14.01.2019/№3
У Выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў першы том калектыўнай манаграфіі «История белорусской государственности».
Праца падрыхтавана пад навуковай рэдакцыяй члена-карэспандэнта А. Кавалені. Даследаванне з’яўляецца ўнікальным у беларускай гістарыяграфіі. У кнізе ўпершыню прааналізаваны працэсы засялення тэрыторыі Беларусі, фарміравання першых протадзяржаўных утварэнняў (племянных княжанняў), разгледжаны першыя гістарычныя формы беларускай дзяржаўнасці (Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая). На глыбокім крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку паказаны асаблівасці становішча беларускіх зямель ад старажытнасці да канца XVIII ст.
Адзначана роля Полацкага княства (зямлі) як вытоку беларускай дзяржаўнасці. Упершыню з нацыянальнага пункту гледжання прааналізаваны перадумовы, асноўныя тэндэнцыі і шляхі афармлення ВКЛ як поліэтнічнай дзяржавы, паказана вызначальная роля беларускага этнасу ў дзяржавабудаўнічых працэсах на ўсходнеславянскіх землях у сярэдзіне XІІI–XVI стст.
У працы паказаны дзяржаўны лад і арганізацыя сістэмы кіравання, прававая сістэма, вайсковая структура і арганізацыя абароны ВКЛ. Спецыяльныя параграфы прысвечаны змаганню эліты ВКЛ за дзяржаўны суверэнітэт у канцы XIV – сярэдзіне XVI ст., а таксама пасля Люблінскай уніі 1569 г., калі ўтварылася новая дзяржава Рэч Паспалітая.
Асветлены пытанні культурнага і канфесійнага жыцця ў Беларусі ў XVI –XVIII стст., афармленне і развіццё дзяржаўнай і прыватнаўласніцкай сімволікі, паказана саслоўная і сацыяльная арганізацыя грамадства. Адзначаны адмоўны ўплыў на дзяржавабудаўнічыя працэсы сацыяльна-эканамічнага і культурнага крызісу, звязанага з ваеннымі падзеямі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVІІ – пачатку XVIII ст. Зроблена выснова, што беларуская дзяржаўнасць развівалася ва ўмовах полікультурнасці і поліканфесійнасці.
Упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі разгледжана палітыка кіруючых колаў ВКЛ па стабілізацыі сістэмы дзяржаўнай улады і ўмацаванні эканамічнай самастойнасці ВКЛ у другой палове XVIII ст.
Калектыўная манаграфія шырока ілюстравана, уключае шэраг арыгінальных, створаных спецыяльна для гэтага выдання гістарычных карт. У працы змешчаны імянны і геаграфічны паказальнікі.
Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў: прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, студэнтаў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Айчыны.
Валянцін ГОЛУБЕЎ,
Інстытут гісторыі НАН Беларусі