15.07.2019/№ 28

image

Беларускія навукоўцы прынялі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі па праблемах захавання моў.

У Якуцку з 30 чэрвеня па 5 ліпеня ў рамках праграмы ЮНЕСКА «Інфармацыя для ўсіх» пры падтрымцы Урада Рэспублікі Саха (Якуція) прайшла Міжнародная канферэнцыя «Захаванне моў народаў свету і развіццё моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы: кантэкст, палітыка, практыка».

Тэму дыктуе сучаснасць

Выбар месца правядзення канферэнцыі невыпадковы: Якуція з’яўляецца ўнікальным рэгіёнам у свеце, на яе тэрыторыі пражывае больш за 120 нацыянальнасцей, у рэспубліцы вядзецца работа па захаванні, падтрымцы і развіцці моў, у тым ліку карэнных малалікіх народаў Поўначы, дзей­нічаюць рэгіянальныя законы аб статусе родных моў, аб качавых школах, якуцяне свабодна валодаюць дзвюма і больш мовамі.

image

У рабоце форуму прынялі ўдзел каля 200 чалавек з 63 краін свету. Гэта грамадскія дзеячы, палітыкі, дыпламаты, этналінгвісты, сацыялінгвісты, этнапалітолагі, этнасацыёлагі, антра­полагі, філосафы, эксперты ў галіне фарміравання і аналізу нацыянальнай і моўнай палітыкі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, навукі, культуры.

Падчас канферэнцыі прайшлі два пленарныя пасяджэнні і восем тэматычных секцый: моўная палітыка і глабалізацыя; мовы ў адукацыі; развіццё моўных рэсурсаў; шматмоўе ў Расійскай Федэрацыі; мовы і камунікацыя: філасофскія і гістарычныя аспекты; цыркумпалярныя мовы Расіі; грамадскія рухі і моўная палітыка; мовы і медыа.

Асноўнай мэтай канферэнцыі было прыцягненне ўвагі чалавецтва да пагрозы знікнення многіх моў свету, садзейнічанне актыўнаму функцыянаванню ў лічбавай прасторы мінарытарных моў у розных краінах свету, павелічэнне адукацыйнага і інфармацыйнага кантэнту. Удзельнікі форуму ставілі пытанне аб неабходнасці шырокага выкарыстання сучасных тэхналогій з мэтай распазнавання сінтэзу маўлення і выкарыстання электроннага перакладу. Была ўзнята праблема моўнай палітыкі ў галіне адукацыі, культуры, навукі, СМІ, афіцыйнай сферы, бізнесу, турызму, паўсядзённага жыцця. Эксперты далі ацэнку рэальнаму становішчу моў у розных краінах планеты, падзяліліся станоўчым вопытам па захаванні моў у рэальным жыццці і кіберпрасторы.

Наш погляд

Рэспубліку Беларусь на форуме прадстаўлялі першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец і аўтар гэтых радкоў.

А. Лукашанец выступіў з дакладам «Нацыянальныя мовы ў сучаснай інфармацыйнай прасторы: сацыялін­гвістычныя і палітычныя аспекты развіцця сістэмы і функцыянавання (беларускі вопыт)». Ён звярнуў увагу на неабходнасць разгляду праблемы захавання моў і развіцця моўнай разнастайнасці ў кіберпрасторы ў кантэксце сучасных працэсаў глабалізацыі і міжнароднай інтэграцыі. Пры гэтым вучоны адзначыў, што ўмовы дзяржаўнага блізкароднаснага двухмоўя прадугледж­ваюць пэўную спецыфіку ўключэння нацыянальных моў у сучасную кіберпрастору.

У якасці асноўных умоў жыц­цяздольнасці беларускай мовы ў сучаснай інтэрнэт-прасторы А. Лукашанец назваў наяўнасць дастатковай лінгвіс­тычнай базы; праграмна-моўнага забеспячэння (нацыянальны алфавіт і нацыянальная раскладка клавіятуры, сістэма праверкі арфаграфіі, беларуская мова ў сістэме аўтаматычнага перакладу, паўнавартасны нацыянальны корпус беларускай мовы і г.д.); фарміраванне ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя беларус­камоўнага інфармацыйнага поля ў інтэрнэт-прасторы; стварэнне паўнавар­таснага нацыянальнамоўнага культурна-інфармацыйнага сегмента ў сусветнай кіберпрасторы; фарміравванне дзяржаў­най палітыкі ўваходжання нацыянальнай беларускай мовы ў міжнародную кіберпрастору; заахвочванне асабістага энтузіязму і спонсарства і г.д.

Аўтар гэтых радкоў у дакладзе «Роля інфармацыйных тэхналогій у захаванні і развіцці беларускай мовы як асноўнага фактара нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах глабалізацыі» засяродзіў увагу на праблемах функцыянавання нацыянальнай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму Беларусі, азнаёміў з палажэннямі Канцэпцыі інфар­ма­цыйнай бяспекі, датычнымі моўнага пытання, расказаў пра ступень прадстаўленасці беларускай мовы ў кіберпрасторы (па выніках навуковага даследавання венгерскага матэматыка і лінгвіста Андраша Карная, з 7776 сусветных моў беларуская мова ўваходзіць у лік 170 моў, або 2% ад усіх існуючых, жыцця­здольных у анлайне), асобна спыніўся на выніках выкарыстання ІТ у рабоце акадэмічных вучоных-мовазнаўцаў з мэтай захавання і развіцця беларускай мовы.

Па выніках работы канферэнцыі была прынята рэзалюцыя, у якой вызначана стратэгія сусветнай моўнай палітыкі па захаванні моўнай разнастайнасці.

Ігар КАПЫЛОЎ,

дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі