15.02.2016/№7
У 23 раз сусветныя кнігавыдаўцы і аматары кнігі сабраліся ў Мінску ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» на традыцыйнай
Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Выдавецтвы – паказаць свае новыя працы і правесці іх прэзентацыі, а чытачы – пазнаёміцца з навінкамі і набыць іх. У гэтым годзе ў беларускім свяце кнігі ўдзельнічалі больш за 300 экспанентаў з 29 краін свету. Выдавецкі дом «Беларуская навука» НАН Беларусі таксама пазнаёміў удзельнікаў мерапрыемства са сваімі новымі выданнямі.
Арменія – пастаянны ўдзельнік Мінскай выставы на працягу дзесяці гадоў – стала ганаровым госцем. Намеснік міністра культуры Арменіі Артур Пагасян расказаў пра склад калекцыі кніг, з якой нашы сябры прыехалі ў гэтым годзе.
У прыватнасці, на нацыянальным стэндзе Арменіі былі прадстаўлены выданні, прысвечаныя 25-годдзю незалежнасці краіны, а таксама самая старая Біблія Арменіі, надрукаваная ў 1666 г. Дарэчы, выданне першай армянскай Бібліі ў друкарні Армянскай апостальскай царквы архімандрытам Восканам Ерэванцы ў Амстэрдаме ўключана ў спіс знамянальных падзей ЮНЕСКА на 2016 год. Два асобнікі Бібліі настолькі высокамастацка аздоблены, што былі падараваны французскаму каралю Людовіку XIV і Папе Рымскаму Кліменту IX.
А.Пагасян агучыў планы па супрацоўніцтве ў галіне кнігаабмену і перакладу армянскіх і беларускіх аўтараў па лініі міністэрстваў культуры абедзвюх краін. Пра сумесныя з нашай краінай выданні, напрыклад, кнігу «Непадзельнае рэчышча» Саюза пісьменнікаў Беларусі і расійскага казаў на адкрыцці старшыня камітэта па друку і ўзаемадзеянні са СМІ Санкт-Пецярбурга Сяргей Серазлееў.
Гэты год насычаны юбілейнымі датамі ў культуры і беларускім пісьменстве. Напэўна таму 2016 год прысвечаны менавіта культуры. Івану Шамякіну – 95, Уладзіміру Мулявіну – 75, Івану Мележу – 95, Кандрату Крапіве – 120, Максіму Багдановічу – 125. Вось тыя вялікія беларускія персаналіі, якія прыгадваюцца ў сувязі з юбілеямі ў першую чаргу.
Кніжны форум гэтага года абвесціў падрыхтоўку да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прэзентавала серыю ілюстраваных выданняў «Мастацкая Скарыніяна». Загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа Аляксандр Стэфановіч расказаў пра ўнікальную калекцыю дакументаў і кніг у ЦНБ, якая будзе запатрабавана ў кантэксце перавыдання і новага навуковага разгляду.
Міжнародны кніжны форум працаваў з 10 па 14 лютага і графік удзельнікаў і гасцей экспазіцыі быў даволі шчыльным. З раніцы і да вечара тут праходзілі прэзентацыі, перформансы, літаратурныя сімпозіумы, круглыя сталы і абмеркаванні. З навуковага боку цікавай прэзентацыяй стаў паказ кнігі «Слуцкія паясы: мастацтва, асобы, эпоха» з удзелам аўтара Барыса Лазукі (выдавецтва «Беларусь»). Году культуры ў Рэспубліцы Беларусь прысвячалася прэзентацыя энцыклапедыі «Культура Беларусі» ў шасці тамах ад выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі». Надзвычайнае па форме мерапрыемства праводзілася на стэндзе ЗША. Тут правялі камандную гульню-віктарыну «Вынаходкі і інавацыі ў ЗША».
Некалькі сваіх прэзентацый на «БелЭкспа» прапанаваў Выдавецкі дом «Беларуская навука». Гэта быў паказ чатырох кніг з новай серыі «Традыцыйны лад жыцця» ад акадэмічных этнографаў і мастацтвазнаўцаў. Яна выдаецца ў зручным фармаце бібліятэкі, яна прыгожа аздоблена і ілюстравана.
Як адзначыў на выставе дырэктар выдавецтва Аляксандр Сташкевіч, серыя раскрывае ўсе бакі жыцця беларускага народа: абрады, рамёствы, кухня, творчасць розных напрамкаў. Сёлета запланаваны яшчэ дзве кнігі гэтай серыі.
Сярод навінак выдавецкага дома таксама адзначым фундаментальную працу ў дзвюх кнігах ад гісторыка-археолага Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вольгі Ляўко «Славяне на территории Беларуси в догосударственный период: к 90-летию со дня рождения Леонида Давыдовича Поболя».
Гэта тэма, якую ў навуковых працах у нас раней не раскрывалі. У 2015 годзе свет убачыў першы том манаграфіі.
Акрамя мастацтвазнаўчых кніг і кніг гістарычнай тэматыкі, падводзячы вынікі мінуламу году, А.Сташкевіч зрабіў акцэнт на працы па сацыяльным і эканамічным развіцці, колькасць якіх у апошні час вырасла. З’яўляюцца кнігі кшталту «Беларусь: культурно-цивилизационный выбор» ад А.Лазарэвіча і І.Левяша. «Інстытут сацыялогіі сёння з’яўляецца вядучай арганізацыяй на рынку сацыяльных даследаванняў у краіне і гэта адбіваецца на колькасці іх публікацый», – адзначыў А.Сташкевіч. У студзені 2016 года да юбілею М.Мушынскага выйшла абагульняючая кніга «Мае Каласавіны». Выданне падобнага кшталту плануецца да юбілею Я.Бабосава. Нягледзячы на сталы ўзрост, акадэмік працуе настолькі плённа, што ўтрымлівае першае месца па колькасці публікацый у гуманітарным аддзяленні НАН Беларусі за мінулы год. А значыць, і праца аб яго жыцці і творчасці будзе не малой па аб’ёме. Шостым томам завершыцца выпуск серыі «Библиотека Радзивиллов Несвижской ординации».
Асобная прэзентацыя ад «Беларускай навукі» прысвячалася трэцяму перавыданню практычнай кнігі «Белорусский народный костюм». Яна нязменна карыстаецца высокім попытам сярод аматараў нашай самабытнасці. Таксама ў межах выставы чытачу прадстаўлены выдадзеныя ў «Беларускай навуцы» «Чарнобыльскія вершы «Мой боль вырастае да зор…» Міколы Мятліцкага.
За мінулы кніжны год выдавецкі дом прадставіў шэраг новых выданняў. З іх – прэміраваныя ў мінулым годзе «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» з чатырох тамоў, з якіх свет убачылі ўжо тры. Другая кніга трэцяга тома чакаецца ў жніўні 2016-га.
На выставе гэтага года адбылося ўручэнне ўзнагарод пераможцам 55-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Найвышэйшую ўзнагароду конкурсу ў намінацыі «Трыумф» атрымала кніга «Уладзімір Мулявін. Сэрцам і думамі...» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура».
«На змену дыктата сілы павінен прыйсці дыктат слова», – такую думку выказаў на адкрыцці выставы-кірмаша старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Будзем спадзявацца, што сваю высокую гуманітарную місію гэты вялікі кніжны форум будзе несці праз гады і надалей.
Алена ЕРМАЛОВІЧ