«О, БЕЛАРУСЬ, МАЯ ШЫПШЫНА…»

image

Вясной 1986 года Беларусь напаткала вялікая трагедыя – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Выкід радыяцыі ў выглядзе газаў, аэразоляў і цвёрдых часціц працягваўся больш за сем месяцаў: з 26 красавіка па лістапад 1986 года. Радыеактыўныя ападкі забрудзілі амаль трэцюю частку тэрыторыі Беларусі, а таксама некаторыя раёны Украіны і Расіі. Дзеля выратавання Масквы і Маскоўскай вобласці спецыяльнае фарміраванне савецкай ваеннай авіяцыі «Цыклон» з красавіка па снежань 1986 года прымушала воблакі пралівацца радыеактыўным дажджом на землі ўсходняй Беларусі. Жыццё насельніцтва Беларусі падзялілася на дзве часткі: да Чарнобыля і пасля.

У наш час актуалізаваліся глабальныя экалагічныя праблемы і выкліканая імі неабходнасць радыкальнага змянення адносін да прыроднага асяроддзя. Стала зразумела, што існаванне чалавека як часткі прыроды і як дзейнага суб’екта, які пераўтварае прыроду, знаходзіцца з ёй у супрацьлеглай залежнасці. Але не трэба забываць – прырода не пасіўны аб’ект панавання чалавека, і гэтае «панаванне» зусім не бязмежнае. Адказнасць за ўсё жывое на зямлі павінна стаць часткай чалавечай свядомасці.

Літаратура бачыла ў гэтым вялікую выхаваўчую праблему і імкнулася дапамагчы яе вырашэнню. Пімену Панчанку належаць трапныя словы: «Не люблю я слова «пакарыцель», не люблю я слова «уладар», вось зямля зялёная – бярыце для жыцця, і працы, і для мар».

Маральны ўзровень чалавека па-ранейшаму адставаў ад яго тэхнічных дасягненняў. Літаратары адчувалі небяспеку, не стамляліся нагадваць пра духоўныя повязі беларуса з навакольным прыродным асяроддзем. На мяжы 1970–1980-х гадоў з’явілася, напрыклад, аповесць Алеся Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля». Падзеі ў ёй адбываюцца ў звычайнай беларускай вёсцы пад назвай Альховыя Крыніцы, дзе жыве калгасны брыгадзір Сцяпан Дзямідчык, чалавек з развітай грамадскай свядомасцю, уласным пачуццём асобы, што і вызначае яго актыўнасць. Апроч усяго, гэты неспакойны чалавек яшчэ і філосаф, адораны нейкай рэдкай чуйнасцю да таго, што робіцца не проста навокал, а, можна сказаць, у Сусвеце. Прырода для яго – не толькі народнае дабро, якое трэба берагчы і пільна ахоўваць, але і ўлонне людскога існавання, спрадвечная яго айкумена, жывая, нарэшце, істота, надзеленая амаль чалавечымі ўласцівасцямі і адчуваннямі. «Самае лепшае, што ён ведаў і любіў у жыцці, – з захапленнем паведамляе пра яго аўтар, – гэта было поле, якое спелым коласам хілілася, гайдалася, накочвалася хвалямі насустрач чалавеку, быццам лашчылася да яго, хацела, каб ён пагладзіў яго сваёй далоняй». Сцяпан Дзямідчык і навакольная прырода – раўнапраўныя саўдзельнікі зямнога быцця, якія знаходзяцца адно з адным у працэсе несупыннай сутворчасці і ўзаемапавагі. Чарнобыльская бяда, мабыць, таму на нас і абрынулася, што такіх, як ён, сярод нас было няшмат.

«Паляванне на Апошняга Жураўля» – аповесць глыбока палітычная па сваім змесце. Тут фактычна паказаны той стан нашага грамадства, у якім яно апынулася ў сярэдзіне і напрыканцы 1980-х гадоў, спыніўшыся перад адчайнай неабходнасцю змен, перабудовы, рэформаў.

Пра ўсё гэта лёсавызначальным чынам нагадаў Чарнобыль. У вершы «Жалоба» Рыгор Барадулін пісаў:

Пасля чарнобыльскае навалы
На Беларусь прыпала
210 – з 300 –
Хірасім.
Хапіла ўсім.
Атам
Зрабіў Беларусь удавою...

