1.03.2022 №9

image

Мерапрыемствы Тыдня роднай мовы прыцягнулі да сябе ўвагу неабыякавых да развіцця прыгожага роднага слова.

Цішэй, ідзе дыктоўка!

image

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі 21 лютага адбылася агульнарэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Яна праходзіла ў вочнай і завочнай форме. У рэжыме анлайн заяўкі падалі каля 1000 чалавек. Праект аб’яднаў людзей рознага ўзросту, прафесій і месца жыхарства – да яе далучыліся замежныя грамадзяне нават з далёкага Кіпра.

Арганізатары выбіралі розныя ўрыўкі для чытання, разглядалі тэксты, прысвечаныя ваеннай праблематыцы, юбілейнаму выданню Ф. Скарыны, але спыніліся на творы Тараса Хадкевіча «Багацце роднай зямлі». Таму што ён адлюстроўвае прыгажосць беларускай прыроды, шматвекавую гісторыю беларускага народа і сучасныя здабыткі, тым самым арганічна ўпісваецца ў тэматыку, прымеркаваную да Года гістарычнай памяці.

Дыктоўка трансліравалася ў прамым эфіры радыёканала «Культура» Беларускага радыё, праз анлайн-платформу ZOOM, таму да яе далучыліся ўсе ахвотныя. Так, магістрант Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі Вольга Трубач расказала, што ўдзельнічала ў такім мерапрыемстве ўпершыню. Вырашыла выпрабаваць сябе, бо дыктоўкі апошнім разам пісала толькі ў школе. Прыйшла разам з іншымі ў бібліятэку НАН Беларусі, бо палічыла, што ў рэжыме анлайн будзе зусім іншы эфект.

«Усе жадаючыя мелі магчымасць праверыць валоданне нормамі беларускай літаратурнай мовы, але гэта не асноўная мэта рэспубліканскай дыктоўкі. Галоўнае: кожны змог у чарговы раз адчуць смак беларускай мовы і энергію беларускага слова», – адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў.

Усе, хто справіўся з заданнем без памылак, атрымалі акрамя сертыфіката ўдзельніка яшчэ і падарункі.

База дадзеных для навукоўцаў

image

Супрацоўнікі сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі правялі круглы стол «Праблемы картаграфавання элементаў традыцыйнай нематэрыяльнай культуры: Беларускі фальклорна-этналінгвістычны атлас (БФЭЛА)». Мерапрыемства прайшло ў рэжыме анлайн праз платформу ZOOM. Да яго змаглі далучыцца навукоўцы з розных краін свету.

Праца над БФЭЛА пачалася з 1983 года, калі навукоўцы сталі ездзіць у экспедыцыі па ўсёй Беларусі і збіраць этналінгвістычныя матэрыялы. Першасная апрацоўка і сістэматызацыя архіва адбылася ў 1997-1998 годзе. Сёння збор налічвае каля 50 тыс. картак запісаў, а ў базу дадзеных (MS Access) уведзена ўжо каля 20 000 запісаў. У гэтым годзе плануецца выданне першага выпуска «Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа». У БФЭЛА прадстаўлены нумары запісаў, самі запісы, матывы, інфарманты, збіральнікі і картаграфічная прывязка: вёска, раён і вобласць. Падрыхтаваны 87 картак па 8 тэмах: ваўкалакі; адкуль бяруцца дзеці; нябожчык, які ходзіць; масленічная калодка; млечны шлях; легенды пра «добрыя» і «нядобрыя» дрэвы і інш. У выпуску будуць апублікаваны карты з каментарыямі, на якіх наглядна можна ўбачыць, як тое ці іншае ўяўленне аб тых жа ваўкалаках характэрна для мясцовых жыхароў вызначанага населенага пункта.

«Напрыклад, матэрыялы, якія расказваюць пра з’яўленне дзіцяці на свет, адлюстроўваюць багаты комплекс уяўленняў, якія з’яўляюцца часткай цэласнай міфалагічнай карціны свету беларусаў. Можна меркаваць, што прааналізаваныя ўяўленні ў пэўнай ступені суадносяцца з антрапаганічнымі міфамі – гэта такія матывы, як дзіця з розных частак цела, дзіця з экскрэментаў, дзіця даў Бог, дзіця вырубілі з пня калоды. Акрамя гэтага, асноўная частка запісаў адлюстроўвае ўяўленні аб тым, што дзіця прыходзіць з таго свету», – кажа Т. Аліферчык.

Алена Боганева ў сваім паведамленні спынілася на праблеме картаграфавання беларускіх легенд пра «добрыя» і «нядобрыя» дрэвы. У беларускай народнай Бібліі існуюць матывы пра «добрыя» і «нядобрыя» дрэвы, а таксама ўяўленні аб тым, чаму нельга, або, наадварот, трэба забіваць павукоў. У асноўным гэта звязана з гісторыяй уцёкаў святога сямейства ў Егіпет ад цара Ірада, які даў загад знішчыць у Віфліеме ўсіх дзяцей мужчынскага полу ад двух гадоў і маладзей. Так, асіна лічыцца «нядобрым» дрэвам, таму што яна адмовілася схаваць пад сваёй кронай маленькага Ісуса і яго бацькоў – спужалася, затрэслася, і з тых часоў па гэты дзень дрыжыць на ветры. А вось павук, наадварот, дапамог уцекачам – калі яны схаваліся ў пакінутым будынку, ён хуценька аплёў павуціннем уваход, і воіны Ірада вырашылі, што там нікога няма.

