28.01.2020 №4

image

У сучасных геапалітычных умовах беларусам неабходны ўласны погляд на гісторыю, які дазволіць супрацьстаяць навязванню скажоных і чужых уяўленняў аб нашым мінулым.

Ва ўсе часы дзяржаўнасць народа з’яўляецца прадметам ідэйнага проціборства. Гэтая праблема не страціла сваёй актуальнасці і для беларускага грамадства. Нават абвастрылася ў перыяд здабыцця нашай краінай суверэнітэту.

Розныя палітычныя суб’екты ўнутры грамадства, а таксама знешнія сілы заўсёды імкнуцца ўкараніць у грамадскую свядомасць такія ідэі і ўяўленні адносна дзяржаўнасці, якія адпавядалі б іх інтарэсам і памкненням. Таму даследаванні гісторыі народа і яго дзяржаўнасці маюць важны ідэалагічны аспект.

Акадэмічныя вучоныя-гісторыкі разам з калегамі з вну ўвялі ў навуковы абарот велізарны масіў раней невядомых архіўных дакументаў і матэрыялаў, а таксама археалагічных крыніц, якія дазволілі выявіць гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці, раскрыць перадумовы фарміравання нацыянальна-дзяржаўнай ідэі беларускага народа і яе станаўленне; вызначыць уплыў геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне на працэс афармлення беларускай дзяржаўнасці, комплексна асвятліць і абгрунтаваць яе асаблівасці на розных гістарычных этапах.

Метадалагічным падмуркам асэнсавання праблемы дзяржаўнасці стала сфармуляваная калектывам вучоных Інстытута гісторыі НАН Беларусі прынцыпова новая трактоўка дэфініцыі «дзяржаўнасць» як унутранай патэнцыйнай здольнасці этнанацыянальнай супольнасці і яе эліты, якая забяспечвае права і магчымасць працяглага самастойнага гістарычнага існавання і развіцця. Гэтая трактоўка лягла ў аснову арыгінальнай навуковай канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая грунтуецца на пераемнасці першых і наступных старажытных паселішчаў, а таксама гістарычных этнічных і поліэтнічных утварэнняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з найноўшымі перыядамі і структурнымі ўтварэннямі беларускай дзяржаўнасці. Яе гістарычныя формы належаць не толькі беларускаму, але і іншым народам, бо з’яўляліся поліэтнічнымі ўтварэннямі.

Напрацоўкі айчынных навукоўцаў абагульнены ў фундаментальнай пяцітомнай працы «История белорусской государственности» (на фота – калектыў аўтараў выдання), чатыры тамы якой ужо апублікаваны. Яе структура падпарадкавана агульнай мэце – раскрыць працэс зараджэння і развіцця беларускай дзяржаўнасці, вылучыць і ахарактарызаваць асноўныя яго этапы, прасачыць гістарычную пераемнасць традыцый дзяржаўнасці ад вытокаў і да цяперашняга часу, устанавіць заканамернасці ў рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці як у гістарычных, так і ў нацыянальных формах. Цэнтральныя задачы – даследаванне працэсу фарміравання беларускага этнасу, вызначэнне яго месца і ролі ў дзяржаўных утварэннях, у складзе якіх знаходзіліся беларускія землі да афармлення ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасці, выяўленне ўплыву (як пазітыўнага, так і негатыўнага) гэтых дзяржаўна-палітычных утварэнняў на развіццё беларускай дзяржаўнасці. Адпаведна, кожны том прысвечаны аналізу гісторыі беларускай дзяржаўнасці на тым ці іншым этапе яе развіцця.

Гістарычны вопыт пераканаўча сведчыць, што толькі пры дзяржаўнай незалежнасці магчыма найбольш поўна рэалізаваць асноўныя ўмовы развіцця нацыі, якая стварыла сваю дзяржаву.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі

Фота С. Дубовіка, «Навука»