Літаратура адазвалася на чарнобыльскую катастрофу ўзварушлівым, глыбока прачулым, неўтаймовым трэнам. Як буйны раманіст-летапісец, не мог абысці маўчаннем чарнобыльскую бяду Іван Шамякін. Гэтай тэме прысвечаны яго раман «Злая зорка» (1991). Назва твора – біблейскага паходжання, з сёмай главы «Адкравення Іаана Багаслова», дзе малюецца карціна апакаліпсісу: «Імя гэтай зорцы палын: і трэцяя частка вод зрабілася палыном, і многія з людзей памерлі ад вод, таму што яны сталі горкімі». Рэаліст Шамякін аднак не ўспрымае чарнобыльскую катастрофу ў апакаліптычным святле. Раманны аповед падаецца без мастацкіх умоўнасцей, перабольшанняў, як кажуць у такіх выпадках, «у формах самога жыцця». Тым не менш і героі, і абставіны ў рамане набываюць экзістэнцыяльную характарыстыку і афарбоўку: небяспека навісла над самім чалавечым існаваннем. Як заўсёды ў I.Шамякіна супраць зла ўзнімаецца дабро, аднак сіла абставін такая, што іх цяжка пераадолець. Разгортванне сюжэтнага дзеяння ў рамане супадае з хронікай саміх падзей. Аўрал пачаўся на сёмы дзень пасля аварыі, бо да гэтага «вярхоўныя» кіраўнікі ўтойвалі ад народа маштабы катастрофы: разглядалі праўду як небяспечную падрыўную акцыю. Аўтар даволі падрабязна апісвае выкліканую катастрофай сумяціцу, асабліва ў першыя дні аварыі.

«Без слёз эвакуіраваных, з трагічным маўчаннем, што горш за слёзы, праводзілі першую партыю аўтобусаў – жыхароў суседняй вёскі, падпрыпяцкай. Людзі гэтыя заўсёды жылі адасоблена, бо большасць старых і сталых былі баптыстамі; вясёлыя бязбожныя палешукі не любілі гэтых святых. Можа, таму мала хто выйшаў з клуба, з канторы следам за імі.

А пайшлі поўныя аўтобусы, на іх месца падалі пустыя – і натоўп высыпаў на вуліцу. Не, заняць месца ў аўтобусах не спяшаліся. Першыя выйшлі старыя, разгарнулі багародзіцу і запелі малітву. Вось табе і бязбожныя! Малодшыя стаялі за агароджай канторскага двара, як бы адмежаваліся, але стаялі моўчкі, слухалі паважліва, журботна. Не ў старых, што маліліся, а менавіта ў маладых, у жанчын асабліва, вочы набрынялі слязамі...

Садзілася сонца. Завалаквалася нейкай імжой і ад гэтага рабілася жоўтым. З ракі пацягнула вільгаццю».

Нямала было і такіх, што высяляцца адмаўляліся, не ведаючы, магчыма, маштабаў бяды, таго, што існавала пагроза выбуху астатніх трох рэактараў Чарнобыльскай АЭС, што быў момант, калі лік ішоў ужо не на дні, а на гадзіны. Існавала рэальная небяспека, што смертаносная хмара накрые ўсю Еўропу.

Пісьменнік не абмяжоўваецца толькі адной факталогіяй развіцця падзей, а прапаноўвае маральную ацэнку сітуацый, паводзін і ўчынкаў чалавека. У рамане «Злая зорка» ці не ўпершыню на гэты раз на поўную сілу загучала крытыка ў адрас партыі і савецкай дзяржавы, іх палітыкі ў дачыненні да чалавека і народа ў цэлым.

Да чарнобыльскай тэмы, да аналізу таго, што прывяло да гэтай катастрофы, І.Шамякін вярнуўся праз некалькі гадоў у аповесці «Зона павышанай радыяцыі» (1997), якая ўзнікла пасля наведання пісьменнікам родных мясцін, у прыватнасці, Добрушскага лясніцтва, дзе на могілках пахаваны бацькі і сёстры пісьменніка.

Выходзілі зборнікі, анталогіі твораў паэзіі, прозы, публіцыстыкі, аб’яднаныя чарнобыльскімі матывамі («Зорка Палын», 1993; «Прайсці праз зону», 2001 і інш.).

Асабліва эмацыянальна, прачула прычыніліся да гэтай тэмы майстры вершаванага радка.

image

Паэт Мікола Мятліцкі – зямляк Івана Шамякіна, паляшук, родам з вёскі Бабчын Хойніцкага раёна. Ён − летапісец чарнобыльскай трагедыі, якой прысвяціў нямала глыбокіх, прачулых кніг і асобных твораў, вядомых далёка за межамі Беларусі. Выдатна напісаны вершы «1986», «Аер», «Дзівасіл», «Дзьмухавец», «Чмяліныя соты ў высокай траве...», «Прыпяць», «Бяссмертнік». Гэтыя і іншыя падобныя творы напоўнены гаркотай і журбой, вернасцю і крыўдай. Іх героі – аднавяскоўцы і землякі паэта – на сабе зведалі цану неабачлівага і абесчалавечанага прагрэсу, які забыў пра мараль, духоўнасць і чалавечыя каштоўнасці. Але галоўнае ў гэтых вершах не тое, што страчана, а тое, што навекі засталося з ім, у чулай душы паэта. Вершы М.Мятліцкага часта вырастаюць на ўспамінах пра маці і яе дабрыню, пра суседзяў, вёску і вясковы побыт. За радком стаіць праўда перажывання.

