8.06.2021 №23

image

Наталля Сухаи - мастачка, дызайнер і прызнаны знаўца выцінанкі.

У межах ІІ Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшоў майстар-клас мастачкі, дызайнера і прызнанага знаўца выцінанкі Наталлі Сухой.

Кожны з удзельнікаў мерапрыемства паспрабаваў з дапамогай нажніц і паперы зрабіць сабе на памяць пано з кампазіцыяй «дрэва».

image

– Наталля Аляксандраўна, што такое выцінанка?

– Гэта народнае мастацтва выразання з паперы. Яно існуе на нашых землях ужо больш за сто гадоў. Не такі вялікі тэрмін, але ж сімвалы і вобразы, якімі карыстаемся ў творчасці, архаічныя. Яны нас яднаюць з нашымі каранямі. У традыцыйнай культуры ёсць такая рыса, як сінкрэтычнасць: калі песня, казка, абрад, строй, звычай, некія забабоны, рамёствы, спосаб вядзення гаспадаркі, стасункі – усё сплецена ў цесны ўзаемазвязаны і ўзаемазалежны клубок. Тое самае і да выцінанкі. Гэта толькі маленькая частка вялікага комплексу розных ведаў і навыкаў, якія мы атрымалі ад нашых продкаў і працягваем перадаваць іншым пакаленням.

image

– Як з’явілася і адраджалася выцінанка?

– Калісьці хаты тапіліся па-чорнаму: дым выходзіў не праз трубу ўверх, а праз вокны, і зразумела, памяшканні былі выпацканыя сажай – было не да ўпрыгожванняў. Печкі пачалі будаваць прыкладна ў ХІХ стагоддзі, тады ў інтэр’еры пачалі з’яўляцца тыя класічныя рысы, якія мы па сёння прасочваем. Гэта белыя рушнікі на іконах, выразаныя з паперы фіранкі на вокнах. Ствараць з тэкстылю часам не хапала сродкаў, а папера была даступная для шырокіх слаёў насельніцтва, што таксама паспрыяла распаўсюджанню выцінанкі.

Потым уздым цікавасці да яе ўспыхнуў на пачатку стагоддзя і ў пасляваенныя часы, калі гаспадарка была ў заняпадзе, а душа прасіла прыгажосці. Дарэчы, многія бабулі не захоўвалі свае работы, выкідвалі на сметнік, палілі ў печы, таму так цяжка было адраджаць гэта мастацтва. Калі ў Польшчы ці Украіне яго пачалі вывучаць у 1950–1970 гады, то першыя навуковыя публікацыі пра беларускую выцінанку з’явіліся толькі ў 1988 годзе. Даследчык Яўген Сахута ў часопісе «Мастацтва» надрукаваў артыкул, дзе ўвёў у мастаўчазнаўчы абы-ход гэты тэрмін.

У нашы часы шмат чаго зрабіў для адраджэння беларускай выцінанкі як культурнай з’явы Вячаслаў Дубінка. Ён быў журналістам і часта вандраваў па былым Савецкім саюзе. У чаканні вылету ён браў нажніцы ў рукі і, як яго маці калісьці на Случчыне, выразаў з паперы цікавыя рэчы.

– Выцінанка – чыста беларуская з’ява?

– Не толькі, яна распаўсюджана на Украіне, Польшчы, Літве. У некаторых рэгіёнах Расіі таксама існавала традыцыя выразання з паперы. І з выцінаннем з суседніх краін у нас ёсць падобныя рысы.

Сёння яно часта стала выкарыстоўвацца ў дызайне. На ІІ Еўрапейскія гульні лагатып быў зроблены на аснове беларускай выцінанкі. Цудоўна, калі яна знаходзіць сваё ўвасабленне ў сучасных формах, у тым жа дызайне, мастацкім афармленні кніг, дэкоры жытла.

– Як да яе прыйшлі асабіста вы?

– З ёй я першы раз пазнаёмілася ў мастацкай школе ў Маладзечна, дзе жыла. У мяне была цудоўная настаўніца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава – чалавек, які стварыў Мала­дзечанскую школу выцінанкі. Дзякуючы ёй зараз пры музычным каледжы існуе аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які выпускае прафесійных выцінаншчыкаў. Гэта была «мая мама ад мастацтва». Шмат маіх сяброў, з кім тады вучыліся ў мастацкай школе, зрабілі выцінанку справай свайго жыцця.

Гутарыла Алена ГАРДЗЕЙ

Фота аўтара, «Навука»

Міністэрствам культуры сёлета запланавана падрыхтоўка намінацыі па элеменце «Беларускае мастацтва выцінанкі» для яе накіравання ў Сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Таму, магчыма, хутка пра нашу выцінанку даведаецца ўвесь свет.