07.12.2015 / № 49

У Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшло пасяджэнне круглага стала, арганізаванае Інстытутам гісторыі

НАН Беларусі і Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Праблемнае поле навуковага мерапрыемства было шырокім: польска-савецкая вайна 1919-1920 гадоў і Рыжскі мір 1921 года, Беларусь ва ўмовах нацыянальнага раз’яднання (сакавік 1921 – верасень 1939 года), даследаванне рэгіянальнай гісторыі Заходняй Беларусі, геапалітычнае становішча ў Еўропе ў 1938–1939 гадах і пачатак Другой сусветнай вайны, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

У пасяджэнні прынялі ўдзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі У.Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі А. Каваленя, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь М. Жылінскі, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі В. Даніловіч, вядучыя спецыялісты па гісторыі Заходняй Беларусі – даследчыкі і выкладчыкі з Мінска, Гродна, Брэста, Баранавіч, Наваполацка.

У ходзе абмену думкамі ўдзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што ў вывучэнні гісторыі развіцця нашай краіны ва ўмовах нацыянальнага раз’яднання і падзей уз’яднання беларускага народа побач з несумненнымі здзяйсненнямі накапілася шмат праблем. Востра стаіць пытанне даступнасці архіўнай і бібліятэчнай базы крыніц для даследчыкаў і аматараў. З прычыны малых тыражоў напрацоўкі айчыннай гістарыяграфіі мала вядомыя не толькі за мяжой, але і ў Беларусі.

Выступоўцы выказаліся аб неабходнасці прытрымлівацца ўласных беларускіх нацыянальна-дзяржаўных пазіцый інтэграцыі гісторыі, у тым ліку і падзей уз’яднання беларускага народа. Прапанавана, каб 14 лістапада, дзень прыняцця ў 1939 годзе Закона БССР «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», увайшоў у лік дзяржаўных свят Рэспублікі Беларусь як «Дзень нацыянальнага яднання».

 

Сяргей ТРАЦЦЯК,

загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