28.06.2019/№ 26

image

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя калектыўнай манаграфіі «Традыцыі жывёлагадоўлі Беларусі».

Кніга выйшла ў Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Аўтарам ідэі, навуковым рэдактарам выступіла вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі доктар гістарычных навук Галіна Каспяровіч.

Мэтай выдання было паказаць эвалюцыю традыцый багатай і самабытнай культуры жывёлагадоўлі Беларусі, выявіць змены ў структуры галіны, прасачыць захаванне і мадэрнізацыю традыцый па ўтрыманні і доглядзе, узнаўленні і селекцыі свойскіх жывёл. Аўтары інфарматыўных раздзелаў – Г. Каспяровіч, Л. Сівурава, А. Бабіч, Л. Марковіч, У. Каставусаў – пастараліся ахарактарызаваць светапоглядныя ўяўленні аб свойскіх жывёлах, святы, звычаі, народныя веды, звязаныя з жывёлагадоўляй. Мана­графія багата ілю­стравана.

На прэзентацыі, якую русальныя, купальскія песні ад фальклорнай групы «Guda» зрабілі вельмі пранікнёнай, адзначалася, што новая кніга – удалая спроба захаваць каштоўныя артэфакты культуры гаспадарчай дзейнасці беларусаў. У іх сканцэнтраваны вопыт, звычаі, абрады, стэрэатыпы паводзін, якія выпрацаваны цягам стагоддзяў.

Часам навуковым даследаванням такога кшталту не стае менавіта глыбокага ведання непасрэдна жыцця, тых працэсаў, якія адбываюцца ў свядомасці, побыце народа. Працаваць з падобнай плынню надзвычай складана, але ў Г. Каспяровіч і яе калег па аўтарскім калектыве гэта атрымалася.

 

image

 

«Асабіста я даследавала тэму 15 гадоў, але ўсё роўна яшчэ не ўдалося ахапіць усе пласты, інфармацыйныя патокі, – адзначыла Г. Каспяровіч. – Мы сканцэнтраваліся на традыцыях, а імі напоўнена нават структура вы­творчасці адпаведнай прадукцыі. Але традыцыі ў дадзеным выпадку – не штосьці коснае, застылае, кансер­ватыўнае. Гэта няспыннае развіццё, якое залежыць ад інавацый».

На думку аўтараў, выкарыстанне назапашанага шматадовага вопыту гаспадарання можа быць карысным для забеспячэння харчовай бяспекі краіны, удасканалення работы ў аграрных рэгіёнах, сельскага прадпрымальніцтва. На павестцы дня і актуальны напрамак развіцця арганічнай жывёлагадоўлі, у цэлым – адраджэнне ўтрымання жывёлы ў падсобных гаспадарках сучасных беларускіх вяскоўцаў.

«Плённымі былі нашы апытанні ўдзельнікаў традыцыйнай выставы «Белагра» – пераканаліся, што ў сучасную жывёлагадоўлю Беларусі імкліва прыходзяць новыя тэхналогіі. Яны робяць працу людзей больш лёгкай, аўтаматызаванай, але ёсць пакуль і праблемы, якія трэба вырашаць для яшчэ больш эфектыўнага функцыянавання галіны», – падсумавала Г. Каспяровіч.