30.03.2020 №13

image

Што новага чакае наведвальнікаў і калі Музей старажытнабеларускай культуры адчынiць свае дзверы, расказаў дырэктар музея Барыс Лазука.

Музей старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі быў створаны больш за 40 гадоў назад. Таму невыпадкова наспела ідэя рэканструкцыі і мадэрнізацыі, якая знайшла сваё ўвасабленне. Зараз ствараецца новая экспазіцыя з сучаснымі падыходамі і тэхнічным аснашчэннем. Што новага чакае наведвальнікаў і калі ён адчынiць свае дзверы, расказаў дырэктар музея Барыс Лазука.

Рэальнае і віртуальнае

Мадэрнізацыя пачалася ў 2019 годзе і працягнецца да канца года. Выкананы мастацка-дызайнерская і архітэктурная часткі праекта. Тры экспазіцыйных залы маюць плошчу 600 м². Як і раней, будуць дэманстравацца археалагічныя помнікі, экспазіцыя народнага мастацтва і этнаграфіі, а таксама помнікі сакральнай культуры. Калекцыі музея дазваляюць у комлексе прадставіць беларускую культуру ад старажытных часоў да ХХ стагоддзя.

«Рамонт выкананы з улікам мастацкіх задач. Кожная зала будзе закрывацца асобна з мэтай надзейнай аховы экспанатаў. Сфарміруем належную ўваходную групу. Музей раней быў больш сялянска-сакральны, а зараз комплексны. Ён прадставіць культуру розных эпох, сацыяльна-саслоўных груп і канфесій. Музей стане даступны да разумення простаму гледачу. Дзякуючы рэканструкцыі павялічваецца дэманстрацыйная плошча. З’явяцца папярочныя перагародкі з вітрынамі. Экспазіцыя стане зручнай да наведвальнікаў. Галоўнае для нас, каб у гледача фарміравалася поўнае ўяўленне аб характары беларускай культуры – традыцыйнай, народнай, абрадавай. Многае, што знаходзілася ў сховішчах музея, будзе выстаўлена ў залах. Напрыклад, з’явяцца два слуцкія паясы ў спецыяльных вітрынах, а на манекенах – прадметы царкоўнага аблачэння, пашытыя з шыкоўных тканін ХVII–XIX стагоддзяў.

Частка калекцыі музея, якая не памесціцца ў залах, будзе дэманстравацца на маніторах. А калі наведвальнік пажадае ўбачыць народныя беларускія святы, ён націсне на кнопку і ў мультымедыйным выглядзе атрымае відэаінфармацыю. Усяго будзе 7 манітораў (інфакіёскаў). На рэнавацыю выдаткавана 1,5 млн рублёў», – расказаў Б. Лазука.

Акцэнты і прыярытэты

У першую чаргу ў музеі прадставяць народнае дэкаратыўнае мастацтва, у тым ліку аўтэнтычныя касцюмы: 30 строяў пакажуць на манекенах. Калекцыя традыцыйных тканін увогуле самая вялікая ў свеце (рушнікі, посцілкі, абрусы, карункі, маляваныя дываны і г.д.). Музей валодае і самай вялікай у краіне калекцыяй абразоў (пачынаючы з XV стагоддзя). Акрамя хрысціянскіх канфесій будуць прадстаўлены помнікі іўдаізму, ісламу. Пакажуць традыцыйную мэблю, кераміку, тканіны. Зробяць імітацыю сялянскай хаты.

«Мы жадаем расставіць акцэнты і прыярытэты. Упершыню пакажам арыстакратычную культуру. Раней яе прыклады не выстаўляліся, бо як паказаць побытавае шкло XIX стагоддзя, якога ў сялянскім доме не было? Чаму мы акрамя народнай і традыцыйнай культуры, такой вельмі яркай і маркіруючай, не можам збіраць яшчэ рэчы арыстакратыі, шляхты, мяшчан, гарадскога насельніцтва, інтэлігенцыі? Дзеля гэтага аднаўляецца зала ХVIII стагоддзя з калонамі і ляпнінай, ацяпляльнай печкай, якая будзе абкладзена кафляй. Аднавілі гарнітур печы, люстэркі, асвятляльныя прыборы, у прыватнасці насценныя бра па выгляду вырабаў Налібоцкай шкляной мануфактуры князёў Радзівілаў. Яна – адна з найстарэйшых у Беларусі. Створана на высокім тэхнічным узроўні», – адзначыў Барыс Андрэевіч.

Вартасць экспазіцыі 

Яна – у комплексным прадстаўленні. Пакажуць народна-дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а побач – святы і побыт.

Сярод навінак – вялікія дыярамы. Напрыклад, адна з іх дэманструе святкаванне каляд, другая прысвечана эпосе бронзы. На трэцяй адлюстраваны сямейны вясельны абрад адчэпіны (павязванне хусткі/чапца). Гэта фрагмент шлюбнага абраду, калі нявесце, якая вярнулася пасля вянчання з царквы ў хату бацькоў, жанчыны павязваюць хустку, такім чынам ператвараючы яе ў замужнюю кабету.

Таксама ў планах навукоўцаў – зрабіць званічку, каб ладзіць канцэрты калакольнага звону. Б. Лазука прызнаецца, што не хоча, каб залы былі маўклівымі, бо яны павінны заклікаць гледачоў і закранаць іх душу і розум.

Юлія ЯЎМЕНЕНКА

Фота аўтара, «Навука»