02.11.2015 / № 44
На мінулым тыдні пра новыя кластары (цэнтры) распавялі кіраўнікі інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў
НАН Беларусі. У ХХІ стагоддзі стала зразумела, што развівацца паасобку народам свету ўжо немагчыма. Таму ў розных сферах жыцця адбываецца кансалідацыя. У навуцы ж з’яўляюцца кластары, якія аб’ядноўваюць многіх даследчыкаў у дасягненні агульнай мэты.
«Важна разумець, што сёння галоўным рэсурсам становіцца сам чалавек, яго адукаванасць і прафесійная кампетэнтнасць, маральныя і валявыя якасці, − зазначыў акадэмік-сакратар АГНіМ Аляксандр Каваленя. − Для Беларусі вельмі важна паглыбленае вывучэнне духоўна-культурных традыцый і каштоўнасцей яе народа».
З гэтай мэтай на будучую пяцігодку распрацавана дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства». Для паспяховай рэалізацыі гэтай праграмы ў навуковых установах аддзялення створаны наступныя міждысцыплінарныя цэнтры: Вядучая рэспубліканская эканамічная школа, Рэспубліканскі навуковы цэнтр сацыялагічнага маніторынгу, Міжнародная школа гісторыка-археалагічных даследаванняў, Рэспубліканскі цэнтр фундаментальнай і практычнай філасофіі, а таксама Міжнародны цэнтр беларускай культуры, Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры, Рэспубліканская лабараторыя гісторыка-культурнай спадчыны. Чым зоймуцца іх супрацоўнікі?
Найважнейшая іх задача − сумесна з калегамі з ВНУ, замежнымі экспертамі разгарнуць сістэмную і комплексную працу па вывучэнні гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. У большасці навуковых устаноў аддзялення ўжо назапашаны пэўны станоўчы вопыт. Так, акадэмічныя моваведы не першы год актыўна ўдзельнічаюць у з’ездах славістаў, рыхтуюць разнастайныя слоўнікі. Як адзначыў дырэктар філіяла Інстытута мовы і літаратуры Аляксандр Лукашанец, у межах вышэйпазначанай дзяржаўнай праграмы плануецца сканцэнтраваць даследаванні моваведаў на фундаментальнай беларускай лексікаграфіі, дынаміцы развіцця сучаснай беларускай лексічнай сістэмы.
Да таго ж, запланаваны даследаванні граматычнага ладу, што будзе асновай для выдання новай акадэмічнай граматыкі беларускай мовы. Неабходна вызначыць месца беларускай мовы сярод іншых моў свету, перш за ўсё славянскіх, і асабліва высветліць яе суадносіны з рускай мовай, як другой дзяржаўнай у Беларусі.
Пэўныя праблемы трэба вырашыць і акадэмічным літаратуразнаўцам. Напрыклад, крытычна асэнсаваць сучасны літаратурны працэс у нашай краіне, у тым ліку і з пункту гледжання развіцця сусветнай літаратуры, яе актуальных тэм і патрабаванняў. Ці высветліць асаблівасці феномена рускамоўнай літаратуры ў Беларусі, а таксама вызначыць ролю нацыянальнай літаратуры ў духоўным удасканаленні нашага грамадства.
Гуманітарная навука, як і жыццё ў цэлым, абапіраецца на філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці. У планах філосафаў, па словах дырэктара Інстытута філасофіі Анатоля Лазарэвіча, − работа над падрыхтоўкай новых тамоў «Гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі». Будуць праведзены навуковыя канферэнцыі і семінары, прысвечаныя актуальным праблемам развіцця грамадства.
Цікавыя задумы і ў гісторыкаў. Міжнародныя канферэнцыі і школы, якія ладзіць Інстытут гісторыі, карыстаюцца ўвагай калег з розных краін, пра што мы ўжо неаднаразова падрабязна пісалі. У будучыні такія мерапрыемствы паступова выйдуць на больш сістэмны ўзровень. Адзначым толькі, што ў найбліжэйшых планах акадэмічных гісторыкаў − правядзенне ў лістападзе Міжнароднай канферэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае: палітыка, эканоміка, культура», па выніках якой плануецца выдаць зборнік дакладаў з апошнімі даследаваннямі па гэтай тэматыцы.
Багатая кніжная спадчына − відавочнае ўвасабленне працы вучоных-гуманітарыяў. Як зазначыў А.Каваленя, штогод даследчыкі акадэмічных устаноў гуманітарнага профілю і ВНУ рыхтуюць каля 500 выданняў. Гэта той фундаментальны падмурак, на якім ствараюцца вучэбныя праграмы для школ і ВНУ. «Без гэтай важнай працы заглохне ніва жыцця!» − падкрэслівае Аляксандр Аляксандравіч.
Гуманітарыі не спыняюцца на дасягнутым. У планах − выдаць шматтомную «Гісторыю Беларусі». А.Каваленя звярнуў увагу на тое, што падобныя працы не выдаваліся з 1975 года. Змяніўся час, а таму многія гістарычныя падзеі патрабуюць глыбокага сучаснага асэнсавання.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лакотка адзначыў актуальнасць працягу выдання «Нарысаў гісторыі культуры Беларусі». Пабачаць свет і перавыдадзеныя слоўнікі беларускай мовы. Цікава, што сярод іх будзе нават слоўнік па металургічнай тэрміналогіі. «А зусім нядаўна ўзнікла ідэя падрыхтаваць беларуска-італьянскі слоўнік. Ёсць у планах і выданне Руска-беларуска-кітайскага слоўніка, і работа над 10-томным зборам твораў Янкі Брыля», − падкрэсліў у сваю чаргу А.Лукашанец. І гэта толькі невялікая частка з усяго запланаванага...
У свой час падкрэсліваючы важнасць гуманітарных даследаванняў, вядомы французскі культуролаг Клод Леві-Строс адзначаў: «ХХІ стагоддзе будзе стагоддзем гуманітарнай навукі, альбо яго не будзе зусім». Дзяржаўны падыход і ўвага да развіцця сацыяльна-гуманітарных навук дазваляюць упэўнена глядзець у будучыню.
Сяргей ДУБОВІК
Фота аўтара, «Навука»