, літаратурнай сталіцай замест правінцыяльнага горада. Менавіта ў беларускай сталіцы і развівалася творчасць пісьменніка, на якую, паводле яго ж слоў, катастрафічна не хапала часу, бо была і асноўная праца. Чорны ўключыўся ў актывісты літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша»... Цяжкая фізічная праца ў маладосці, год турмы і катаванняў, а затым вайна падарвалі здароўе пісьменніка. І ў 1944 годзе Кузьмы Чорнага, аўтара адных з першых беларускіх раманаў, не стала.
Нехта, гледзячы на вокладку кнігі, сказаў: «Гэта позірк пісьменніка еўрапейскага». Іншыя лічаць Чорнага беларускім Дастаеўскім. Усё гэта, а таксама яго характар, погляды, увага да маладога пакалення, робіць Чорнага постаццю наднацыянальнай, прагнай да дабрыні, звышкультурнай. У гэтым кантэксце дэвіз пісьменніка (а таксама назва новага выдання) «Чалавек – гэта цэлы свет» так невыпадкова служыць брамай, запрашэннем у яго сусвет.
Алена ЕРМАЛОВІЧ
Фота аўтара, «Навука»