27.05.2019/№21

image

На мінулым тыдні супрацоўнікі Музея старажытнабеларускай культуры адзначылі 40-годдзе ўстановы.

Афіцыйнае адкрыццё экспа­зіцыі прыпадае на 15 мая 1979 года. У яе аснову былі пакладзены калекцыі, экспанаты якіх назапашваліся і выратоўваліся падчас навуковых экспедыцый па Беларусі акадэмічных этнографаў і мастацтвазнаўцаў.

«Спачатку экспанаты знаходзіліся ў памяшканнях Прэзіды­ума АН БССР, якія зусім для гэтага не прызначаліся, – распавядае дырэктар музея Барыс Лазука. – Ды і тэматыка будучай экспазіцыі ў часы СССР далёка не ўсіх задавальняла. Адчувалася ад­моўнае стаўленне з боку партыйнага кіраўніцтва да савецкіх вучоных, якія быццам бы не павінны скіроўваць свае намаганні на апрацоўку скарбаў беларускага хрысціянскага мастацтва. Але на дапамогу лірыкам прыйшлі фізікі і ўвогуле прад­стаўнікі дакладных навук, якія прапанавалі свае паслугі ў агульнай справе захавання культурных здабыткаў. Праходзілі аматарскія семінары, удзельнікі якіх нават у выхадныя ладзілі па­ездкі ў рэ­гіёны Бела­русі. Аса­блівую ўвагу наву­коўцы надавалі абразам. Частка з іх перайшла нават у Нацы­я­нальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

image

Яшчэ адной значнай падзеяй стала стварэнне шматтомнага зводу помнікаў культурнай спадчыны, які планавалася сабраць па ўсяму СССР. Але сваю частку сумленна выка­налі толькі беларусы. Падымаліся велізарныя пласты архіўных дадзеных, паездкі і збор матэрыялаў адбываліся на планавай аснове.

З цягам часу музей атрымаў сучасную тэрыторыю, быў створаны аддзел старажытнабеларускай культуры, які ўзначаліла Вольга Васільеўна Церашчатава. Цяпер экспазіцыя складаецца з трох асноўных залаў, дзе прадстаўлены 14 калекцый, якія агулам налі­чваюць каля 30 тыс. адзінак за­хоў­вання асноўнага, навукова-дапаможнага і эксперыментальна-рэстаўрацыйнага фондаў.

На пачатку 2000-х прыйшла і ацэнка значнасці, выключнасці музея – ён атрымаў статус нацыянальнага культурнага здабытку (яго маюць толькі 13 беларускіх калекцый). А зараз ідзе сур’ёзная размова пра рэканструкцыю памяшкання (на гэта, дарэчы, ужо вылучаны немалыя грошы), наданне афіцыйнага музейнага статусу.

Разынка святкавання – выстава, на якой упершыню прадстаў­лены творы мастацкага металу з фондаў музея – абклады да абразоў, царкоўныя рэчы і побытавыя прадметы XVІІІ – пачатку ХХ стагоддзя, – а таксама іконы Маці Божая «Замілаванне», Маці Божая «Чэнстахоўская», «Тайная вячэра» і інш. Прывабліваюць погляд шыкоўныя паціры, пад­свечнікі, кубкі…

З экспазіцыяй азнаёміліся госці ўрачыстасцей, сярод якіх – акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, дырэктар Цэнтра даследа­ванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і навукоўцы.

«Я шчыра ўпэўнены ў тым, што сёння ў музеі сабраліся людзі, апантаныя працай захавання нашай культурнай спадчыны. Ад гэтай апантанасці залежыць поспех нашай справы, – адзначыў А. Каваленя. – У фондах музея назапашаны каштоўныя артэфакты, у тым ліку велізарныя тэкставыя і фотаархівы. Працы па іх асэнсаванні хопіць многім пакаленням навукоўцаў. Музей – гэта сапраў­дная кры­ніца натхнення для маста­цтвазнаўцаў. Трэба не баяцца, не саромецца дэманстраваць яго ба­гацці. Варта зра­біць музей цэнт­рам рэстаў­рацыйнай працы мастацкіх шэдэўраў у нашай краіне, каб да нас прыязджалі за вопытам калегі са ўсяго свету».

Сёння вельмі прыемна бачыць у музеі школьнікаў і студэнтаў, якія не толькі цікавяцца гісторыяй маста­цтва, але і робяць свой невялічкі ўнёсак у справу збірання і заха­вання помнікаў культуры. А калі так, варта казаць пра тэндэнцыю перадачы творчай эстафеты ад сталых да маладых, пра тое, што музейная справа будзе праця­гвацца.

Сяргей ДУБОВІК

Фота аўтара, «Навука»