09.03.2016/№10

image

У сакавіку 2016 года Выдавецкі дом «Беларуская навука» адзначае сваё 90-годдзе.

Падставамi для гэтай урачыстасці былi інфармацыя пра выдавецтва ў энцыклапедычных крыніцах, дзе часам яго заснавання называўся 1924 год, i даведка загадчыка рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва «Навука і тэхніка» А.Валахановіча, якая захавалася ў выдавецтве і дзе гаварылася наступнае: «По документальным источникам в штатном расписании Института белорусской культуры на 1924/25 бюджетный год значится издательская часть, в 1925–1927 годах – издательский отдел, в 1927/28 году – издательское бюро. В штатах Белорусской академии наук в 1929–1931 годах значилось издательское бюро, в 1932 году – издательство Академии наук».

Разам з тым даследчык гісторыі акадэмічнай навукі М.Токараў і вядомы архівіст і гісторык В.Скалабан выказалі сумненні адносна таго, што 1924 год з’яўляецца годам заснавання выдавецтва. Па нашай просьбе Віталь Скалабан папрацаваў у архівах і перадаў у выдавецтва шэраг дакументаў, з якіх, сапраўды, вынікалі іншыя даты. У пратаколе пасяджэння прэзідыума Інбелкульта № 39 ад 24 лістапада 1925 года ёсць канкрэтны пункт – «Аб персанальным складзе выдавецкага аддзелу ІБК».

І апошняя крыніца, на гэты раз друкаваная: кніга «Інстытут беларускае культуры (ІНБЕЛКУЛЬТ): гісторыя ўзьнікнення, сучасная структура, навукова-дасьледчая дзейнасьць» пад рэдакцыяй навуковага сакратара Інбелкульта А.Цьвікевіча, выдадзеная ў Мінску ў 1926 годзе Дзяржаўным выдавецтвам Беларусі. Тут размешчана глава «Выдавецтва», дзе гаворыцца: «…У даны момант на чале Выдавецкага аддзелу, аканчальна з’організаванага толькі ў лютым 1926 г., стаіць Член Прэзідыуму Інбелкульту і Намесьнік яго Старшыні – А.Смоліч. Асобна вызначаная Рэдакцыйная Колегія складаецца з рэдактара-мовазнаўцы, рэдактара-грамадазнаўцы і двух рэдактараў па спецыяльнасьцях...»

Далей у главе пра выдавецтва гаварылася, як затрымліваецца выдавецкая чыннасць Інбелкульта з-за празмернай загрузкі мінскіх друкарняў заказамі Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, розных Наркаматаў і іншых устаноў БССР, а таксама з-за таго, што друкарні ні арганізацыйна, ні тэхнічна не былі прыстасаваны да акадэмічнага характару выданняў Інбелкульта (адсутнасць адпаведных шрыфтоў, спецыяльных навуковых знакаў, нежаданне друкарняў як камерцыйных устаноў лічыцца з патрабаваннямі дакладнасці навуковага выдання). «Каб дасягнуць пастаўленых навуковаму выдавецтву мэт, Інбелкульт увесь час клапаціўся аб набыцці ўласнай друкарні. Сёння гэта задача пры падтрыманьні Савета Народных Камісараў БССР зьдзейсьнена: з 1926/27 акадэмічнага года Інбелкульт ужо мае ўласную друкарню».

Такім чынам, падсумоўваючы прыведзеную вышэй інфармацыю, можна з дастатковай ступенню верагоднасці лічыць, што выдавецтва Інбелкульта канчаткова аформілася ў 1926 годзе.

З 1929-га выдавецтва ў складзе Беларускай акадэміі навук. З 1932 года называлася выдавецтвам Акадэміі навук, з 1963 года – «Навука і тэхніка» (да пачатку 1990-х у складзе выдавецтва была друкарня імя Ф.Скарыны), у 1996 годзе выдавецтва «Навука і тэхніка» было скасавана і на яго базе ўтворана выдавецтва «Беларуская навука». 10 лютага 2005 года ў адпаведнасці з пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ў выніку рэарганізацыі выдавецтва шляхам далучэння да яго рэдакцыйна-выдавецкай установы «Навука і інавацыі» і паліграфічнага ўчастка ўтворана РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука». За час свайго існавання выдавецтва выпусціла ў свет тысячы кніжных тамоў. Сярод іх – зборы твораў класікаў беларускай літаратуры, манаграфіі пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Крапівы, А.Куляшова і інш.; фундаментальныя даследаванні ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнаграфіі і фальклору, мастацтвазнаўства, гісторыі, культуралогіі і г.д.

