21.01.2019/№4

image

У выдавецтве "Беларуская навука" выйшла чарговая кніга серыі «Беларускі кнігазбор».

На працягу больш за два дзесяцігоддзі ў серыі «Беларускі кнігазбор» (заснавана ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі) друкуюцца літаратурныя і гістарычныя творы, якія складаюць скарбніцу нацыянальнай навукі і культуры. У дзевяностую гадавіну з моманту ўтварэння Беларускай акадэміі навук (БАН) укладальнік Ганна Запартыка і навуковы рэдактар Іван Саверчанка вяртаюць чытачам частку інтэлектуальнай спадчыны Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага – першага прэзідэнта БАН і дырэктара Інстытута гісторыі.

Упершыню з 1930 года ў выданні друкуецца праца «1863 год на Беларусі». У свой час яна стала першым у нашай краіне фундаментальным навуковым даследаваннем паўстання 1863 года, заснаваным на шырокім коле дакументальных крыніц і нацыянальнай канцэпцыі гісторыі. Лаканічнымі характарыстыкамі дзеючых асоб і дакладнай рэканструкцыяй асноўных падзей гісторык намаляваў старкатую карціну сутыкнення інтарэсаў, ідэалаў і груповак, што далі жыццё найбуйнейшым узрушанням на беларускіх землях у другой палове ХІХ стагоддзя. Менавіта імкенне аўтара да аб’ектыўнага выкладання падзей (што, дарэчы, бачылі і крытыкавалі за адступленне ад марксісцкіх ідэй яшчэ яго сучаснікі) робіць прапанаваныя ім высновы трапнымі і актуальнымі і на сённяшні час.

image

Гісторыя Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі выкладалася У. Ігнатоўскім у БДУ. Курс лекцый пад назвай «Гісторыя Беларусі ў ХIХ – пачатку ХХ ст.», які некалькі разоў пера­выдаваўся ў 1920-я гады, невялікі па памерах, аднак цэльны па светапогляду і аўтарскіх падыходах. «Беларусь, як і заўсёды пры імперыялістычных войнах За­-хаду і Усходу, зрабілася арэнаю барацьбы», – так вучоны распа­чаў артыкул аб ваеннай кампаніі 1812 года. Асабліва каштоўным у курсе падаецца аўтарскі падыход, які найлепш ілюструе ролю асобы ў гісторыі. Расійскія вучоныя-этнографы, якія ўпершыню праявілі цікавасць да нявывучаных беларускіх тэрыторый; адметныя постаці беларускага пісьменства і нашаніўскага адраджэнства паўста­юць жыва і вобразна, выдаючы персанальнае стаўленне і летуценні самога лектара.

«Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У. Ігнатоўскага для многіх беларускіх гісторыкаў, у тым ліку і для аўтара гэтых рад­коў, вызначыў шлях да нацыянальнага разумення беларускай гісторыі. Магчыма згадзіцца са сцвярджэннем аб тым, што перыядызацыя гісторыі Бела­русі У. Ігнатоўскага, якая складалася з пяці перыядаў, пра­цягвала выкарыстоўвацца і за часамі Савецкага Саюза. І гэта нягледзячы на забарону «Нарыса» за тлумачэнне паасобных гістарычных падзей палітыка-дзяржаўнымі і палітыка-нацыянальнымі чыннікамі.

Уважлівае стаўленне ўкладальніка зборніка адчуваецца ў падборцы нешматлікіх, але вельмі цікавых архіўных дакументаў. На апошніх старонках кнігі яны пагружаюць чытача ў кантэкст, дазваляючы самастойна ўвязаць лёс таленавітага даследчыка і арганізатара навукі з тымі ацэнкамі, якія атрымаў ён ад сучаснікаў, і дадаць да ўласнага ўражання аб выдатным беларускім навукоўцы.

Марына ГЛЕБ,

загадчык Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі

пры Інстытуце гісторыі, кандыдат гістарычных навук