Ахіні – бела-бела-крылом
Вечаровую вулку, бусел.
Я пагрукаю ў кожны дом,
З кожнай студні
Вады нап’юся...

Гэта высокай пробы лірыка, якая сведчыць пра вялікія паэтычныя магчымасці аўтара, магчымасці яго паэтыкі з уласцівымі ёй псіхалагізмам і вобразнасцю. М.Мятліцкі – паэт надзвычай эмацыя­нальны, яго вершы часта нагадваюць трэны (па-лацінску – плач). Гэта такія вершы, як «Матчына хата», «Я прыходжу на спатканні з тымі...», «Кут мой забыты, безабаронна...», «Выгнанне», «Пудка шапоча на ветры аер», «Стаяць бярозы ў мёртвай зоне» і шмат іншых. У іх выяўлены экзістэнцыялы перажытага і выпакутаванага людзьмі, пастаянна рэфлексуючая свядомасць паэта, які імкнецца ўсвядоміць, што ж гэта робіцца ў свеце і ў яго душы.

Выдатны верш – «Бібліятэка». Апусцелая вясковая бібліятэка. Толькі вецер «праз бітыя шыбы акон» гартае падшыўкі газет. Але ўнутраным зрокам паэт бачыць, як выйшлі з яе дзве постаці колішніх заўзятых чытачоў Маланкавіча і Буквара:

Ані слядка на расе.
Удаль павядзе іх вечар.
Старонкі прачытаны –
Ўсе! –
Трагедыі чалавечай.

У свеце паэта гаспадарыць памяць, узнаўляе свае карціны і вобразы, пацвярджае чалавечыя каштоўнасці.

Пасля Чарнобыля людзі і жыццё ўжо не маглі заставацца такімі, якімі яны былі да гэтага. Не магла заставацца ранейшай і літаратура. Адным з першых гэта адчуў Алесь Адамовіч, прапанаваўшы канцэпцыю «звышлітаратуры». Каб ускалыхнуць чалавека, узварушыць яго розум і сэрца, як разважаў ён, патрэбна не проста традыцыйная літаратура з выпрабаванай паэтыкай, а звышлітаратура. Многія з ім спрачаліся. Тэрмін «звышлітаратура» быў і сапраўды не самы ўдалы. Звышлітаратура пасля Ф.Дастаеўскага?.. Але існуючую праблему А.Адамовіч намацаў з уласцівай яму геніяльнасцю. Гаворка ішла пра ўзмацненне дакументальнага пачатку, а разам з ім гуманістычнага патэнцыялу літаратуры.

Па дарозе, вызначанай кнігай А.Адамовіча, У.Калесніка, Я.Брыля «Я з вогненнай вёскі…», пайшла Святлана Алексіевіч. Вынікі чарнобыльскай катастрофы адэкватныя вынікам вайны, і такімі яны паўстаюць на старонках яе кнігі «Чарнобыльская малітва. Хроніка прышласці» (1987). Гэтая яе кніга, як і іншыя, наратыўнага характару. Мы іх у свой час недаацанілі, і нас паправіў Нобелеўскі камітэт. Несумненна, яны застануцца дакументамі эпохі, створанымі на літаратурнай аснове, на разуменні літаратуры як чалавеказнаўства.

Сёння некаторыя лічаць, што зорны час літаратуры мінуў. Як бы там ні было, пісьменнікі працуюць, намагаюцца зразумець свой час, стан грамадства ў катэгорыях анталагічных, быційных, філасофска-метафізічных. У літаратуры ставяцца і абмяркоўваюцца пытанні аб якасці чалавечай актыўнасці, адказнасці і магчымасцях чалавека, жыццёвай пазіцыі.

«Адна з галоўных парадыгм ідэйна-мастацкага развіцця беларускай літаратуры новага і найноўшага часу, – адзначае сучасны тэарэтык літаратуры Я.Гарадніцкі, – разгортваецца ў межах суаднясення такіх глабальных катэгорый, як прырода і культура. Гэтыя базавыя паняцці аднолькава актуальныя пры вызначэнні асноўных эстэтычных прыярытэтаў беларускага слоўнага мастацтва». З гэтым можна згадзіцца. Важна аднак памятаць пра самога чалавека – носьбіта культуры і гістарычнага досведу, пра сутворчасць чалавека і прыроды, пра іх гарманічнае ўзаемадачыненне і ўзаемадзеянне.

Кажуць, што прадчуванне, прароцтва, візіянерства – прэрагатыва літаратуры, паэзіі. Уладзімір Дубоўка ў 1920-я гады прарочыў:

О, Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет.
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.

Хай нам перадасца яго вера. Паэт верыў, і мы павінны верыць. Верыць і ўсё зрабіць дзеля будучыні, дзеля таго, каб яна ў нас была.

Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ, акадэмік НАН Беларусі,

Мікола МІКУЛІЧ, кандыдат філалагічных навук

ЗАГОЛОВКИ НОВОСТЕЙ