«Для такой сферы, як народная медыцына, картаграфаванне – вельмі важны інструмент, бо дазваляе паказаць, што ўяўленні пра тыя ці іншыя хваробы і адпаведныя замоўныя матывы нашага народа могуць быць даволі адрознымі ў розных куточках Беларусі. Былі зроблены карты, прысвечаныя такім хваробам, як нарадка/пералогі, ураз/знос. Картаграфаванне дазволіла не пагадзіцца з такім прынятым палажэннем пра тое, што Палессе дзеліцца на Усходняе і Заходняе. Яно прадэманстравала, што гэты падзел намнога больш складаны, выдзяляецца яшчэ адна даволі замкнёная тэрыторыя, названая Загароддзем. Яшчэ адзін важкі тэзіс, які нам дазваляе сцвердзіць гэты метад, што распаўсюджванне тых ці іншых замоўных блокаў зусім не звязана з кліматам, гаспадарчымі фактарамі. Такім чынам, дзякуючы сродкам этналінгвістычнага картаграфавання ў даследаванні народнай медыцыны і замоўнай вобразнасці мы можам прадставіць дыялектную карціну, паказаць, наколькі гэта даўняя з’ява і якім чынам яна ўпісваецца ў славянскую і еўрапейскую культурную прастору», – падкрэсліла Таццяна Валодзіна.

Навуковы рэдактар і адзін з аўтараў БФЭЛА Мікалай Антропаў адзначыў, што праведзена вялікая праца, але самае галоўнае, што той матэрыял, які рэпрэзентаваны ў атласе, з’яўляецца выключным па паўнаце, разгалінаванасці і паказвае асаблівую насычанасць беларускай традыцыйнай народнай культуры. Са стварэннем БФЭЛА даследчыкі атрымалі ў распараджэнне не толькі вынікі спецыяльных даследаванняў, але і матывацыю для далейшага паглыбленага вывучэння культуры нашага народа.

Важнасць такога метада, як картаграфаванне, для пацвярджэння або абвяржэння навуковых фактаў адзначылі ўсе ўдзель­нікі мерапрыемства.

Мова ў кішэні

Адбылася прэзентацыя інавацыйнага праекта «Мова маёй прафесіі», падрыхтаванага спецыялістамі ў сферы IT (кампанія say.by) сумесна з вучонымі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі. Праект накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, галоўная задача якога, каб лю­дзі маглі ў лёгкай, даступнай форме вывучыць яе пры дапамозе ўласнага смартфона. Асабліва гэта актуальна для сферы абслугоўвання, каб супрацоўнік мог падтрымаць гутарку з беларускамоўным кліентам. Разлічана таксама на спецыялістаў ІТ-сферы, каб каманда паміж сабой магла стасавацца на беларускай мове.

Праект скіраваны на развіццё моўных навыкаў. Тут можна выконваць розныя заданні, слухаць і паўтараць беларускія фразы. «Гэта знімае псіхалагічны бар’ер, бо размаўляць з тэлефонам спачатку прасцей, чым з жывым чалавекам, і дазваляе атрымаць практыку жывога гутарковага маўлення. Пасля курса навучання можна прайсці кантрольны курс і атрымаць сертыфікат аб валоданні беларускай мовай у той ці іншай сферы», – гаворыць філолаг кампаніі say.by Марыя Бадзей.

Усе заданні былі правераны на наяўнасць памылак супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства. Праект стартаваў у мінулы панядзелак і за першыя тры дні ў раздзеле «Адукацыя» ў Google Play абагнаў у Беларусі такі папулярны дадатак, як Duolingo, які вучыць замежнай мове. Яшчэ адзін падпраект say.by – donar.by, карыстальнікі якога агучваюць сказы на беларускай мове. Гэта патрэбна для таго, каб у выніку можна было сабраць набор дадзеных і зрабіць сістэму распазнавання беларускага маўлення. Таму што сістэмы галасавога пошуку не разумеюць чалавека, які размаўляе па-беларуску. «У марафонах прынялі ўдзел шмат людзей, мы атрымалі станоўчыя водгукі, некаторыя казалі, што атрымалі вялікую асалоду, калі агучвалі беларускія сказы, маўляў, прыйшоў агучыць пяць, а ў выніку агучыў трыццаць», – адзначае М. Бадзей.

Трэці падпраект – дадатак для смартфона, у якім указаны карты з найбліжэйшымі ўстановамі, дзе размаўляюць па-беларуску і даюць зніжкі за беларускую мову карыстальнікам. Акрамя таго, быў распрацаваны дадатак, які ўяўляе сабой руска-беларускі размоўнік з наборам асноўных фраз на пэўную тэму. «Мэта гэтых праектаў – зрабіць так, каб можна было лёгка навучыцца беларускай мове і выкарыстоўваць яе ў звычайных сітуацыях», – падкрэсліла М. Бадзей.

Алена Гардзей

Фота аўтара, «Навука»