28.12.2015 / № 52

Дзяржаўнай праграмай «Адраджэнне тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай

сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» быў прадугледжаны шэраг знакавых мерапрыемстваў, у якіх на працягу трох гадоў бралі ўдзел вучоныя НАН Беларусі.

Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі аказвалі метадычную падтрымку пры стварэнні Музея гісторыі слуцкіх паясоў, выкананні копій, наладжванні вытворчасці копій і ў выданні альбома-каталога, які будзе пазіцыянаваць тэму слуцкіх паясоў як у Беларусі, так і за яе межамі.

«Работу над альбомам, прысвечаным слуцкім паясам, мы пачалі год таму, − тлумачыць укладальнік альбома, загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры цэнтра Барыс Лазука (на фота). − Ідэя выдання была падтрымана пры фарміраванні дзяржаўнай праграмы на 2012–2015 гады».

«Слуцкія паясы сталі выбітнай мастацкай з’явай не толькі беларускага, але і заходнееўрапейскага дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва XVIII –XIX стст. Гэта вынік тысячагадовага развіцця на тэрыторыі Беларусі ручных ткацкіх тэхналогій і мастацкага таленту жыхароў краіны, унёсак беларускага народа ў сусветную культуру. Каб дастаткова шырока раскрыць тэму слуцкіх паясоў, мы прапанавалі вядучым спецыялістам Беларусі стаць аўтарамі каталога», − тлумачыць Б.Лазука.

У праекце ўдзельнічалі доктар мастацтвазнаўства, найбуйнейшы даследчык мануфактурнай вытворчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на Беларусі ў XVIII ст. Валерый Жук, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, дзякуючы якому пачалася рэвіталізацыя слуцкіх паясоў праз выстаўкі з розных краін свету, ды іншыя.

Буйныя калекцыі, гісторыя развіцця слуцкай мануфактуры і шмат іншага падаюцца ў альбоме праз кароткія, але інфармацыйна насычаныя звесткамі тэксты, якія дазваляюць чытачу-аматару сарыентавацца ў велізарным напластаванні ведаў пра тое, што такое слуцкія паясы, колькі ў іх кілаграмаў золата, ці можна іх зрабіць на звычайных кроснах. Дарэчы, як адзначае Б.Лазука, гэта даволі распаўсюджаныя пытанні, якія часта задаюць людзі, калі бачаць слуцкія паясы на выстаўках. «У маім тэксце, прысвечаным гісторыі слуцкай мануфактуры XVIII–XIX стст., гаворыцца пра яе стварэнне, этапы дзейнасці і г.д. Комплекс будынкаў слуцкай мануфактуры займаў 2,4 га. Агульная колькасць работнікаў дасягала 60 чалавек. Выраблялася 200 паясоў у год», − гаворыць укладальнік альбома. Брала ўдзел у праекце і Людміла Дамнянкова – лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Яе артыкул прысвечаны мастацкім асаблівасцям слуцкіх паясоў.

Мода на доўгія, шырокія шаўковыя ўзорыста-тканыя паясы прыйшла на беларускія землі дзякуючы ідэалогіі сарматызму, у аснове якой ляжалі генеалагічныя паданні аб паходжанні арыстакратыі Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў. Пад уздзеяннем легенд, шырока распаўсюджаных у дзяржаве ў XVI–XVIII стст., прадстаўнікі вярхоўнага саслоўя краіны імкнуліся ва ўсім быць падобнымі да «слаўных продкаў».

 

Слуцкія паясы ў XVIII–XIX стст. вырабляліся з шоўку, залатых і сярэбраных нітак. Адзін выраб мог утрымліваць ад 65 да 200 г каштоўнага металу. Паясы былі аднабаковымі (з левым бокам), двухбаковымі (абодва бакі правыя). Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя слуцкія паясы.

«Часам задаюць пытанне, ці не з’яўляюцца слуцкія паясы часткай агульна вядомых нам кунтушовых паясоў са сваімі адметнасцямі? Насамрэч, гэта так. Прычым кунтушовыя паясы вырабляліся на шырокай тэрыторыі: ад Ліёна да Стамбула, ад Кракава, Гданьска да Слуцка. Яны выкарыстоўваліся ў комплексе з кунтушам і жупанам. Невыпадкова вядомы спецыяліст у галіне гістарычнага касцюма, аўтар эскізаў і распрацовак для ансамбляў «Харошкі», «Песняры», копій гістарычных касцюмаў для буйных музеяў Беларусі Юрый Піскун напісаў артыкул «Кунтушовыя паясы і кунтушовы строй», − гаворыць Б.Лазука.

Трэба адзначыць, што для збору ілюстрацыйнага матэрыялу супрацоўнікі цэнтра здзейснілі шэраг паездак па Беларусі: наведалі Нясвіж, Слуцк, мінскія і абласныя музеі, дзе захоўваюцца слуцкія паясы.

 

Святлана КАНАНОВІЧ

Фота С.Дубовіка, «Навука»

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