24.08.2021 №34

image

У Інстытуце мовазнаўства з’явілася новая структурная адзінка – сектар усходазнаўства.

image

Здзіўлення, аднак, экзотыка такога кшталту выклікаць не павінна. Калі пад беларускай культурай разумець не толькі тое, што стваралася на беларускай мове, але ўсе культуры, якія ўзнікалі, існавалі, а некаторыя працягваюць існаваць і развівацца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то нават неспецыялісту становіцца відавочным, што ствараліся яны не толькі па-беларуску і нават не толькі на іншых славянскіх мовах. Так, гутарковай мовай беларускіх габрэяў быў ідыш. На ёй жа пісаліся і выдаваліся шматлікія празаічныя і паэтычныя творы. Рытуальнае жыццё юдэяў цесна звязана з іўрытам – мовай семіцкай, на якой акрямя рэлігійнай стваралася і мастацкая літаратура. Менавіта на іўрыце складаў яшчэ хлопчыкам свае першыя вершы Змітрок Бядуля. А ўраджэнец Капыля Мендэле Мойхер-Сфорым лічыцца класікам літаратуры на іўрыце і ідыш.

Іншай семіцкай мовай, якой карысталіся на тэрыторыі Беларусі прыкладна з XV стагоддзя, была арабская – мова набажэнстваў і рытуалаў мясцовых татараў-мусульман. Вельмі цікавая частка рукапіснай спадчыны беларускіх мусульман – як рэлігійныя тэксты, так і мастацкія – запісана на цюркскіх мовах (пераважна на асманска-турэцкай, але ў некаторых рукапісах можна знайсці замовы нават на чагатайскай). Рэдка, але ўсё ж сустракаюцца ў беларуска-татарскай рукапіснай спадчыне і тэксты на персідскай мове.

Іншымі словамі, культуры, якія існавалі і існуюць у Беларусі, карысталіся ў тым ліку і асноўнымі мовамі Блізкага Усходу – семіцкімі, цюркскімі, іранскімі. Праца з тэкстамі на гэтых мовах прадугледжвае якасную ўсходазнаўчую падрыхтоўку, у першую чаргу філалагічную, бо класічнае ўсходазнаўчае даследаванне базіруецца на працы з арыгнальнымі крыніцамі. Менавіта таму стварэнне сектара ўсходазнаўства бачылася мэтазгодным у складзе больш буйной структуры з філалагічнай арыентацыяй. Такой структурай стаў Інстытут мовазнаўства. Пры гэтым неабходна адзначыць, што арыенталістыка была і застаецца міждысціплінарным феноменам, таму паўнавартасныя ўсходазнаўчыя даследаванні прадугледжваюць не толькі філалагічную, але і гістарычную, культуралагічную, релігіязнаўчую падрыхтоўку.

На жаль, усходазнаўства ў сучаснай Беларусі фактычна не існуе. Арыенталістычная падрыхтоўка студэнтаў ВНУ, дзе вывучаюцца тыя ці іншыя ўсходнія мовы, пакуль не адпавядае крытэрыям, прынятым ва ўніверсітэтах з даўнімі традыцыямі выкладання ўсходазнаўчых дысцыплін. Ёсць толькі асобныя даследчыкі, вядомыя сваімі працамі, і адна з мэтаў сектара – аб’яднаць іх у адной інстытуцыі, якая задавала б пэўны акадэмічны стандарт для якасных усходазнаўчых даследаванняў, а таксама магла б станоўча паўплываць на выкладанне адпаведных дысцыплін у беларускіх універсітэтах.

Ідэя заснавання сектара вырасла з даследавання пісьмовых помнікаў, якія ствараліся на ўсходніх мовах, але належаць да беларускай культурнай спадчыны. Далейшае вывучэнне гэтых тэкстаў застаецца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці, і з улікам іх спецыфікі работу сектара ўсходазнаўства было вырашана пачаць менавіта з блізкаўсходніх даследаванняў: семіталогіі, цюркалогіі, іраністыкі, ісламазнаўства. Нельга не ўлічваць і тую вялікую працу, якая ўжо зроблена ў гэтым кірунку супрацоўнікамі сектара: і ў Беларусі, і за яе межамі апублікаваны манаграфіі і шматлікія артыкулы І.А. Сынковай, М.У. Тарэлкі і аўтара гэтых радкоў.

Акрамя вывучэння беларуска-блізкаўсходніх моўных і культурных сувязей дзейнасць сектара прадугледжвае і класічныя ўсходазнаўчыя даследаванні, а таксама папулярызацыю арыенталістыкі сярод будучых спецыялістаў. Пачаў сваю працу семіталагічны семінар, у якім удзельнічаюць у тым ліку і студэнты-арабісты БДУ. Распрацоўваюцца семінары, прысвечаныя рэлігіям і літаратурам Блізкага Усходу. Плануецца развіццё супрацоўніцтва з замежнымі акадэмічнымі арыенталістычнымі ўстановамі, у тым ліку з навуковымі арганізацыямі і навукоўцамі напасрэдна ва ўсходніх краінах (арабскі свет, Іран, Турцыя, Азербайджан, Узбекістан і інш.) і пашырэнне на гэтай падставе разнастайнасці навуковых і адукацыйных ініцыятыў.

Дзмітрый СЕЎРУК, загадчык сектара ўсходазнаўства Інстытута мовазнаўства

На фота: аўтар матэрыяла

Фота М. Гулякевіча, «Навука»