04.02.2019/№6

image

У выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла з друку другая кніга пяцітомнага выдання «История белорусской государственности».

Другі том называецца «Белорусская государственность в период Российской империи (конец XVIII – начало XX в.)». Манаграфія створана намаганнямі вялікага аўтарскага калектыву з супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, а таксама айчынных вышэйшых навучальных устаноў. Адказнымі рэдактарамі тома выступілі М.У. Смяховіч, А.У. Унучак, А.М. Філатава.

Аўтарскі калектыў другога тома абапіраўся на шырокі корпус крыніц і навуковай літаратуры і прадставіў увазе чытача цэласную карціну гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст.

image

Праблема гісторыі беларускай дзяржаўнасці разгледжана па трох асноўных тэматычных блоках: дзяржаўна-прававы статус беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі; нацыянальнае развіццё і нацыянальная палітыка; ідэя беларускай дзяржаўнасці і нацыянальны рух.

Аўтары імкнуліся ўсебакова і аб'ектыўна адлюстраваць працэс афармлення дзяржаўна-прававога статусу беларускіх зямель, паказаць склад, функцыі, спецыфіку дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання.

У раздзеле, прысвечаным нацыянальнаму развіццю і нацыянальнай палітыцы, ахарактарызаваны этнічная тэрыторыя, сацыяльны і этнаканфесійны склад насельніцтва тагачаснай Беларусі Падрабязна прааналізавана нацыянальная палітыка ўрада Расійскай імперыі ў пачатку XX ст. Асаблівае значэнне мае разгляд такога ключавога пытання, як фарміраванне беларускай нацыі.

image

Вялікі раздзел манаграфіі прысвечаны зараджэнню беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэі і беларускага нацыянальнага руху. Аўтарскім калектывам другога тома ахарактарызаваны практычна ўсе праекты, якія тычыліся адраджэння ВКЛ у першай палове XIX ст., разгледжаны станаўленне і развіццё беларускіх палітычных партый і арганізацый у другой палове XIX – пачатку XX ст. Аўтары даюць разгорнуты аналіз тактычных крокаў і стратэгічных намаганняў кіраўніцтва палітычных партый і арганізацый па рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці. Завяршае том даследаванне гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў перыяд Першай сусветнай вайны.

У кнізе маецца багаты ілюстрацыйны і картаграфічны матэрыял, геаграфічны і імянны паказальнікі. Хаця выданне разлічана перш за ўсё на прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў і сярэдніх школ, студэнцкую, вучнёўскую моладзь, кніга можа таксама прадстаўляць цікавасць і больш шырокаму колу чытачоў.

Наталля НОВІК,

старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі