10.08.2021 №32

image

Першыя аддаленыя згадкі пра гарадскіх жыхароў можна з упэўненасцю аднесці да першай паловы XIII ст.

Яно бярэ пачатак з нямецкага тэрміна «der Bürger» («гара­джанін»), які ўпершыню з’явіўся ў адным з дакументаў паўночнагерманскага горада Любэк у 1227 г. Ужо ў 1263 г. нямецкае гарадское права перайшло ў тагачасную Польшчу (горад Гданьск), а найменне «der Bürger» было заменена яго польскім адпаведнікам «mieszczanin». 

На тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага, ядро якога складалі беларускія землі, дадзеныя нормы з усёй іх тэрміналогіяй перайшлі ў апошняй чвэрці XIV ст. Першым з размешчаных у сучасных межах Беларусі горадам, які атрымаў самакіраванне паводле Магдэбургскага права, стала Бярэсце (1390). Астатнія разнавіднасці нямецкага гарадскога права (любэкскае, кульмскае, гамбургскае) у ВКЛ не прыжыліся. Жыхары гарадоў, якія валодалі гэтым правам, былі вызвалены ад феадальных павіннасцей і судовай юрысдыкцыі розных службовых асоб, падпарадкоўваючыся толькі спецыяльна створаным органам – магістратам. Тэрмін «мешчанін» перайшоў у старабеларускую мову, якая была дзяржаўнай у дадзенай краіне і канчаткова ўсталяваўся ў заканадаўчых актах да сярэдзіны ХV ст. з дараваннем у 1441 г. Магдэбургскага права гораду Слуцку.

image

Наступная згадка тэрміна «мешчанін» («мяшчане», «мяшчанства») у сучасных межах Беларусі адносіцца да 2 мая 1447 г., калі быў выдадзены агульназемскі прывілей, больш вядомы як прывілей вялікага князя Казіміра Ягелончыка. Правы і абавязкі мяшчан былі строга рэгламентаваны ў Статуце ВКЛ 1588 г. Згодна з дадзеным зводам законаў, мяшчане былі трэцім з чатырох станаў і абавязаны выконваць воінскую павіннасць і выплочваць велізарны шэраг абавязковых грашовых і натуральных падаткаў. У пералік іх правоў уваходзілі: гандаль; валоданне рознымі відамі маёмасці; удзел у самакіраванні, самаахове, а таксама іншых органах і структурах.

Удзельная вага гарадскіх жыхароў ад агульнай колькасці насельніцтва ў розныя перыяды адрознівалася: ад 3,3% у XV–XVII стст. да 10,7% у XVIII – пачатку ХХ ст. Мяшчане сярод іх былі асноўнай і самай шматлікай групай. Яны ўдзельнічалі ва ўсіх працэсах унутры горада і былі асноўнай горадаўтвараючай сілай. Без мяшчан не абыходзілася ні адна гарадская падзея – гандлёвая, культурная, палітычная, ваенная. Гэтая група выступала як даволі ўплывовая сіла. Мяшчане з’яўляліся носьбітамі, захавальнікамі і абаронцамі пэўных традыцый.

У азначэнне «мяшчане» пераважная большасць даследчыкаў запісвае жыхароў не толькі гарадоў, але і мястэчак. Абодва тыпы паселішчаў падзяляліся на прыватнаўласніцкія і магістрацкія. Аднак апошнія, нягледзячы на наяўнасць органаў самакіравання, нярэдка вымушаны былі суседнічаць з шэрагам уладанняў свецкіх або духоўных феадалаў (т. зв. «юрыдык»). Прыватнаўласніцкія гарады і мястэчкі амаль зніклі толькі на працягу ХІХ ст. пасля падзей вайны 1812 г. і паўстанняў 1794, 1830–1831 і 1863–1864 гг., калі імперскія ўлады канфіскавалі большасць паселішчаў у іх уладальнікаў. У прыватнай уласнасці да верасня 1939 г. застаўся толькі Нясвіж, які належаў славутаму магнацкаму роду Радзівілаў.

Улады Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі праводзілі ў дачыненні да мяшчан у прыватнасці і да гарадоў з мястэчкамі ў цэлым даволі супярэчлівую палітыку. Так, паводле рашэнняў сойма 1775 г., мяшчане атрымалі роўныя са шляхтай правы і маглі атрымліваць афіцэрскія чыны ў арміі, а таксама набываць маёнткі. Аднак сойм 1776 г. ліквідаваў магдэбургскае права ва ўсіх гарадах і мястэчках, акрамя васьмі буйных гандлёвых цэнтраў. На час правядзення дадзенага сойма самакіраваннем карысталася 70 паселішчаў.

Істотнай прычынай, якая стрымлівала рост некаторых гарадоў і большасці мястэчак, перашкаджаючы развіццю іх эканамічнага патэнцыялу, была катастрафічная перанаселенасць. Вытокі дадзенага фактару трэба шукаць у заканадаўчых актах, якія прымаліся ўладамі Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі як у дачыненні да мяшчан, так і ў стаўленні да асобных этнаканфесійных груп. Апошніх, па падліках некаторых даследчыкаў, на мяжы XVIII–XІX стст. налічвалася звыш 60.

Мяшчанства паводле заканадаўства і Рэчы Паспалітай, і Расійскай імперыі з’яўлялася падатковым станам. Прычым памеры грашовых выплат у казну ці чыноўнікам розных рангаў пастаянна павялічваліся, што нярэдка станавілася прычынай беднасці і сацыяльнай незадаволенасці некаторых прадстаўнікоў мяшчан. Больш за тое, заканадаўства таго часу нярэдка не выводзіла іх як асобную сацыяльную катэгорыю. Розніца была ў тым, што адбылося павышэнне маёмаснага цэнзу і скарачэнне колькасці мяшчанскіх выбаршчыкаў для органаў гарадскога самакіравання.

Няпростыя адносіны ў гарадскім асяродку захоўваліся нягледзячы на ўсе спробы павярхоўных змяненняў і нават кардынальных рэформаў, да самай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., калі мяшчанства было ліквідавана разам з іншымі саслоўямі і званнямі паводле Дэкрэта СНК ад 10 лістапада 1917 г. У 1938–1939 гг. з прававой тэрміналогіі Беларусі і сумежных краін было выведзена слова «мястэчка». Пасля гэтага тэрмін «мяшчанства» канчаткова знік з заканадаўчых актаў, але і да нашага часу выкарыстоўваецца ў навуковай (гістарычнай, этнаграфічнай), мемуарнай і мастац­кай літаратуры. У апошніх двух выпадках ён нярэдка мае адмоўны сэнс.

Кірыл МЯДЗВЕДЗЕЎ, м.н.с. аддзела гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ стагоддзя

Інстытута гісторыі НАН Беларусі, магістр гістарычных навук