16.12.2019 №50

image

Пабачыла свет навукова-папулярнае выданне «Дзіцячы атлас птушак».

У яго падрыхтоўцы ўдзельнічала вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах к.б.н. Наталля Карліонава.

«Гісторыя майго супрацоўніцтва з выдавецтвам «Мастацкая літаратура» у падрыхтоўцы дзіцячай літаратуры пачалася ў 2017 годзе. Маці аднакласніка майго сына Паліна Грынчанка працавала там рэдактарам. Яна адзначыла, што ў нашай краіне застаецца незаняты сегмент дзіцячых атласаў-энцыклапедый, і натхнілася зрабіць першае такое выданне. У ім змясцілі ў тым ліку інфармацыю пра жывёльны свет нашай краіны. Я выступіла навуковым кансультантам па гэтым раздзеле. Першы «Дзіцячы атлас Беларусі» стаў паспяховым праектам: на яго быў вялікі попыт. Пасля чаго былі надрукаваны яшчэ чатыры атласы на розныя тэмы. І год таму мне прапанавалі падрыхтаваць кнігу пра птушак, вынік чаго цяпер прэзентую», – расказала Н. Карліонава.

image

На старонках выдання змяшчаюцца цікавыя звесткі пра паходжанне птушак, будаванне гнёздаў, адлёт у вырай, кальцаванне, міграцыю. Прадстаўлены як чырвонакніжнікі, так і агульна­распаўсюджаныя віды. Першапачаткова былі адабраны птушкі, якія гняздуюцца ў канкрэтнай вобласці. Затым віды, якія не з’яўляюцца рэдкімі: іх аўтар размеркавала па розных абласцях. «Разлічана на тое, каб дзеці пабачылі на старонках кнігі не толькі птушак з Чырвонай кнігі, але і тых, якіх яны могуць сустрэць на вуліцы ці ў парку», – распавяла Н. Карліонава.

Для самых маленькіх на апошніх старонках змясцілі прыказкі і прымаўкі, загадкі. Ёсць у кнізе і невялікі слоўнічак, а таксама спасылкі на карысныя рэсурсы з дадатковай інфармацыяй.

Навуковыя дадзеныя Н. Карліонавай дапамагла адаптаваць пад дзіцячы фармат П. Грынчанка. Мову выдання наўмысна выбралі беларускую, бо менавіта такіх выданняў зараз не хапае.

Валянціна ЛЯСНОВА, «Навука»