08.04.2019/№15

image

Як захаваць прыроднае багацце нашай краіны і пры тым не страціць народную культуру выкарыстання раслін?

Гэтыя пытанні абмяркоўвалі на семінары «Чалавек і прырода: лакальныя веды аб раслінах у традыцыйнай культуры беларусаў».

Прававыя механізмы

Мерапрыемства праводзілася ў межах аднаго з кампанентаў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыйнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойскага пратакола ў Рэспубліцы Беларусь». Дадзены праект фінансуецца Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ). Інстытут гене­тыкі і цы­талогіі НАН Беларусі адказвае за яго выкананне ў нашай краіне. Зразумець культурны аспект гэтага пытання дапамагае Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

image

«Нагойскі пратакол ставіць мэтай забяспечыць сумеснае выкарыстанне на справядлівай і роўнай аснове выгад ад прымянення генетычных рэсурсаў, да якіх адносіцца любы матэрыял расліннага, жывёльнага, мікробнага ці іншага паходжання, які ўяўляе фактычную або патэнцыйную каш­тоўнасць. Гэта – расліны, жывёлы, штамы мікраарганізмаў, калекцыі гатункаў і насення, сельскагаспадарчых культур і г.д.», – распавяла нацыянальны каардынатар выканання Нагойскага пратакола ў Беларусі Алена Макеева.

Праект дапаможа пра­аналізаваць беларускае заканадаўства ў галіне захавання генетычных рэсурсаў і распрацаваць механізмы, якія дапамогуць забяспечыць да іх доступ. Гэта першы крок у фарміраванні рынка генетычных рэсурсаў у краіне.

Падчас семінара фалькларысты, генетыкі, юрысты і носьбіты традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі, абмеркавалі магчымыя нацыянальныя механізмы абароны правоў носьбітаў традыцыйных ведаў.

Традыцыі і сучаснасць

image

Беларускія традыцыі выкарыстання лекавых зёлак вывучае загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літара­туры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. «Раней мы збіралі дадзеныя веды выключна як частку духоўнай культуры: павер’і, абрады, звычаі, каляндарныя святы, звязаныя з раслінамі. Калі ж уключыліся ў праект, сталі больш пільна звяртаць увагу на тое, наколькі яны карысныя. Зараз у Выда­вецкім доме «Беларуская навука» рыхтуецца да друку кніга «Расліны ў сістэме традыцыйных ведаў беларусаў», – расказала Т. Валодзіна.

Як адзначыла навукоўца, самыя першыя звесткі выкарыстання раслін і лекавых зёлак дайшлі да нашых часоў са старых лячэбнікаў. Ужо нават у тыя часы пісары, якія перакладалі іх з лацінскай мовы, на палях, а то і ў самім тэксце рука­пісаў пакідалі звесткі пра выкарыстанне раслін і сродкаў жывёльнага паходжання менавіта мясцовай флоры і фауны. «Але найпершая наша крыніца – носьбіты традыцыйных ве­даў. Гэта людзі, якія і сёння жывуць пераважна ў вёсках, невялікіх гарадах, нават у Мінску, і якія гэтымі ведамі не толькі валодаюць, але і карыстаюцца», – адзначыла Т. Валодзіна.

Яна таксама дадала, што традыцыйныя веды не аб­мя­жоўваліся толькі бія­лагічнымі асаблівас­цямі той ці іншай расліны, акцэнт робіцца менавіта на яе сімвалічным статусе, міфа-паэтычным кан­тэксце.

«Асаблівасць светапогляду сучасных народных лекараў – абсалютная перакананасць у «боскім» характары іх дзейнасці, якая не выступае як апазіцыйная ні да царкоўна-рэлігійных практык, ні да прыёмаў афіцыйнай медыцыны, але дапаўняе іх», – падкрэсліла фалькларыст.

На тэрыторыі Беларусі гэтыя традыцыйныя веды актыўна выкарыстоўваюцца і сёння. Таму ў мерапры­емстве прынялі ўдзел траў­нікі-практыкі з розных рэгі­ёнаў. Яны распавялі пра ўласны вопыт выкарыстання раслін у сваім жыцці, пра шлях атрымання гэтых ведаў. У мэтах выканання згаданага праекта – па магчымасці сабраць, занатаваць для нашчадкаў гэтыя веды і ў вялікай ступені выхаваць павагу да людзей, якія імі валодаюць.

Удзельнікі таксама пра­дэгуставалі гарбату з травяных збораў ды паглядзелі фільмы пра традыцыйныя веды, у тым ліку з палявых экспедыцый.

Валянціна ЛЯСНОВА

Фота аўтара, «Навука»