23.09.2019/№ 38

image

Выдавецкі дом «Беларуская навука» прапануе чытачам тры тамы літаратурнай спадчыны Яўгеніі Янішчыц.

Праз які час будзе завершана чатырохтомнае выданне, укладальнікамі якога з’яўляюцца С. Калядка і Т. Аўсяннікава.

Укладальнікі прызнаюцца, што свядома пайшлі на эксперымент: вырашылі «стварыць універсальнае выданне, якое выходзіць за межы звычайнай кампазіцыі Збору твораў і забяспечвае чытача рознай інфармацыяй пра Яўгенію Янішчыц». Абазначаны тры накірункі, у рэчышчы якіх ажыццяўляецца праект выдання: творы, жыццяпіс, каментарыі. Важна было не проста сабраць і сістэматызавана выкласці творчую спадчыну, а сфарміраваць у чытача ўяўленне пра аўтара як чалавека і творцу, якому выпаў Божы дар штодзённа быць запрыгоненай святлом паэтычнага слова, якім так шчыра слугавала яна, дачка Палесся, свайму бласлаўлёнаму краю.

Непасрэднаму ўкладанню паэтычнай спадчыны папярэднічае артыкул «Жыццё маё – загадкавы палёт…», напісаны С. Калядкай. У ім цікавыя звесткі пра дарагія сэрцу паэтэсы мясціны, пра родных, суседзяў, землякоў. Згадваецца многае з таго, што фарміравала яе прыродны талент, з чым звязаны выток жыццёвай дарогі і паэтычная наканаванасць. Праводзячы сучаснага чытача шляхам лірычных кніг Я. Янішчыц, С. Калядка прыгадвае розныя, часам рэзка палярныя, ацэнкі крытыкамі зборнікаў «Дзень вечаровы», «Ясельда» (Р. Бярозкін, У. Калеснік, Р. Семашкевіч і інш.). Факталагічна-даследчыцкая база артыкула – звесткі з жыцця Янішчыц-школьніцы, студэнткі, рэаліі сямейнага разладу і складанасці творчага быцця, фотакопіі дакументаў, фотаздымкі – гэта той грунт, на аснове якога фарміруецца настроенасць чытача на хвалю асабістага разумення непаўторнасці таленту пісьменніцы і яе высокага «сенакоснага слова».

З навуковай скрупулёзнасцю, што звычайна характарызуе акадэмічны збор твораў, у першыя два тамы ўкладзены творы шасці прыжыццёвых зборнікаў Я. Янішчыц, а таксама вершы, паэмы, што друкаваліся ў перыёдыцы, у «Днях паэзіі», або ўваходзілі ў падрыхтаваную паэтэсай кнігу «Выбранага». Карысным для навукоўцаў з’яўляецца фіксацыя змен у лексіка-паэтычным змесце твора, яго страфічнай фактуры, калі прыводзяцца варыянты публікацый верша ў розных выданнях.

Нямала ўвагі адвялі ўкладальнікі стварэнню гісторыі апублікавання кожнага твора пісьменніцы. Каштоўнымі з’яўляюцца і звесткі пра шматлікіх прататыпаў мастацкіх вобразаў Я. Янішчыц. Не абмінаюцца каментарыем кожнае імя або паэтычны радок іншага аўтара, якія арганічна ўплецены ў мастацкую сістэму арыгінальнага твора пісьменніцы або выкарыстоўваюцца ў якасці эпіграфа.

Яшчэ адной цікавай старонкай творчай біяграфіі паэткі з’яўляецца яе спроба рэалізавацца ў празаічнай сферы. У другім томе прадстаўлена крыху больш за дваццаць апавяданняў. Некалькі з іх укладальнікі ўвялі ў сучасны ўжытак паводле чарнавых варыянтаў і машынапісу апавяданняў. Мяркуючы па ўсім, магло б здарыцца так, што ў асобе Я. Янішчыц мы мелі б сёння і цікавага раманіста.

Тамара НУЖДЗІНА