15.03.2021 №11

image

Акадэміку-сакратару Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандру Аляксандравічу Кавалені - 75-гадоў.

Імя акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, члена-карэспандэнта, доктара гістарычных навук, прафесара Аляксандра Аляксандравіча Кавалені шырока вядома ў асяроддзі вучоных, педагогаў і студэнтаў. 14 сакавіка ён адзначыў 75-годдзе.

Аляксандр Аляксандравіч нарадзіўся ў г.п. Капыль Мінскай вобласці ў сям’і настаўніка. Яго бацька, былы партызан, працаваў дырэктарам школы. Маці, партызанская сувязная ў гады Вялікай Айчыннай вайны, рызыкуючы жыццём, выконвала баявыя заданні, пасля вайны была хатняй гаспадыняй. У вялікай сям’і Каваленяў было 6 дзяцей: 4 хлопцы і 2 дзяўчынкі. Менавіта ў гэтым асяроддзі фарміраваліся цэльнасць характару Аляксандра Аляксандравіча, яго прага да ведаў, настойлівасць і працавітасць.

У 1970 г. А. Каваленя паступіў на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Тут займаўся грамадскай дзейнасцю, працаваў у студэнцкіх будаўнічых атрадах у Карэліі, Сібіры, на будоўлях Беларусі. У 1979 г. ён стаў аспірантам кафедры гісторыі КПСС згаданага ВНУ, затым абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Идейно-политическая работа подпольных партийных организаций КП(б)Б в партизанских зонах».

Вынікам руплівага пошуку даследчыка стала манаграфія «Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі. 1941–1944. Вытокі. Структура. Дзейнасць» (Мн, 1999). У 2000 г. па гэтай тэме А. Каваленя абараніў доктарскую дысертацыю.

Падрыхтаваны пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча вучэбна-метадычны комплекс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)» (Мн., 2006–2009), які ўключае праграму, падручнікі для ВНУ і сярэдніх агульнаадукацыйных устаноў, даведнік, рабочы сшытак, хрэстаматыю, дапаможнік для настаўніка, прызнаны лепшым сярод краін СНД.

У 2004–2010 гг. Аляксандр Аляксандравіч працаваў дырэктарам Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Гэта быў этап напружанай, але плённай дзейнасці – рэарганізацыя структуры інстытута, вызначэнне новых кірункаў навуковых даследаванняў і інш. Дзякуючы энергіі вучонага як кіраўніка, Інстытут гісторыі ператварыўся ў дзяржаўны цэнтр арганізацыі сістэмных гістарычных даследаванняў.

У лютым 2009 г. А. Каваленя прызначаны акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.

За ўвесь час навукова-педагагічнай дзейнасці вучоным апублікаваны больш 700 навуковых і навукова-метадычных прац, а таксама звыш 70 асабістых і калектыўных манаграфій, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, даведнікаў і брашур. Ім сфарміравана моцная навуковая школа даследчыкаў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Пры ўдзеле А. Кавалені як арганізатара творчага калектыву, навуковага рэдактара і аднаго з аўтараў упершыню ў гістарычнай навуцы да 70-годдзя Вялікай Перамогі была падрыхтавана калектыўная манаграфія «Вклад белорусского народа в Победу в Великой Отечественной войне» (Мн., 2015), якая стала пераможцам Міжнароднага конкурсу «Научная книга – 2015». У 2018 г. завершана шматгадовая міжнародная праца «Страна в огне. 1941–1945» у 3-х тамах і 6-ці кнігах, за якую А. Кавалені ў складзе аўтарскага калектыву прысуджана прэмія РАН і НАН Беларусі.

Вялікі ўнёсак А. Каваленя зрабіў у распрацоўку канцэпцыі, падрыхтоўку рукапісу, а затым выданне, шырокую папулярызацыю і прэзентацыю калектыўнай фундаментальнай працы «История белорусской государственности» ў 5-ці тамах, якое стала пераможцам у намінацыі топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі за 2019 год. А таксама ўклад А. Кавалені ва ўнікальнае 7-томнае выданне «Республика Беларусь. 25 лет созидания и свершений» (2020 год).

За вялікую працу на карысць гуманітарнай навукі краіны Аляксандр Аляксандравіч неаднаразова адзначаўся Ганаровымі граматамі розных узроўняў, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 2006 г. – медалём Францыска Скарыны. У 2014 г. Аляксандру Аляксандравічу прысвоена званне заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь. У ліку нядаўніх важкіх узнагарод – Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», званне «Вучоны года НАН Беларусі – 2019».

А. Каваленя падкрэслівае, што гісторыя вельмі неахвотна раскрывае свае скарбонкі. Толькі настойлівых і апантаных чакаюць новыя адкрыцці. Патрэбна цярпенне і ўдумлівасць іх асэнсавання. Сам ён заўсёды прытрымліваецца прынцыповага стаўлення да кожнага гістарычнага факта і падзеі. Навуковы такт яго ацэнак і высноў з’яўляецца прыкладам грамадзянскай адказнасці даследчыка перад гістарычнай навукай. Аляксандр Аляксандравіч – патрабавальны, нават катэгарычны, калі адстойвае прынцыповыя навуковыя палажэнні.

Дзякуючы няўрымслівасці, апанта­насці і навуковай пазіцыі А. Кавалені з небыцця вернуты і ўпісаны ў Велічную кнігу гістарычнай памяці сотні імёнаў нашых суайчыннікаў. Яго даследаванні і публічныя выступленні – прыклад грамадзянскага служэння беларускаму народу, адстойвання нашых нацыянальных інтарэсаў. Гэта непасрэдны практычны ўклад у фарміраванне гістарычнага светапогляду і выхаванне патрыятызму.

Бясспрэчна, сёння А. Каваленя – адзін з буйнейшых спецыялістаў у галіне гістарычнай навукі, які не спыняецца на дасягнутым і мае шмат новых задум.

Ад усяго сэрца жадаем Аляксандру Аляксандравічу моцнага здароўя, творчага натхнення і новых поспехаў на ніве навуковай і грамадскай дзейнасці!

Калегі, вучні, сябры

Фота С. Дубовіка, «Навука»