27.07.2020 №30

image

Сёлета ў Выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла кніга «Лавіся, рыбка, вялікая і малая».

Гэта выданне – вынік сумеснай працы малодшага навуковага супрацоўніка аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ягора Ненадаўца з бацькам, вядомым міфолагам Аляксеем Ненадаўцом. Аб тым, як рыбалоўства звязана з фальклорам, нам расказаў Аляксей Міхайлавіч.

– У кнізе вы згадваеце, якую рыбу, колькі і дзе лавілі, якія вадаёмы асабліва славіліся багаццем рыбных запасаў. Раскажыце, як змянілася сітуацыя з даўніх часоў на нашых вадаёмах і ўвогуле з культурай рыбалоўства.

– Справа ў тым, што пачынаючы з даўніх часоў рыбалоўства было жаданай справай. Для таго, каб налавіць на сняданак і вячэру, чалавеку было дастаткова дайсці да бліжэйшага вадаёма. Рыба не з’яўлялася нейкай рэдкасцю. Вадзілася мноства відаў, якія сёння выклікаюць здзіўленне: бялуга, асетр, харыус, вугор. Продкі сцвярджалі: «на нераст раку можна было перайсці па спінах рыб». Згаданыя бялугі, якія ва­дзіліся ў буйных рэках, вырасталі да чатырох метраў даўжынёю і да тоны вагою. Каб перавезці такую рыбіну, трэба было спарваць сялянскія вазы. Паступова з развіццём прамысловасці, з павелічэннем колькасці насельніцтва рыбныя багацці краю пачалі бяднець.

– Рыбалоўства – важны народны промысел. За доўгі час сабралася шмат разнастайных прадказанняў і павер’яў, звязаных з надвор’ем, паводзінамі рыбы...

– На самой справе, чалавек хоць і ведаў гэтыя павер’і, але не карыстаўся імі, бо рыбы налавіць на вячэру ён усё роўна мог у любы час, у любое надвор’е. Праўда, неабходна было добра ведаць бліжэйшыя віры, ямы, мелкаводдзе. Напрыклад, калі бяроза распускае лісце – актыўна нерастуюць лешч і плотка. Калі на вадаёме пачарнеў лёд, то шчупак разбівае яго хвастом. Калі вельмі парыць, то рыба ідзе на глыбіню і яе трэба лавіць там. У народзе лічылася, што звычайны ёршык з’яўляецца так званым «Айбалітам»: «сцвярджаюць, што любая рыбка стараецца датыкнуцца да яго, каб пазбавіцца сваіх хвароб». Калі стаіць моцны мароз і мяце завіруха, то ў гэты час нерастуюць ментузы. Выслоўе «дзе зімуюць ракі» расшыфроўваецца вельмі проста: у глеі. Адметнай з’яўляецца старажытная беларуская прыкмета: калі перад рыбаком плёсне хвастом шчупак, то такі чалавек пражыве не больш трох гадоў пасля гэтай сустрэчы. Сцвярджалася, што злоўлены шчупак, прынесены дамоў жывым і потым заліты гарэлкай на сем сутак, становіцца надзвычай эфектыўным сродкам пры лячэнні алкаголікаў. Увогуле менавіта са шчупаком у нашых продкаў звязваліся рэцэпты народнай медыцыны.

– У вашай кнізе ёсць асобная глава – «Вадзянік і рыбаловы»…

– Звычайна ў рыбацкім асяродку вадзяніком лічылі пераважна сама. Сцвярджалі, што ўсе астатнія прыслужваюць яму. Лічылася, што каб не злаваць «вадзянога бацьку», не трэба курыць, брыдкасловіць і гучна размаўляць на вадаёме. Гаварылі таксама, што ён асабліва помсціць тым, хто забруджвае рэкі, азёры. Для такога рыбака выплыванне ў чоўне заўсёды надзвычай небяспечнае.

– Якія існуюць непаўторныя спосабы лоўлі рыбы?

– У канцы ХІХ ст. навучыліся травіць яе кукельванам, а потым вылоўлівалі і ўжывалі ў ежу. Ці сумнавядомыя выбуховыя рэчывы, выкарыстанне электрычнай энергіі... Усё гэта варварскія метады. Прыгадаем лоўлю рыбы і ракаў рукамі з печак (норак), выкарыстанне шчыльных запруд, з якіх потым проста выбіралі рыбу. Раней умелі лавіць нават з палонак голымі рукамі.

– Як толькі з’явіліся першыя лю­дзі на беларускіх землях, яны сталі асвойваць вадаёмы і рэкі. Да гэтага прымушала іх жыццёвая неабходнасць. Можна толькі захапляцца, як са звычайнага сучка ці рыбнай косткі яны рабілі рыбацкія кручкі... Наколькі было распаўсюджана браканьерства?

– Яно з’яўляецца параджэннем глабалізацыі чалавецтва і неабдуманага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Раней чалавек лавіў столькі рыбы, каб пракарміць сям’ю. Потым, каб пракарміць сям’ю і прадаваць, а пазней стаў вынішчаць рыбныя багацці, спадзеючыся, а то і не беручы ў галаву, што гэта ўсё адродзіцца само па сабе.

– Самы вялікі ваш улоў?

image

– Мінулым летам выцягнуў на звычайную вудачку пяцікілаграмовага ляшча, з якім мяне і сфатаграфаваў сын (на фота).

Гутарыла Юлія ЯЎМЕНЕНКА, «Навука»