29.07.2019/№ 30

image

У Выдавецкім доме «Беларуская навука» нядаўна выйшаў альбом «Беларускі іканапіс ХVІ – першай паловы ХХ ст.»

У альбоме прадстаўлена 280 абразоў з калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Некаторыя пададзены і з асобнымі фрагментамі, таму надрукавана 342 ілюстрацыі. Усяго ў музейным зборы – больш за 700 абразоў. Ён – адзін з самых вялікіх у Беларусі.

image

Пачынаецца альбом з твораў XVI ст., ад якога захаваліся адзінкавыя помнікі; XVII–XVIII стагоддзі – час існавання беларускай іканапіснай школы. Твораў XIX ст. у калекцыі большая частка, таму ў альбоме адлюстраваны ўсе плыні: і творы прафесійных жывапісцаў, і майстроў, якія працягвалі папярэднюю традыцыю, і хатнія абразы (дарэчы, яны ўпершыню надрукаваны ў такога кшталту альбоме).

Аўтар альбома, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Галіна Флікоп-Світа праз вывучэнне іканапіснай традыцыі адкрывае новыя аспекты гісторыі культуры беларускага народа. Яе плённая праца не засталася незаўважанай – маладая вучоная ўвайшла ў «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

– Як сталася, што вы пачалі даследаваць беларускую іканапісную традыцыю?

– Мой выбар не звязаны з рэлігійнымі поглядамі. Тэму дыпломнай работы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў параіў мой навуковы кіраўнік Уладзімір Іванавіч Рынкевіч. Яна прысвечана ўплыву гравюр на іншыя віды выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва. Тэма даволі шырокая, але тады я вылучыла адно з пытанняў, якое для мяне падалося найбольш цікавым, – уплыў гравюр на іканапіс.

Гравюры – творы тыражнай графікі. На нашых землях яны з’явіліся з часоў кнігадрукавання і спачатку былі на рэлігійную тэматыку. Мастакі-іканапісцы ў тыя часы імі карысталіся ў якасці крыніц для напісання абразоў. У магістратуры я даследавала дадзены культурны аспект. А мая кандыдацкая дысертацыя была пры­свечана непасрэдна іканапісу.

– У якасці аб’екта даследавання вы абралі менавіта ўніяцкія іконы…

– Беларуская іканапісная традыцыя склалася на пачатак XVII ст. і праіснавала недзе да пачатку XIX ст. Гэта час панавання на нашых землях уніяцтва.

Пасля XIX ст. пад уплывам розных фактараў мясцовая школа згасае. Адзін з іх – адкрыццё прафесійных мастацкіх навучальных устаноў. І з таго часу выконвалі царкоўныя заказы прафесійныя мастакі, якія пераязджалі з храма ў храм. Другі – палітычны: скасаванне уніі.

– Як праходзіла даследаванне і што новага атрымалася выявіць?

– Праводзіўся візуальны аналіз абразоў, але найбольш цікавай для мяне часткай стала праца ў архівах: пошук звестак пра гісторыю помнікаў, дадзеных пра майстроў, якія стваралі абразы, іканастасы і рэтаблі (заалтарныя карціны).

З цікавых знаходак – існаванне на нашых землях абразоў на шкле. Справа ў тым, што яны былі характэрны для Цэнтральнай Еўропы. Падчас даследавання стала вядома пра пяць абразоў, якія захаваліся да нашых дзён: два напрыканцы 2018 года былі набыты Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, адзін знайшоўся ў Вілейскім раённым краязнаўчым музеі і два – у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Гэта хатнія абразы, якія можна датаваць пачаткам, а то і нават 20–30-мі гадамі ХХ ст.

image

З архіўных крыніц я даведалася, што ва ўніяцкіх цэрквах з сярэдзіны ХVІІІ ст. часам сустракаліся падобныя творы мастацтва. Але, на жаль, яны не захаваліся.

Мне таксама ўдалося высветліць шмат імёнаў іканапісцаў. Часам яны трапляюцца ў подпісах на саміх творах або ў гістарычных дакументах. Але найбольш каштоўна, калі пасля атрымліваецца знайсці звесткі пра гэтых асобаў па архіўных крыніцах.

Мой гонар – знаходка пра Стэфана Пятровіча Сулкоўскага. Гэты мастак працаваў у 1830–1850 гг., паходзіў з сям’і ўніяцкага святара, у якога, дарэчы, і навучаўся іканапісу: вядома, што бацька ўмеў пісаць абразы. З дакументаў вынікае і хто яго дзеці, якія заказы па напісанні ікон ён выконваў, але пакуль не знайшла ніводнага яго твора. Між тым, адшукаліся звесткі пра больш за 20 заказаў па напісанні ім абразоў для іканастасаў у Мінскай епархіі.

Яшчэ адна каштоўная знаходка тычыцца іканастаса, які знаходзіцца ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра. Я даведалася, хто зрабіў іканастас – разьбяр Ян Радванскі, а галоўнае, калі – у 1676 годзе. Значыць, у хуткім часе адбылося асвячэнне храма – а дата асвячэння да цяперашняга часу была не вядомай. На Беларусі гэта адзін з самых старажытных іканастасаў, які захаваўся да нашага часу. – Над чым збіраецеся працаваць далей? – Працую над доктарскай і манаграфіяй. Зараз завяршаем праект, дзе я выступаю кіраўніком, – па вывучэнні ўніяцкіх цудадзейных абразоў. Пра далёкія планы казаць не хачу – лепш буду здзіўляць вынікам.

Гутарыла Валянціна ЛЯСНОВА

Фота аўтара, «Навука»

Флікоп-Світа, Г. А. Беларускі іканапіс ХVІ – першай паловы ХХ ст.: альбом / Г. А. Флікоп-Світа; навук. рэд. Б. А. Лазука. – Мінск: Беларуская навука, 2019. – 365 с.: іл.

ISBN 978-985-08-2437-0.

Набыць выданне можна ў краме "Акадэмкніга" (Мінск, пр-т Незалежнасці, 72) альбо ў выдавецтве (Мінск, вул. Ф. Скарыны, 40, (+375 17) 268-64-17, 369-83-27, 267-03-74).