3.08.2021 №31

image

Сучасны літаратурны працэс – з’ява складаная.

З аднаго боку, сёння інтэрнэт у значнай ступені задавольвае ці то не фізіялагічную незгасальную прагу да чытання. З другога – гэта зусім не той узровень тэкставага канструкта, у адрозненні ад прафесійных майстроў пяра.

Наша гутарка з дырэктарам Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Іванам Саверчанкам, старшынёй журы Нацыянальнай літаратурнай прэміі, якая ўручаецца падчас Дня беларускага пісьменства, – пра сучаснае мастацкае слова і сакрэты пісьменніцкага поспеху.

image

– Іван Васільевіч, праглядаючы на сайце litpremia.by спіс работ, дапушчаных на саісканне прэміі, разумееш, наколькі шырокія іх творчыя гарызонты. Тут і новыя публіцыстычныя даследаванні гістарычных асоб, цікавыя паэтычныя спробы тэрцын і трыялетаў, казкі… Як выбраць найлепшых?

– Сучасная беларуская літаратура, сапраўды, надзвычай поліфанічная, багатая на розныя жанры і мастацкія формы. Сёлета на атрыманне Нацыянальнай літаратурнай прэміі вылучаны 52 кнігі ў сямі намінацыях – паэзія, проза, публіцыстыка, драматургія, крытыка і літаратуразнаўства, творы для дзяцей і юнацтва, дэбют.

У конкурсе бяруць удзел вядомыя творчыя асобы і грамадскія дзеячы. Дзве яркія кнігі мемуараў напісаў Аляксандр Радзькоў: «Мой физмат» і «Дискретный под­ход к наблюдению жизни». У іх вельмі добра перадаецца грамадская атмасфера апошняга часу, надзвычай цікава расказваецца пра многіх выдатных асоб, у нечаканым ракурсе асвятляюцца важныя гістарычныя падзеі і розныя здарэнні.

Адметную кнігу краязнаўчага плана падрыхтаваў публіцыст і літаратуразнавец Алесь Карлюкевіч – «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі». Карыфей айчыннага літаратуразнаўства і настаўнік, які выхаваў шырокую плеяду творцаў, Вячаслаў Рагой­ша напісаў «Дзесяць саг пра Караткевіча», у якіх расказаў пра асабістыя адносіны са славутым майстрам слова.

– Поспех літаратурны і камерцыйны часам зусім не адно і тое ж. Ці не так? За якую літаратуру сёння чытач галасуе рублём?

– На кніжным рынку найбольш запатрабавана літаратура для юнац­тва, што вельмі радуе. Гэта сведчыць аб тым, што бацькі клапоцяцца пра сямейнае чытанне, дбаюць пра літаратурнае і эстэтычнае выхаванне дзяцей. Многія выдатныя майстры слова пішуць творы, адрасаваныя розным узроставым катэгорыям дзяцей – падлеткам і школьнікам. Наватарскую кнігу для дзяцей з уласнымі каларытнымі ілюстрацыямі да твораў надрукаваў Сяргей Давідовіч. Яна выйшла пад назвай «Казкі і прыгоды» (2020). Гэтаксама Фёдар Гурыновіч выдаў на рускай мове добра ілюстраваную кнігу для дзяцей «Наши друзья от А и до Я».

Мяне вельмі парадаваў паэтычны зборнік Віктара Шніпа з красамоўным найменнем: «Белае, чорнае і залатое» (2020). Кніга напоў­нена светлымі пачуццямі і аптымістычнымі сентэнцыямі аўтара.

– Калі казаць увогуле, то чым сучасная літаратура 2000-х адрозніваецца ад усяго таго, што пісалася раней?

– За час незалежнасці Рэспублікі Беларусь створана якасна новая нацыянальная літаратура. Найбольш каштоўныя здабыткі атрыманы ў галіне гістарычнай прозы, у якой адлюстравана як сівая даўніна, так і падзеі нядаўняга часу. Цікавыя творы па гісторыі Беларусі напісалі Алесь Марціновіч, Мікалай Ільінскі, Вітаўт Чаропка, Валерый Чудаў, Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж. Іх наватарскія кнігі маюць не толькі пазнавальнае і выхаваўчае значэнне для моладзі, але і спрыяюць фарміраванню гістарычнай свядомасці нашых сучаснікаў.

Значным творчым дасягненнем апошняга часу з’яўляецца раман Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў», у якім ажыццёўлена глыбокае дакументальна-мастацкае асэнсаванне трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны, паказана жахлівае жыццё людзей у Мінскім гета, праўдзіва выкрываюцца злачынствы фашыстаў, скіраваныя супраць дзяцей і падлеткаў.

Рэаліі нашага часу выдатна прадстаўлены ў цудоўных аповесцях і раманах Георгія Марчука, Анатоля Казлова, Андрэя Федарэнкі, Васіля Шырко і Віктара Праўдзіна. Пісьменнікі заглыбляюцца ў духоўны свет сучаснікаў, расказваюць пра жыццё інтэлегенцыі і простых людзей, уздымаюць актуальныя грамадскія праблемы і адвечныя пытанні.

– Напрыканцы не магу не запытацца пра ваш рэцэпт поспеху як лаўрэата гэтай прэміі ў намінацыі «Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства» ў 2020 годзе? Што параеце працаўнікам пяра: і сталым, і пачаткоўцам?

– Нацыянальная літаратурная прэмія прысуджаецца за яркія і самабытныя творы, выкананыя на высокім прафесійным узроўні. Важна, каб кнігі ўтрымлівалі гуманістычны зарад, фарміравалі культуру асобы, спрыялі інтэлектуальнаму росту чытача. У Беларусі шмат таленавітых майстроў слова – празаікаў, паэтаў і публіцыстаў, што з’яўляецца зарукай з’яўлення новых выдатных літаратурных твораў.

Шчыра жадаю ўсім творцам шчодрага творчага плёну на карысць нашай краіны, дзеля адзінства і лучнасці беларускай нацыі, а таксама добрых водгукаў на свае творы ад удзячных чытачоў.

Гутарыў Сяргей ДУБОВІК, «Навука»