14.01.2019/№3

image

У Выдавецтве «Беларуская навука» выйшаў першы том калектыўнай манаграфіі «История белорусской государственности».

Праца падрыхтавана пад навуковай рэдакцыяй члена-карэспан­дэнта А. Кавалені. Даследаванне з’яўляецца ўнікальным у беларускай гістарыяграфіі. У кнізе ўпершыню праана­лізаваны працэсы засялення тэрыторыі Беларусі, фарміравання першых протадзяржаўных утварэнняў (племянных княжанняў), разгледжаны першыя гіста­рычныя формы беларускай дзяржаўнасці (Полацкае і Тураўскае княствы, Кіеўская Русь, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая). На глыбокім крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку паказаны асаблівасці становішча беларускіх зямель ад старажытнасці да канца XVIII ст.

Адзначана роля Полацкага княства (зямлі) як вытоку беларускай дзяржаўнасці. Упершыню з нацыянальнага пункту гле­джання пра­ана­лізаваны перадумовы, асноўныя тэн­дэнцыі і шляхі афармлення ВКЛ як поліэтнічнай дзяржавы, паказана вызначальная роля беларускага этнасу ў дзяржавабудаўнічых працэсах на ўсходне­славянскіх землях у сярэдзіне XІІI–XVI стст.

image

У працы паказаны дзяржаўны лад і арганізацыя сістэмы кіравання, прававая сістэма, вайсковая структура і арганізацыя абароны ВКЛ. Спецыяльныя параграфы прысвечаны змаганню эліты ВКЛ за дзяржаўны суверэнітэт у канцы XIV – сярэдзіне XVI ст., а таксама пасля Люблінскай уніі 1569 г., калі ўтварылася новая дзяржава Рэч Паспалітая.

Асветлены пытанні культурнага і канфесійнага жыцця ў Беларусі ў XVI –XVIII стст., афармленне і развіццё дзяр­жаўнай і прыватнаўласніцкай сімволікі, паказана саслоўная і сацыяльная арга­нізацыя грамадства. Адзначаны адмоўны ўплыў на дзяржавабудаўнічыя працэсы сацыяльна-эканамічнага і культурнага крызісу, звязанага з ваеннымі падзеямі на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XVІІ – пачатку XVIII ст. Зроблена вы­снова, што беларуская дзяржаўнасць развівалася ва ўмовах полікультурнасці і поліканфесійнасці.

Упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі разгледжана палітыка кіруючых колаў ВКЛ па стабілізацыі сістэмы дзяржаўнай улады і ўмацаванні эканамічнай самасто­й­насці ВКЛ у другой палове XVIII ст.

Калектыўная манаграфія шырока ілю­стравана, уключае шэраг арыгінальных, створаных спецыяльна для гэтага выдання гістарычных карт. У працы змешчаны імянны і геаграфічны паказальнікі.

Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў: прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, студэнтаў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй сваёй Айчыны.

Валянцін ГОЛУБЕЎ,

Інстытут гісторыі НАН Беларусі