6.07.2020 №27

image

У Выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла кніга, прысвечаная гісторыі бортніцтва, узнікненню і развіццю пчалярства ў Беларусі.

Мы даведаліся ў аўтара, малодшага навуковага супрацоўніка аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ягора Ненадаўца пра таямніцы беларускага пчалярства.

– Ваша кніга – вынік сумеснай плённай працы з бацькам Аляксеем Ненадаўцом. Акрамя звестак з гісторыі бортніцтва вы звярнуліся і да фальклору. У кнізе вы­карыстоўваюцца вусна-паэ­тычныя і літаратурныя творы. Як гістарычныя звесткі пра развіццё бортніцтва пераплятаюцца з вуснай народнай творчасцю?

– У беларускім фальклоры адметнасцю твораў, дзе сустракаецца матыў пчалы, з’яўляецца тое, што ўвага ў іх звяртаецца на звышнатуральнасць пчолкі. Гавораць, што яна не дохне, а памірае, нібы чалавек. Спрадвеку лічылася, і гэта знайшло адлюстраванне ў фальклоры, што пчолка надзвычай працавітая. Для любога чалавека найвышэйшым ухваленнем было выслоўе: «працавіты, шчыры, самаадданы, самаахвярны, як пчала». Нашы продкі пастаянна падкрэслівалі, што раз «гэта промысел Божы», то і пчаліны здабытак належыць усяму роду, а потым сям’і. Значна пазней традыцыя збірання беларусаў на дзень мядовага Спасу для «падгляду» пчол стала своеасаблівым святам, якое падкрэслівала даўнасць гэтай завядзёнкі. На вялікі жаль, сучаснае пчалярства амаль поўнасцю адмовілася ад традыцыі, пакінуўшы для сябе толькі аспект уласнага ўзбагачэння.

– Якія паданні людзі складалі пра пчалу?

– Паводле рускага апокрыфа, пчалу на белы свет упершыню выпусціў Спас (Хрыстос). Пра гэта згадва­ецца ў многіх царкоўна-славянскіх тэкстах. Яна магла ўтварацца з гаручых слёз няшчаснай дзяўчыны, якая сядзела пасярод міфічнага мора і плакала. Яе суцешыў сам Бог у выглядзе звычайнага чалавека. Казалі таксама, што першы рой здзіўленыя рыбакі выцягнулі з марскога дна і потым пчолы разляцеліся па белым свеце. Сустракаюцца разнастайныя сведчанні і пра тое, што пчолак на нашу зямлю занеслі вандроўнікі з Егіпта. Хоць пчала вельмі маленькая па сваіх памерах, але ў сусветнай міфалогіі зай­мае значнае месца.

– Як зараджалася бортніцтва на нашых землях?

– Спачатку пчалярства нават нельга было так называць, толькі «дзікім бортніцтвам», бо далёкія продкі, адшукаўшы дзікія раі пчол, проста выпальвалі лятучыя стварэнні, а сабе забіралі мёд. Тых старажытных пчол называлі «свепетам». Паступова, заўважыўшы надзвычайную спажыўнасць пчаліных прадуктаў, людзі сталі задумвацца над тым, каб перасяліць пчол у зручныя для сябе мясціны. Так і з’явілася сярэднявечнае бортніцтва. У гэты час для раёў бортнік высякаў у дрэве штучныя адтуліны (борці) і потым пазначаў дрэвы асабістымі знакамі.

– У народным асяроддзі пчаляры часта асацыіраваліся з ведаючымі людзьмі, здольнымі да чараўніцтва…

– У розныя часы адносіны да пчаляроў былі неадназначныя. Спачатку іх баяліся, бо яны «прычароўвалі» пчол, прымушалі іх сабе мёд насіць. Пазней іх ужо не баяліся, а паважалі за тое, што яны мелі значны здабытак, які іншым быў недаступны. Ужо ў канцы ХІХ – пач. ХХ ст. пчаляры страцілі значную частку людскога даверу, бо перасталі дзяліцца сваёй здабычай з іншымі, такім чынам прысвойваючы ўсё толькі сабе, маючы з гэтага значную выгаду. Прыгадаем раман «Лю­дзі на балоце» І. Мележа, дзе Васіль Дзяцел адмовіўся даць лыжачку мёду для хворага дзіцяці свайму аднавяскоўцу Грыбку...

– Раскажыце пра традыцыі развядзення пчол.

– Яны засталіся адвечнымі: звычайна ад старога рою аддзяляўся малады рой, які саджалі ў пустыя борці, а пазней ў вуллі, такім чынам павялічваючы колькасць сем’яў на сваіх пасеках. У гэтым плане ў пчалярстве нічога не змянілася, усё засталося, як і тысячы гадоў таму.

Гутарыла Юлія ЯЎМЕНЕНКА, «Навука»