image

За 11 гадоў існавання выдавецкага дома выпуск кніжнай прадукцыі штогод павялічваўся: у 2005 годзе выйшла 60 назваў кніг, у 2010-м − 127, у 2015-м – 146. Асаблівая ўвага надаецца выданням па гісторыі навукі: працягваецца серыя «Людзі беларускай навукі», пад аналагічнай назвай выйшлі два выпускі зборніка пра выдатных беларускіх вучоных. Да 80-годдзя НАН Беларусі (2008) выдавецкі дом выпусціў некалькі фундаментальных выданняў, падрыхтаваных сумесна з Інстытутам гісторыі і выкананых у аднолькавым афармленні, папулярнай стала серыя «Біябібліяграфія вучоных Беларусі», кнігі якой (пабачылі свет ужо звыш 20 назваў) прымеркаваны да юбілейных дат вучоных.

image

Кнігі Выдавецкага дома «Беларуская навука» станавіліся пераможцамі розных міжнародных і нацыянальных конкурсаў. Выдавецтва неаднойчы ўзнагароджвалася дыпломам пераможцы і ганаровым знакам «Залаты фаліянт» у намінацыі «Найлепшае навуковае выданне» Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».

image

Кнігі выдавецтва адзначаліся і на Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў-удзельніц СНД, Міжнародным конкурсе на найлепшы навукова-выдавецкі праект «Навуковая кніга», які з 2010 года праводзіць Савет па кнігавыданні Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук.

Акрамя кніжнай прадукцыі Выдавецкі дом «Беларуская навука» выпускае перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх з’яўляецца НАН Беларусі: навуковыя часопісы «Доклады Национальной академии наук Беларуси» (перыядычнасць выхаду 6 разоў на год), «Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (штоквартальна ў 7 серыях: аграрных, біялагічных, гуманітарных, медыцынскіх, фізіка-матэматычных, фізіка-тэхнічных і хімічных навук), «Аграрная экономика» (выходзіць штомесячна), штомесячны навукова-практычны часопіс «Наука и инновации», штоквартальны навукова-тэарэтычны і інфармацыйна-метадычны часопіс «Вестник Фонда фундаментальных исследований», навуковую вытворча-практычную газету «Навука» (да 2015 года – «Веды»).

Часопісы «Наука и инновации» і «Доклады НАН Беларуси» прызнаваліся пераможцамі штогадовага рэспубліканскага конкурсу СМІ «Залатая літара» ў намінацыі «Найлепшы навуковы часопіс».

Як і на пачатку дзейнасці выдавецтва ў 20-я гады ХХ ст., у першым дзесяцігоддзі ХХІ стагодзя выдавецкі дом спазнаў цяжкасці з паліграфічным выкананнем сваёй прадукцыі. Асаблівасць акадэмічных выданняў – іх малатыражнасць, а буйныя друкарні, якія маглі б на высокім паліграфічным узроўні забяспечыць іх выпуск, тэхнічна разлічаны на шматтыражныя выпускі кніг. Друкаваць 300 экзэмпляраў кнігі па цане як за тысячу было дастаткова накладна. Выйсце было ў развіцці сваёй паліграфічнай базы, тым больш на рынку з’явілася адпаведная тэхніка. Дзякуючы дапамозе Прэзідыума НАН Беларусі і за кошт уласных сродкаў выдавецкі дом з цягам часу абсталяваў свой участак аператыўнай паліграфіі сучаснай тэхнікай лічбавага друку, пераплётна-брашуравальным абсталяваннем, што дазваляе друкаваць амаль усю перыёдыку, за выключэннем часопіса «Наука и инновации» і газеты, малатыражную кніжную прадукцыю, а таксама выконваць заказы розных арганізацый і ўстаноў на друкаванне брашур, часопісаў, буклетаў, лістовак і іншых відаў паліграфічнай прадукцыі.

image

 

image

Сёння «Беларуская навука» не толькі адно з найстарэйшых выдавецтваў краіны, але і найбуйнейшы ў Беларусі ўніверсальны цэнтр па выданні навуковай перыёдыкі і літаратуры па розных галінах навукі. Сваёй шматграннай дзейнасцю выдавецтва робіць значны ўнёсак у папулярызацыю навукі і прапаганду дасягненняў акадэмічных вучоных і ўстаноў.

 

Георгій КІСЯЛЁЎ,
галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларуская навука»

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